
28 красавіка, Веткаўскі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначае, што меў рацыю, калі насуперак сусветнаму трэнду не стаў прытрымлівацца чыста рыначных падыходаў у развіцці краіны. Адпаведныя заявы кіраўнік дзяржавы зрабіў на нарадзе з актывам Гомельскай вобласці.
"Не трэба ніякага кантролю, цэнаўтварэнне (свабоднае. - Заўвага БЕЛТА), пайшло і паехала. Наеліся. Гэта я заўсёды вас стрымліваў. Насуперак сусветнаму трэнду я вас спрабаваў стрымліваць: супакойцеся, пакіньце лепшае з савецкіх часоў, што было. Хоць я не прыхільнік савецкай сістэмы", - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўсё сваё жыццё, знаходзячыся на розных пасадах, займаўся мадэрнізацыяй тых ці іншых сістэм. Нешта выкарыстоўваў, нешта адкідаў, нават ламаў, але ствараў узамен новае.
Што датычыцца чыста рыначных прынцыпаў, Прэзідэнт упэўнены, што гэту ідэю падкідвалі звонку. "Вазьміце Японію - 500 праграм і планаў ствараюць па краіне. Гэта як мінімум - тое, што мы ведаем. Гэта значыць, у іх поўнае планаванне ў краіне. А нам кажуць: савецкае планаванне - гэта барахло, рынак усё адрэгулюе, - заўважыў кіраўнік дзяржавы. - Амерыканцы адрэгулююць. У іх ёсць, чым дзіркі закрываць. Недзе праваліліся - надрукавалі на станку. У іх унутраны дзяржаўны доўг пад 27 трыльёнаў долараў. Штампуюць, друкуюць, інфляцыя на ўвесь свет раскладваецца. Яны за кошт гэтага жывуць. Так, ім выгадны рынак. Недзе не хапае - надрукавалі, аддалі".
"Я тады яшчэ, з моманту сустрэчы з Сорасам зразумеў, што так рабіць нельга. А калі і рабіць, то трэба ціха, спакойна, гадамі, дзесяцігоддзямі гэта рабіць. Нельга гэта рабіць імгненна. А нас штурхалі, штурхалі… Калі нешта не зрабіў - нярыначная эканоміка. А нярыначная эканоміка ў краіне - гэта знешняе крэдытаванне дорага, яшчэ нешта. І з вамі размаўляць не хочуць. Але я і гэта, сціснуўшы зубы, перанёс", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.-0-