
8 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка мае намер прапанаваць Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну выпрацаваць праграму дзеянняў Расіі і Беларусі, каб забяспечыць самадастатковасць і не аглядвацца ні на Захад, ні на Усход. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на сустрэчы з сакратарамі саветаў бяспекі дзяржаў - членаў АДКБ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзідэнт прапанаваў правесці комплексную рэвізію дагаворна-прававой базы АДКБ, як, дарэчы, і Саюзнай дзяржавы, ЕАЭС. "Неабходна паглядзець, што нам трэба, што не трэба. Адкінуць усё тое, што мы там панапрацавалі, панапісалі таго, што не можа і не будзе ніколі працаваць, і пакінуць асноўныя напрамкі. Трэба вярнуцца да асноватворных дакументаў, усё там прапісаць жалезабетонна і дамовіцца , што ў такім выпадку, пры такім характары канфлікту - рэагаванне такое", - прапанаваў беларускі лідар. На яго думку, гэта ў значнай ступені спрасціла б і зрабіла б больш эфектыўным урэгуляванне канфліктаў накшталт тых, што ўзнікаюць паміж Арменіяй і Азербайджанам, Кыргызстанам і Таджыкістанам. "З улікам рэалій трэба ўсё прапісаць. І жалезна дамовіцца", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У прыватнасці, ён расказаў аб сваім намеры прапанаваць Прэзідэнту Расіі выбудаваць праграму дзеянняў, своеасаблівы план унутранага развіцця тэрыторый. "З вопыту Савецкага Саюза вы памятаеце: мы пад прыгнётам былі, ніхто не выказваў нам прыхільнасць, нас спрабавалі ўдушыць. Але мы, у некаторых адносінах замкнёныя ў сваіх граніцах, цудоўна працавалі, былі самадастатковымі. Трэба разумець, што і Беларусь, і Расія - мы павінны гэту прастору адбудаваць, выбудаваць планы, каб мы маглі быць самадастатковымі, каб нас праз долар, яшчэ якую-небудзь валюту не ставілі пастаянна на калені. Нам трэба выпрацаваць план унутранага развіцця нашай прасторы, перш за ўсё Расіі і Беларусі, калі ўжо мы апынуліся ў адной лодцы", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
"А так мы ўвесь час нешта робім і аглядваемся то на Усход, то на Захад - як нам жыць далей і ці можам мы жыць без Усходу, без Захаду, - прадоўжыў Прэзідэнт. - Трэба выкарыстоўваць вопыт мінулага, каб у будучым забяспечыць нармальнае жыццё нашай прасторы. Таму што ў нас адзіны эканамічны рынак, ды і на сённяшні дзень адзіная абаронная прастора".-0-