ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Серада, 1 снежня 2021
Мінск -4°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
15 кастрычніка 2021, 13:21

Лукашэнка аб стварэнні СНД: у крытычнай сітуацыі стварэнне інтэграцыйнага "купала" было правільным рашэннем

Фота з архіва
Фота з архіва

15 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што стварэнне Садружнасці Незалежных Дзяржаў пасля развалу Савецкага Саюза было правільным рашэннем. Аб гэтым ён заявіў сёння на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД, якое праводзіцца ў рэжыме відэаканферэнцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пасяджэнне з'яўляецца знакавым, паколькі праходзіць напярэдадні 30-годдзя СНД. "Існуюць розныя пункты гледжання аб спыненні існавання Савецкага Саюза, а калі дакладней, то яго прымусовага развалу. Маё адмоўнае стаўленне да гэтых падзей усім добра вядома. Але ў той крытычнай сітуацыі стварэнне такога інтэграцыйнага "купала", які ўкрыў былыя саюзныя рэспублікі ад хаосу і эканамічнага калапсу, было, хутчэй за ўсё, правільным рашэннем. За тры дзесяцігоддзі Садружнасць прайшла няпросты шлях станаўлення і стала прызнанай міжнароднай супольнасцю рэгіянальнай арганізацыяй", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт канстатаваў, што ўніверсальнасць, добраахвотнасць, раўнапраўе - асноватворныя прынцыпы, якія садзейнічалі стрымліванню многіх разбуральных працэсаў, дапамаглі стабілізацыі эканомік, захаванню гандлёвых сувязей паміж краінамі.

"Па існуючай традыцыі ў юбілейны год плануецца прыняцце адпаведнай Заявы кіраўнікоў дзяржаў Садружнасці. У прадстаўленым нам праекце падведзены вынікі 30-гадовай дзейнасці арганізацыі, вызначаны задачы па пашырэнні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, адаптацыі СНД да цяперашніх рэалій, процідзеянні сучасным выклікам і пагрозам", - адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка ва ўступным слове нагадаў: менш як тры месяцы застаецца да завяршэння Беларуссю сваёй адказнай і пачэснай місіі - старшынства ў органах Садружнасці Незалежных Дзяржаў. На працягу года беларускі бок паслядоўна рэалізуе палажэнні Канцэпцыі і мерапрыемствы Плана старшынства. "Мы адаптуем іх выкананне да новых рэалій, а таксама ўдзяляем асаблівую ўвагу ажыццяўленню ініцыятыў краін-удзельніц. Робім настолькі, наколькі гэта магчыма", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Важнае значэнне надаецца развіццю агульнай эканамічнай прасторы, пашырэнню і павышэнню эфектыўнасці ўзаемнага гандлю. Вядзецца работа па пагадненні аб свабодным гандлі паслугамі, скарачэнні да мінімуму абмежаванняў і выключэнняў з рэжыму свабоднага гандлю таварамі, а таксама па пытанні ўстаранення тэхнічных бар'ераў, уніфікацыі правіл і працэдур дзяржаўных закупак.

Асноўныя намаганні ў культурна-гуманітарнай сферы, адзначыў беларускі лідар, былі накіраваны на далейшае развіццё супрацоўніцтва і ўдасканаленне арганізацыйна-прававых асноў маладзёжнай палітыкі, культуры, навукі, адукацыі, аховы здароўя, спорту, турызму, працы і сацыяльнай абароны.

Краіны таксама прадоўжылі работу па мінімізацыі распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі і яе наступстваў.

Што датычыцца парадку дня саміту, то ён, у тым ліку, уключае такія важныя тэмы, як развіццё супрацоўніцтва ў галіне забеспячэння біялагічнай бяспекі, у сферах міграцыі, абароны выбарчых правоў грамадзян і гарантый электаральнага суверэнітэту краін СНД.

"Патрабаванням сённяшняга дня поўнасцю адпавядае абноўлены Дагавор аб процідзеянні легалізацыі (адмыванню) даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансаванню тэрарызму і распаўсюджвання зброі масавага знішчэння", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

На пашырэнне функцый і магчымасцей судовай сістэмы з улікам сучасных рэалій накіраваны праект Пагаднення аб стварэнні Савета старшынь вярхоўных (вышэйшых) судоў краін Садружнасці.

Лідарам краін таксама неабходна прыняць традыцыйнае рашэнне аб вызначэнні культурнай сталіцы Садружнасці ў 2023 годзе.

"Беларусь была і застаецца актыўным удзельнікам рэгіянальных інтэграцыйных аб'яднанняў. І сёння мы гэта яшчэ раз пацвярджаем", - падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы выказаў асаблівую ўдзячнасць Узбекістану і Казахстану, якія ў гэтым годзе выконваюць функцыі сустаршынь у Садружнасці, а таксама падзякаваў усім краінам СНД за садзейнічанне Беларусі ў выкананні функцыі старшынства. "Упэўнены, што сумеснымі намаганнямі мы да канца года выканаем намечаныя мерапрыемствы на карысць нашых краін і народаў", - сказаў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі