Сцяг Пятніца, 12 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
22 сакавіка 2023, 12:32

Як Хатынь стала сімвалам смутку і чаму ў Лукашэнкі асаблівае стаўленне да такіх знакавых мясцін

У 2004 годзе Прэзідэнты Беларусі, Расіі, Украіны прыехалі ў Хатынь ушанаваць памяць загінулых жыхароў. І хто б мог падумаць, што з часам аб'яднальная перамога над фашызмам страціць сілу і карычневая чума ўзніме галаву. А нам давядзецца стаць на абарону гістарычнай праўды. У новым выпуску праекта "Па факце: рашэнні Першага" мы ўспомнім трагічную дату ў нашай гісторыі - 22 сакавіка 1943 года. Раскажам, як з'явіўся сімвал смутку і чаму след тых вогненных гадоў назаўсёды застаўся ў генетычнай памяці беларускага народа.

"Калі будаваўся гэты мемарыял, лічылі, што загінуў кожны чацвёрты. Але мы ведаем, што загінулых, памерлых было значна больш. У Беларусі ў зямлі ляжыць кожны трэці, кожны трэці загінуў ад гэтай страшнай вайны. Нацысты планавалі знішчыць наш народ, ачысціць для сябе на нашай зямлі жыццёвую прастору. Мірныя жыхары Хатыні сабой засланілі нас, збераглі будучае пакаленне. Ад імя беларускага народа хачу падзякаваць вам, Уладзімір Уладзіміравіч, вам, паважаны Леанід Данілавіч, за тое, што вы напярэдадні незалежнасці нашай краіны, напярэдадні 60-годдзя вызвалення Беларусі ад фашызму разам з намі, з гэтымі пасівелымі ветэранамі, героямі, якія стаяць тут перад намі, з жыхарамі нашай краіны", - выказаў падзяку кіраўнік беларускай дзяржавы расійскаму і ўкраінскаму калегам у час наведвання Хатыні ў 2004 годзе.

Як на месцы Хатыні з'явіўся нетыповы для Савецкага Саюза мемарыяльны комплекс

Хатынь - зборны вобраз усіх спаленых беларускіх вёсак у гады Вялікай Айчыннай вайны. У мемарыяльным комплексе ёсць іх сімвалічныя могілкі. На іх увекавечана памяць аб 185 населеных пунктах, 186-я неадроджаная вёска - сама Хатынь. А "Сімвалічныя дрэвы жыцця" - гэта 443 пасёлкі, спаленыя нацыстамі разам з жыхарамі, але адноўленыя ў пасляваенны перыяд. Ці маглі ўявіць стваральнікі комплексу, што праз дзесяцігоддзі гэтыя лічбы павялічацца ў некалькі разоў? Паводле апошніх даных Генпракуратуры, толькі ў ходзе папярэдняга расследавання дадаткова ўстаноўлена больш за тысячу населеных пунктаў, часткова або поўнасцю знішчаных у гады Вялікай Айчыннай. Сярод іх больш за 30 - сёстры Хатыні. Першапачаткова на месцы пахавання астанкаў згарэлых у агні хатынцаў устанавілі тры крыжы. Пазней - сціплы бетонны абеліск з зоркай, які прастаяў да 1964 года. Потым з'явілася "Тужлівая маці".

Дырэктар мемарыяльнага комплексу "Хатынь" Артур Зельскі расказаў аб цяжкасцях, якія ўзніклі на першапачатковым этапе будаўніцтва: "Нявызначанасць са статусам аб'екта была цалкам апраўдана ў той час. На ўзвядзенне комплексу такога маштабу ў саюзным бюджэце артыкул расходаў не прадугледжваўся. Акрамя таго, такую будоўлю трэба было б пачынаць з зацвярджэння праекта ў Маскве. Відаць, былі апасенні, што на саюзным узроўні яго не зацвердзяць. Таму ўсё рэтушавалі. Так, на ўзроўні БССР у прэсе будаўніцтва асвятлялася. Тайны ніхто не рабіў, але падавалася ўсё ледзь не як стварэнне помніка на месцы спаленай вёскі".

Конкурс на стварэнне праекта мемарыяла аб'явілі ў сакавіку 1967 года, у якім перамог калектыў аўтараў: архітэктары Градаў, Занковіч, Левін, скульптар народны мастак БССР Селіханаў. Гэта яны прыдумалі вянкі зрубаў на месцы былых дамоў, абеліскі ў выглядзе комінаў і да болю пранізлівы гул званоў.

"Мемарыял сапраўды вызначаецца сваёй несавецкасцю. Ён абсалютна заземлены і пазбаўлены пампезнасці, адпавядае вобразу невялікай Беларусі. І, напэўна, у той час гэта быў адзіны на тэрыторыі СССР мемарыял, а не помнік, прысвечаны трагедыі менавіта мірных жыхароў у гады вайны. Гэта быў поўнасцю ўнутрыбеларускі праект. Вядома, граніт везлі з Украіны, мармур - з Расіі, але куплялі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту", - падкрэсліў Артур Зельскі.

Якімі страшнымі ўспамінамі падзяліўся адзіны выжыўшы сведка трагедыі ў Хатыні

Урачыстае адкрыццё мемарыяльнага комплексу "Хатынь" адбылося 5 ліпеня 1969 года. Пачалася цырымонія ў Мінску. Каля Вечнага агню быў запалены факел і паднесены да чашы, устаноўленай на бронетранспарцёры, які накіраваўся ў Хатынь. Мітынг сабраў тысячы людзей, якія з першых вуснаў пачулі гэту апякаючую душу гісторыю.

"Як я ўспомню Хатынь, так у мяне сэрца кроўю абліваецца. Сярод дня 22 марта награнуў фашыст, акружыў, абстраляў, людзей сагнаў у сарай, дзверы закрыў, хаты запаліў. А тады і сарай запаліў. Крышы саламяныя зверху запаліў. Агонь сыпіцца на галовы. Людзі дзверы выламалі, сталі вылазіць. Стаў з аўтамата біць. Как-нібудзь выхадзіць, няма куды выхадзіць. Бьюць у дзвярах. Выдвігаю сына, каб толькі сына, памагаю, каб яму выйсці з агня, каб ён вылез. Крычыць: спасай! Я нагнуўся яго выручаць. Ён скончыўся у мяне на руках. Яны жарылі па мне, пуля прайшла мне ў плячо", - прагучаў на адкрыцці мемарыяльнага комплексу крык душы Іосіфа Камінскага, адзінага выжыўшага дарослага сведкі хатынскай расправы. Магчыма, лёс падарыў яму жыццё якраз для таго, каб расказаць усяму свету праўду пра той страшны дзень. Памяць пра яго і ўсіх ахвяр фашызму да гэтага часу жывая.

"След гэтых вогненных гадоў навекі застанецца ў генетычнай памяці народа. І сёння, каля Вечнага агню, мы зноў перажываем нястрымную сілу барацьбы і горыч страт. Адчуваем у сабе непакорны дух байцоў гарнізона Брэсцкай крэпасці і абаронцаў Дняпроўскага рубяжа, стойкасць герояў Ушацкага прарыву і Мінскага падполля, боль спаленых дзяцей Хатыні, тысяч вязняў гета і лагераў смерці. Помнім радасць мінчан у ліпені 1944-га, якія са слязамі радасці сустракалі савецкіх салдат. Дык давайце паклонімся тым вялікім гадам. Ціха, па славянскім звычаі памянём загінулых. Вечная слава героям, якія вызвалялі Радзіму, і вечная ганьба агрэсарам і здраднікам, якія знішчалі наш народ! " - заявіў Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўскладання вянкоў да манумента Перамогі 9 мая 2012 года.

Якую ролю адыграў Прэзідэнт Беларусі ў аднаўленні мемарыяльнага комплексу "Хатынь"

Час бязлітасны да ўсяго, у тым ліку манументаў. Пасля распаду саюза мемарыял пачаў прыходзіць у заняпад. Рашэнне Першага - да 60-годдзя вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў поўнасцю аднавіць комплекс. Беларусы талакой адрадзілі святыню. Тады ў памятную дату на хатынскай зямлі сімвалічна сустрэнуцца Прэзідэнты Беларусі, Расіі і Украіны. Не нам меркаваць аб стаўленні да гістарычных фактаў у іншых краінах. На жаль, не ўсе славяне берагуць праўду. Радасна, што ў беларусаў і расіян пазіцыі па-ранейшаму адзіныя.

"Мемарыял Савецкаму салдату пада Ржэвам заўсёды будзе сімвалам непарушнай дружбы паміж Расіяй і Беларуссю, месцам усеагульнага гонару і пакланення перад подзвігам нашых дзядоў і прадзедаў. Мы не дазволім прыменшыць значэнне Вялікай Перамогі, сказіць праўду аб падзеях таго часу і рэабілітаваць нацызм. Інакш трагедыя можа паўтарыцца. Беларусь і Расія, якія заплацілі мільёнамі жыццяў сваіх грамадзян за мір на зямлі, абсалютна адзіныя ў гэтым імкненні", - падкрэсліў важнасць захавання памяці аб страшнай вайне Аляксандр Лукашэнка ў час адкрыцця мемарыяла пада Ржэвам у чэрвені 2020 года.

Да 80-й гадавіны трагедыі ў Хатыні зноў маштабная рэканструкцыя. Важна захаваць першапачатковы выгляд, каб усё было проста і душэўна. На гэта арыентаваў Аляксандр Лукашэнка. Па рашэнні Першага ў мемарыяльным комплексе разгарнулася Усебеларуская маладзёжная будоўля, якая аб'яднала сем'і і працоўныя калектывы з усёй краіны.

"Больш за 500 маладых людзей з Мінска кожны выхадны стараліся прыехаць. Акрамя валанцёрскай дзейнасці, юнакі і дзяўчаты фарміравалі атрад з ліку студэнтаў БНТУ. Было 10 чалавек, якія першымі пачалі будаўніцтва ў рамках Усебеларускай будоўлі, якая была аб'яўлена Прэзідэнтам. Наша працоўная моладзь з МТЗ, МАЗ у вольны час старалася аказаць нам садзейнічанне, добраўпарадкоўвала тэрыторыю. Захаванне гістарычнай памяці для кожнага маладога чалавека - гэта адзін з важных момантаў у перыяд яго жыцця. Гісторыя пачынаецца з сям'і, і ў кожнага чалавека ёсць, былі прадзеды і прабабулі, якія расказвалі гістарычную праўду. І сёння малады чалавек, абапіраючыся на гісторыю, стварае сваю будучыню", - упэўнены першы сакратар Мінскага гарадскога камітэта БРСМ Раман Бандарук.

Чаму музей на месцы спаленай Хатыні - асаблівая для беларусаў гістарычная мясціна

Музей у Хатыні - асаблівы, гэта месца памяці. "Ён прызначаны аказваць непасрэднае ўздзеянне і на свядомасць, і на пачуцці людзей. Каб у час экскурсіі людзі ўсвядомілі: наш народ перанёс такія выпрабаванні, што можна толькі здзіўляцца, што мы ўсё яшчэ існуем як нацыя. Толькі ў Другой сусветнай вайне загінуў кожны трэці беларус. Гэту каласальную гуманітарную трагедыю неабходна асэнсаваць і адчуць сучаснікам. І яшчэ раз трэба нагадаць: беларусы хочуць аднаго - міру!" - упэўнены дырэктар мемарыяльнага комплексу Артур Зельскі.

"Калі цяпер мы гэта не зробім, то гэтага не зробіць ніхто". Такія словы Першага ў час суботніка асабліва запомніліся дырэктару мемарыяльнага комплексу. Цяпер, на жаль, Артур Гарыевіч цяжка хворы, але, нягледзячы на хваробу, прадаўжае працаваць над тым, каб нашчадкі даведаліся як мага больш аб той вайне. Да гадавіны трагедыі выйшла яго кніга, з новымі фактамі. Тое, што адбылося ў Хатыні, не патрабуе доказаў, хаця іх больш чым дастаткова. Напрыклад, краязнавец Аляксандр Паўлюковіч падзяліўся аўдыязапісам з рэдакцыяй нашага праекта. На плёнцы голас жыхаркі вёскі Мокрадзь, якая расказвае пра першую ахвяру Хатыні.

