Сцяг Нядзеля, 14 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
28 снежня 2022, 19:20

Ярка і вельмі пазітыўна. Навагодні баль для моладзі прайшоў у Палацы Незалежнасці

28 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Навагодні баль для моладзі ўрачыста адкрыўся ў Палацы Незалежнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У гэтым годзе ўдзельнікамі традыцыйнага навагодняга балю ў Палацы Незалежнасці сталі 320 юнакоў і дзяўчат з розных рэгіёнаў Беларусі. Гэта адораныя і таленавітыя навучэнцы ВНУ, ССНУ, вучылішчаў, выхаванцы кадэцкіх вучылішчаў і Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча, якія праявілі сябе ў вучобе, навуковых і творчых конкурсах, маладзёжных праектах, грамадскім і спартыўным жыцці.

У Зале ўрачыстых цырымоній прысутнічаюць Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч, намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі, міністры культуры і адукацыі Анатоль Маркевіч і Андрэй Іванец, старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў.

Адкрываў класічную праграму балю паланэз дэбютантаў. Пад бадзёрыя рытмы пары танцуючых ішлі, змяняючы адзін аднаго, у цудоўных інтэр'ерах Палаца Незалежнасці.

Усіх прысутных цёпла вітаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. "Як заўсёды надзвычай прыгожа мы адкрываем Навагодні баль, ужо традыцыйны ў гісторыі сучаснай Беларусі. Бачым, як змяняецца ў гэты зімовы пераднавагодні вечар Палац Незалежнасці", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён падзякаваў усім удзельнікам мерапрыемства за дзівосную атмасферу, створаную імі, атмасферу свята высокага мастацтва і культурных традыцый, якія звязваюць эпохі і пакаленні. "Вельмі сімвалічна, што мы завяршаем 2022-і год - Год гістарычнай памяці - на такой яркай і, спадзяюся, пазітыўнай ноце", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Напярэдадні Новага года я хачу вам пажадаць захаваць усё лепшае, што ёсць у нашым жыцці. Будзьце разважлівымі, вывучайце розныя погляды на жыццё, розныя меркаванні, але рабіце самі свае высновы. Рухайцеся да намечаных мэт імкліва, але не забывайце часам азірнуцца назад. У шматвяковай гісторыі беларускай зямлі вы заўсёды знойдзеце мудрыя парады, якія дапамогуць прыняць правільныя рашэнні ў вашым лёсе, у лёсе Беларусі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, сёння таксама пішацца гісторыя роднай краіны і баль - адна з яе старонак. "Але гэта і старонка ў вашым жыцці. Скажу проста: пройдзе зусім няшмат часу - нехта ў гэтым, наступным годзе, праз тры-пяць гадоў, праходзячы міма гэтага велічнага будынка і ведучы побач за руку малышку або малыша, азірнецца на гэты будынак і скажа: "А я тут была - шчаслівай, прыгожай, накіраванай у будучыню". І прыйшоўшы дадому, пакажа фатаграфію з гэтага велічнага свята", - сказаў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, такім чынам пішацца асабістая гісторыя кожнага, цесна ўплеценая ў агульную гісторыю дзяржавы. "Я хачу, каб сённяшняе мерапрыемства было яркай старонкай у гісторыі вашага жыцця. Будзьце заўсёды здаровыя і шчаслівыя. Няхай будуць вашы родныя, блізкія таксама здаровыя і вочы ў іх няхай свецяцца радасцю, гледзячы на вас", - пажадаў беларускі лідар.

Прытрымліваючыся бальных традыцый, прадоўжыў праграму адзін з самых папулярных танцаў, які называюць яшчэ каралём танцаў і танцам каралёў, - вальс. Потым госці і ўдзельнікі свята накіраваліся ў падарожжа па бальных традыцыях розных эпох: старадаўні танец бранль быў выкананы заслужаным калектывам з Гродна "Белыя росы", ансамблем "Харошкі" паказана тэатралізаваная мініяцюра гістарычнай рэканструкцыі балю XVI стагоддзя. Беларускія калектывы і артысты аднаўлялі атмасферу баляў эпохі Адраджэння, барока, Асветніцтва. На танцавальнай пляцоўцы змянялі адзін аднаго менуэт, кадрыля, бас-данс, полька, галоп і катыльён у выкананні ўдзельнікаў балю.

Паводле бальных канонаў, выпрацаваных за стагоддзі, класічную частку завяршыла аб'яднальная "Паўночная кадрыля", якую выканалі ўсе ўдзельнікі ўрачыстасці.

Пасля ўсіх чакала адвольная частка балю з сучасным рок-н-ролам, джазам і іншымі танцамі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі