
31 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі - гэта не запалохванне і не шантаж, а магчымасць засцерагчы ад небяспекі дзяржаву і забяспечыць мір беларускаму народу. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У існуючых абставінах і ваенна-палітычнай абстаноўцы вакол нашай краіны мною былі актывізаваны перагаворы з Прэзідэнтам Расіі па вяртанні ў Беларусь ядзернай зброі. Менавіта пасля вяртання ядзернай зброі, якая была выведзена ў 1990-я гады", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Ён нагадаў, на беларускае кіраўніцтва тады націскаў не толькі Захад, але і кіраўніцтва Расіі. Беларусь згадзілася вывесці ядзерную зброю пад гарантыі: на краіну не будзе аказвацца ніякага націску, не будуць уводзіцца ніякія санкцыі. "Усё растаптана, усё парушана", - падкрэсліў ён.
"Вынік вядомы. Я не спрабую кагосьці запалохваць або шантажыраваць, каторы раз аб гэтым гавару! Я хачу засцерагчы ад небяспекі беларускую дзяржаву і забяспечыць мір беларускаму народу. Сваёй гісторыяй, усім сваім існаваннем мой народ гэтага заслужыў! Пад бізуном жыць больш не хочам і рабамі не будзем! - заявіў беларускі лідар. - У нашай гісторыі было шмат крытычных сітуацый. Але нам хапіла мудрасці захаваць сябе і сваё месца на палітычнай карце свету, адстаяць свой суверэнітэт. Суверэнітэт азначае, што толькі мы, грамадзяне Беларусі, маем права гаварыць аб сваіх нацыянальных інтарэсах і вызначаць нацыянальныя мэты далейшага развіцця на тэрыторыі ўласнай дзяржавы".-0-