"Як у Хатынi началi страляцi, мы ўсе з дзярэўні хто куды беглі. Это было з абеда, у Хатынi начаўся стрэл у часа чатыры. Мама нас адзела i мы пабеглі на завод. Яна несла ваду, мы как раз беглi, пуля ей папала, вёдры ўпалі i яна ўпала. Мы падбягаем, маці стаiць. Мы говорым: ваша Ніна ўпала. Яны сталi харанiць, агледзелiся, прама пуля ў сэрца. Стралялi крэпка", - успамінае той страшны дзень жыхарка вёскі Мокрадзь Ніна Емяльянава.

Як Аляксандр Лукашэнка падтрымаў ініцыятыву будаўніцтва мемарыяльнага комплексу ў вёсцы Ала

Па колькасці загінулых жыхароў 149 саджанцаў пасадзілі на рэспубліканскім суботніку ў мемарыяльным комплексе "Хатынь". У стварэнні своеасаблівага парку гістарычнай памяці прыняў удзел кіраўнік дзяржавы. У Прэзідэнта асаблівае стаўленне да такіх знакавых мясцін. Некалькі гадоў таму на адной з сустрэч з удзелам Аляксандра Лукашэнкі студэнтка папрасіла яго падтрымаць ініцыятыву будаўніцтва мемарыяльнага комплексу ў вёсцы Ала. Прэзідэнт не мог адмовіць, таму што, як ён сам потым скажа на адкрыцці мемарыяла, брацкія магілы - захавальнікі праўды. Наш святы абавязак - зберагчы яе і перадаць наступным пакаленням.

"Тут, у вёсцы Ала, якая стала апошнім прыстанішчам для жыхароў навакольных вёсак, было спалена амаль дзве тысячы чалавек, больш за палавіну з якіх дзеці. Гэта дванаццаць Хатыняў. Беларусь ніколі не дапусціць адраджэння ідэй нацызму на сваёй зямлі. Беларусь ніколі не дазволіць перапісаць гісторыю і здрадзіць памяці пераможцаў, якія выратавалі свет ад катаў. Няма даравання зверскім злачынствам", - чарговы раз падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка на адкрыцці мемарыяльнага комплексу ў вёсцы Ала Светлагорскага раёна ў чэрвені 2020 года.

"Аб чым гудуць званы Хатыні". Адзіны ўрок пад такой назвай пройдзе ва ўсіх беларускіх школах. Асобны занятак будзе прысвечаны 78-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. А патрыятычны конкурс "Хатынь вачамі дзяцей" ужо аб'яднаў тысячы юных беларусаў. Так дзеці адлюстравалі гістарычную праўду. Галоўнае, каб гэты ўрок яны засвоілі на ўсё жыццё…

Вельмі дарагой цаной дасталася свабода роднай зямлі нашаму народу. Гістарычную памяць аб тых страшных гадах мы беражліва захаваем і перададзім дзецям як імунітэт супраць любой ваеннай агрэсіі і нацыяналістычнай варожасці. Як разуменне таго, што нішто на свеце не варта забранага чалавечага жыцця. "Мы, беларусы, носьбіты геннай памяці нечалавечых пакут народа, які выстаяў у Вялікай Айчыннай вайне, гаворым усім: "Няхай самотны бой званоў Хатыні гучыць і перасцерагае ад паўтарэння страшнай трагедыі. Няхай іх металічны плач данясецца да тых куткоў Зямлі, дзе сёння забылі аб тым, што жыццё - гэта дар божы, мір - самая вялікая каштоўнасць. Мы павінны гэта помніць заўсёды!" - звярнуўся да беларусаў з выпадку 75-годдзя хатынскай трагедыі кіраўнік дзяржавы.-0-

Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі