ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Панядзелак, 2 кастрычніка 2023
Мінск Ясна +15°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
23 мая 2023, 10:45

Лукашэнка 23 мая правядзе нараду па актуальных пытаннях аховы здароўя

Фота з архіва
Фота з архіва

23 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 мая правядзе нараду па актуальных пытаннях аховы здароўя, паведамляе БЕЛТА.

У ліку ўдзельнікаў мерапрыемства - кіраўніцтва Міністэрства аховы здароўя, губернатары і начальнікі абласных упраўленняў па ахове здароўя, рэктары медыцынскіх ВНУ, галоўныя ўрачы бальніц рознага ўзроўню, дырэктары некаторых рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў.

Аб планах правесці нараду па пытаннях аховы здароўя кіраўнік дзяржавы заявіў 31 сакавіка ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. Прэзідэнт паабяцаў узварухнуць галіну і навесці там парадак. Асобную ўвагу Аляксандр Лукашэнка звярнуў на стан спраў ва ўстановах аховы здароўя на месцах: "У першую чаргу трэба паглядзець туды. Там асноўны наш люд, які мы павінны лячыць, калі хочам роўнасці, справядлівасці і хочам лічыцца сацыяльнай дзяржавай".

Беларускі лідар падкрэсліў, што айчынная медыцына шмат што можа. "Я ўжо не кажу пра перасадку органаў, пратэзаванне. Чаго варта ДНК-вакцына для лячэння пухліны галаўнога мозга і лімфомы ў дзяцей, - адзначыў ён. - Разам з расіянамі распрацавалі і паспяхова прымяняем спінальныя сістэмы для хірургічнага лячэння цяжкіх дэфармацый і пашкоджанняў пазваночніка". Прэзідэнт паставіў задачу, каб гэтыя і іншыя распрацоўкі ўкараняліся і максімальна выкарыстоўваліся. "І ў вялікіх гарадах, і ў раённых цэнтрах. Як і ўсе аб'ёкты аховы здароўя краіны павінны быць узорам камфорту і стэрыльнасці, - падкрэсліў ён. - Губернатары і міністр абавязаны трымаць гэта пытанне на строгім кантролі".

На працягу доўгага часу работу медыцынскіх устаноў па ўсёй краіне па даручэнні кіраўніка дзяржавы правярала міжведамасная рабочая група. Яе ўдзельнікі - медыкі, якія валодаюць неабходнай кваліфікацыяй і дастатковым практычным вопытам, - факусіраваліся на эфектыўнасці функцыянавання сістэмы аховы здароўя ў частцы аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву. Пры неабходнасці да работы групы прыцягваліся кіраўнікі і спецыялісты рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама, іншых дзяржаўных органаў і арганізацый, а таксама іншыя асобы, якія маюць адпаведную кваліфікацыю і практычны вопыт.

Аляксандр Лукашэнка анансаваў стварэнне адпаведнай рабочай групы яшчэ 5 снежня 2022 года, прымаючы з дакладам кіраўніцтва Міністэрства аховы здароўя. Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на неабходнасці забеспячэння якасным і даступным лячэннем усіх грамадзян краіны: "У бліжэйшы час мною будзе створана мабільная група абсалютна незалежных ад вас людзей, спецыялістаў, якія правераць і сістэму аховы здароўя, і выбарачна нечакана правераць бальніцы".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі