
28 красавіка, Ветка /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з актывам Гомельскай вобласці растлумачыў сваю асаблівую ўвагу да гэтага рэгіёна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Як я пераканаўся чарговы раз, мы ўмеем усё рабіць як трэба. Пытанне: чаму не робім так, як трэба? Або дакладней - чаму не заўсёды робім так, як трэба? Аб гэтым сёння пойдзе размова. Другое - не хацелася б, каб праз некаторы час мы сустрэліся і развялі рукамі. Вось мы не зрабілі і пачынаем шукаць, як звычайна, прычыну. Каб гэтага не здарылася па выніках бягучага года (іншага часу ў вас няма, і ў мяне таксама), мы сёння сустрэліся. Каб прамежкава пагаварыць, чаму мы не робім так, як трэба рабіць, і так, як вы ўмееце рабіць", - перш за ўсё абазначыў тэму нарады Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што кожны год у гадавіну катастрофы на Чарнобыльскай АЭС прыязджае ў адзін з пацярпелых раёнаў Беларусі. Але часцей за ўсё Прэзідэнт бывае на Гомельшчыне, якая ў 1986 годзе практычна ўся была радыяцыйна забруджана.
"Вы ведаеце, гэта вобласць мне не чужая. Гэта вобласць мне фактычна як родная. Я заўсёды падкрэсліваў на любых форумах, канферэнцыях, рэферэндумах, выбарах: Гомельская вобласць заўсёды мяне падтрымлівала больш, чым якая-небудзь іншая вобласць. Тут працавітыя, мудрыя, загартаваныя людзі, якія бязмежна любяць гэту зямлю. Але з-за нашай бескантрольнасці, ныцця "ах, чарнобыльцы, ах, чарнобыльцы" мы расслабіліся і не заўважылі, як пачалі страчваць гэту вобласць. І сярод гэтай велізарнай колькасці працавітых, мудрых людзей з'явіліся дзялкі, жулікі і зладзеі. Няхай іх няшмат, але гэты працэс трэба спыніць. Таму сюды і быў накіраваны новы губернатар і новы ўпаўнаважаны Прэзідэнта па гэтай вобласці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт, наведваючы пацярпелыя рэгіёны, заўсёды падкрэсліваў, што дзяржава будзе рабіць усё магчымае, каб гэты край жыў і развіваўся. Людзі паверылі і засталіся на малой радзіме. "Я вас доўга пераконваў, што тут мы будзем жыць нармальна, не горш, чым у іншых раёнах нашай рэспублікі. Па выніках мінулых 30 з нечым гадоў мы ў гэтым пераканаліся, таму што мы ўжо маем статыстыку. Я адчуваю шчырую радасць, калі бачу пазітыўныя змяненні", - заявіў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што для Гомельскай вобласці за гады незалежнасці дзяржавай зроблена нямала. Рэалізаваны пяць спецыяльных чарнобыльскіх праграм, цяпер выконваецца ўжо шостая. У пацярпелыя рэгіёны толькі ў мінулым годзе ўкладзена больш як Br600 млн, а ў цэлым - мільярды. На гэтыя грошы пабудаваны дзясяткі тысяч кватэр, больш за сотню школ і дзіцячых садоў, тысячы кіламетраў дарог, газіфікаваны больш за сотню населеных пунктаў. З'явілася мноства розных устаноў аховы здароўя, у тым ліку ўнікальны, ледзь ці не адзіны ў свеце Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека. "Мы яго з вамі пабудавалі тады, калі ён проста быў кінуты і пустыя вокны, як байніцы, сведчылі пра безгаспадарчасць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.-0-