Сцяг Нядзеля, 16 чэрвеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
11 сакавіка 2024, 15:44

"Лёгка не будзе". На што Лукашэнка настройвае новых кіраўнікоў мясцовай вертыкалі

11 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ад кожнага чалавека трэба больш адказнасці і ініцыятыўнасці, асабліва ў частцы добраўпарадкавання і навядзення парадку. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, прымаючы кадравыя рашэнні 11 сакавіка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як паведамлялася, кіраўнік дзяржавы ўзгадніў назначэнні ў кіраўніцтве Мінскага аблвыканкама і двух райвыканкамаў. Так, першым намеснікам старшыні Мінаблвыканкама ўзгоднены Васіль Сысоеў, які да гэтага часу працаваў тут жа, узначальваў камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні. Кіраваць Бярэзінскім райвыканкамам будзе Андрэй Сакалоўскі, які да гэтага часу з'яўляўся намеснікам кіраўніка гэтага раёна. А Карэліцкі райвыканкам узначаліць Андрэй Гардзей, які працаваў першым намеснікам старшыні - начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Ашмянскага райвыканкама.

"Я хачу папярэдзіць усіх, што лёгка ў гэтым годзе, зразумела, не будзе. І ў наступным таксама", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт заўважыў, што многія актуальныя пытанні, якія хвалююць грамадства, закранаюцца ў сюжэтах і перадачах на тэлебачанні, у прэсе, інтэрнэце. "Нашы людзі патрабуюць часам ад улады тое, што ўлада рабіць не павінна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы арыентаваў прадстаўнікоў улады, чыноўнікаў на тое, каб яны больш тлумачылі людзям, наколькі складаны цяпер час і чаму важны ўклад кожнага чалавека, асабліва ў частцы добраўпарадкавання і навядзення парадку. "І справа не толькі ў санкцыях, хоць і ў іх таксама. Нас прыціскаюць з усіх бакоў, і прыціскаюць сур'ёзна. І тое, што нашы людзі гэтага не адчулі, - заслуга ў тым ліку ўлады, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Людзям трэба расказваць і тлумачыць: тое, што яны павінны рабіць, - яны павінны зрабіць. За іх ніхто не зробіць".
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на прыклад Мінска, жыхары якога часта скардзяцца на неналежную якасць утрымання дваровых тэрыторый, дарог і гэтак далей. "Гэта зразумела. Мы гэта разумеем, гэтага быць не павінна. Але трэба і разумець (іншы бок. - Заўвага БЕЛТА): для таго каб зрабіць у Мінску адразу ўсе двары (што мы пачалі, вядома, рабіць, нікуды ад гэтага не дзенешся), мы з нейкай вёскі забяром грошы. Лішніх грошай не бывае. Трэба тлумачыць гэта, і перш за ўсё тут, у Мінску, - адзначыў Прэзідэнт. - Калі ў Мінску хочуць хутка гэта ўсё зрабіць, пытанне ў фінансах".

"Давайце аб'яднаемся: хаця б 2 працэнты (фінансуе. - Заўвага БЕЛТА) насельніцтва, якое жыве ў гэтых дварах і глядзіць на няроўнасці розныя, лужы і канавы, а астатнія 98 працэнтаў - дзяржава", - прапанаваў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што задача ўлады - арганізаваць людзей, стварыць ім умовы, магчымасці для ўдзелу ў добраўпарадкаванні тэрыторый, дзе яны пражываюць. "Трэба развезці туды бетон і арматуру. Яны пакладуць арматуру і забетануюць сабе гэтыя двары. Але гэта трэба арганізаваць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, да гэтай работы абавязкова павінны падключацца мясцовыя органы ўлады, у тым ліку райвыканкамы, раённыя дарожна-эксплуатацыйныя ўпраўленні. "Прымусьце працаваць - каб яны не адзін раз дзесьці ў маі месяцы грэйдарам прайшліся і выраўнавалі дарогу, а рабілі гэта перыядычна, - звярнуўся да мясцовай вертыкалі Прэзідэнт. - У адваротным выпадку яны ў нас сядзяць спакойна, вы ім там з бюджэту штосьці адлічаеце, а свае работы яны за гэтыя грошы не выконваюць".

"Трэба арганізаваць людзей. Год якасці пачынаецца са свайго двара", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Адно з патрабаванняў Прэзідэнта датычылася добраўпарадкавання дарог - каб там не гарадзілі дарагія агароджы, а высаджвалі дрэвы, якія ўтвораць жывую агароджу. Асаблівы акцэнт Аляксандр Лукашэнка зрабіў на сітуацыі ў Мінскай вобласці, якая ў гэтым плане адстае ад іншых рэгіёнаў: "Перадайце Турчыну (старшыні Мінаблвыканкама Аляксандру Турчыну. - Заўвага БЕЛТА) маё строгае патрабаванне. Калі не выканае маё даручэнне - і вы таксама - наконт пасадкі ўздоўж дарог елак... Каб людзі не лазілі з трымерамі і па тры разы не касілі адкос". Такі спосаб добраўпарадкавання ўздоўж дарог, акрамя эстэтычнага выгляду, з'яўляецца і значна больш эканамічна выгадным, значна эканоміць сродкі на механічную апрацоўку адкосаў.
"Мужыкі, вельмі сур'ёзна вазьміцеся за навядзенне парадку. Прымушайце, вучыце, патрабуйце, каб людзі зрабілі свае ўчасткі самі. Не разумеюць, не абслугоўваюць участак, значыць, гэты ўчастак трэба перадаць камусьці іншаму. Павінна быць сур'ёзнае, строгае стаўленне ў гэтым плане. Зямельныя, прысядзібныя і іншыя ўчасткі не павінны пуставаць. Там не павінна быць бур'яну. Вёска павінна быць вёскай, нават калі там тры чалавекі жыве", - заявіў Прэзідэнт.

"Усё трэба прывесці ў парадак, - запатрабаваў кіраўнік дзяржавы. - Гэта задача старшыні райвыканкама, курыруе гэта старшыня аблвыканкама. У адваротным выпадку мы нічога не зробім за гэты год. Я гэта спецыяльна публічна агучваю, каб вы разумелі, што лёгка не будзе. Патрабаванні будуць толькі нарастаць".

Небяспечным недахопам цяперашняй сітуацыі Прэзідэнт лічыць расслабленую абстаноўку ў рабоце чыноўнікаў: "Самае небяспечнае, што мы расслабіліся. Калі ўлада расслабілася, дні гэтай улады злічаны. Таму я хачу вас неяк раскруціць, як у народзе кажуць, і прымусіць выконваць свае абавязкі".

Што датычыцца рамонту дарог, кіраўнік дзяржавы паставіў задачу да 9 мая навесці парадак і аднавіць дарожнае палатно, дзе гэта неабходна. "У вас сакавік-красавік, і да 9 мая ўсе дарогі павінны быць адноўлены. Гэта і задача ўрада. Перадайце асабіста прэм'ер-міністру, няхай пачынае займацца разам з віцэ-прэм'ерам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Асаблівую ўвагу ён звярнуў на якасць работ пры аднаўленні і рамонце дарог, і абавязкова - каб за гэта было запатрабаванне з выканаўцаў. "Павінен быць вынік. Звярніце на гэта ўвагу. І арганізоўвайце людзей. Не хочуць людзі самі сабе чагосьці зрабіць у двары - добра, чакайце. Калі-небудзь праз год-два-тры прыедзем, зробім. Захочуць - дапамажыце людзям", - сказаў Прэзідэнт.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі