ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Панядзелак, 30 студзеня 2023
Мінск -1°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
05 снежня 2022, 15:23

"Дзяржава для народа, ну дык народ трэба лячыць!" Лукашэнка даклад Піневіча разбавіў вялікай лыжкай дзёгцю

У час даклада
У час даклада

5 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам міністра аховы здароўя Беларусі Дзмітрыя Піневіча. Абмяркоўваліся бягучы стан спраў у сістэме аховы здароўя, вытворчасць айчынных вакцын і лякарстваў, кадравае пытанне, удасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аднак асобна варта вылучыць тэму забеспячэння якасным і даступным лячэннем усіх грамадзян краіны, незалежна ад рангаў і званняў. Аляксандр Лукашэнка на прыкладзе канкрэтнай гісторыі адной жанчыны ўсіх жорстка папярэдзіў і анансаваў раптоўныя праверкі бальніц. Тым не менш пачаў сустрэчу кіраўнік дзяржавы з пахвалы сістэмы аховы здароўя.

"Дзякуй за кавід!"

За апошнія некалькі гадоў айчынныя медыцынскія работнікі і ўрачы сапраўды прайшлі вялікі шлях, на хаду прыстасоўваліся і вучыліся лячэнню новай для ўсяго свету інфекцыі. Прычым рабілі гэта не ва ўмовах лакдаўнаў і татальных закрыццяў.

"За кавід, вядома, дзякуй. Я ўжо не раз вяртаўся да гэтага пытання. Нагадаю: мая ўдзячнасць сістэме аховы здароўя і ўрачам не за тое, што яны лячылі, а за тое, што, не ведаючы, як лячыць, навучыліся. І сёння мы ўжо можам сказаць, што ніхто так у свеце не справіўся з гэтай праблемай, як гэта зроблена было ў Беларусі. Гэта не толькі таму, што ў нас сістэма аховы здароўя правільна сарыентавалася. Мы гэта ведаем. Гэта яшчэ раз сведчыць аб тым, што пад кантролем жорсткім і націскам сістэма аховы здароўя працуе", - падкрэсліў беларускі лідар.

Пра якасць лячэння простых людзей

Адразу пасля агучанай пахвалы Аляксандр Лукашэнка акунуў удзельнікаў мерапрыемства (а гэта сам Дзмітрый Піневіч і яго два намеснікі, профільны віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка і старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава) у рэальныя праблемы галіны.

"Я вас хачу папярэдзіць: у бліжэйшы час мною будзе створана мабільная група абсалютна незалежных ад вас людзей, спецыялістаў, якія правераць і сістэму аховы здароўя, і выбарачна нечакана правераць бальніцы. І я вас запрасіў тут, намеснікаў вашых. Наталля Іванаўна (Наталля Качанава. - Заўвага БЕЛТА) у мяне з тых часоў адказвае за ахову здароўя, я пра віцэ-прэм'ера не гавару... Крыўдуйце самі на сябе. Вось так вось будзем правяраць гэтыя бальніцы", - сказаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым расказаў гісторыю пра жанчыну, якая першапачаткова трапіла ў бальніцу ў Шклоўскім раёне і знаходзілася пры смерці. Дзякуючы ўмяшанню Прэзідэнта яе ўдалося выратаваць, і цяпер ужо яе жыццю нічога не пагражае. "У шклоўскай бальніцы я яе практычна выцягнуў з морга. Сёння яна адключана ад апарата ШВЛ. Дынаміка, кажуць, дай бог, каб так і далей было, нядрэнная", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Пытанне рубам

Прэзідэнт запатрабаваў, каб такія недахопы ў рабоце аховы здароўя на месцах былі выкаранены. "Паўстае пытанне, Дзмітрый Леанідавіч, або крыху вас панесла ў сістэме і вас як міністра і вы лечыце толькі там, дзе трэба лячыць, або вы будзеце лячыць людзей так, як я ад вас заўсёды патрабаваў? Мяне гэта вельмі насцярожвае", - паставіў пытанне рубам кіраўнік дзяржавы.

"Начальнікі, яшчэ там нехта... Вось тут вы лечыце. А людзі больш простыя, недзе там у нейкіх раённых бальніцах... Ну ёсць там ФАП. Ходзіць фельчар. Яйка дадуць, выпіць сто грам дадуць, як у былыя часы (я гэта назіраў) - добра. Не - нічога", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Гісторыя выратаванай жанчыны

Кіраўнік дзяржавы расказаў падрабязнасці таго, як у поле яго ўвагі трапіла гісторыя ўжо згаданай жанчыны. Прэзідэнт у той момант працаваў у сябе ў вёсцы на малой радзіме. "Па дарозе па вёсцы бяжыць мужык і крычыць гвалтам, вымаўляючы маё прозвішча, маё імя і імя па бацьку. - Паглядзіце, што чалавек хоча. Падышлі да яго. Пісьмо перадае: Аляксандр Рыгоравіч, выратуйце ці то маю жонку, ці то жанчыну там... Няважна, чалавека. - Дзе, што? У шклоўскай бальніцы, як я цяпер гавару, практычна ў моргу. Апошнія хвіліны жыве. Зразумела, я не мог не адрэагаваць. Пасылаю туды свайго ўрача. Прыязджае: так, прагноз несуцяшальны, фактычна памерла. Я гавару: займайцеся! Перавезлі ў Магілёў. Кожны фактычна вечар мне дакладвалі стан чалавека. Асацыяльнага чалавека, але ўсё роўна чалавека, для мяне гэта чалавек", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт растлумачыў, што гэта гісторыя яго зацікавіла яшчэ і таму, што ён хацеў праверыць, як спрацуе вышэйстаячая ўстанова. "Як учора мне далажылі (спецыяльна пацікавіўся), адключана ад ШВЛ. Цэлы букет быў. І двухбаковая пнеўманія, і яшчэ нешта. І не той гарэлкі выпіла, як мужык гэты мне сказаў. Лячылі-недалячылі, дадому забралі, не тую гарэлку выпіла, у крытычным стане завезлі ў рэанімацыю", - расказаў падрабязнасці Аляксандр Лукашэнка.

У сувязі з гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу на стан спраў у раённых бальніцах: "Я падумаў, Шклоўскі раён, я там бываю часта. Зразумела, калі Прэзідэнт наведвае нейкае месца, там і ахова здароўя, працуюць з рэзервамі і іншае... Калі там так, дык вось я тыдзень не сплю і думаю: а як жа ў іншых раённых бальніцах?"

Беларусь - дзяржава для народа! Калі нехта прызабыўся...

"Хачу вас усіх перасцерагчы, што літасці вам не будзе. І ніякае лячэнне вялікіх начальнікаў вас не выратуе. Разумейце мяне, як хочаце. Вось адзін у адзін, што я сказаў, сёння пачуе ўся краіна. І не толькі краіна. Да нас прыкаваны погляды шматлікіх дзяржаў. Мільёны людзей гэта пачуюць. І, калі ласка, зрабіце адпаведныя высновы. Схавацца некаму за спіну каго-небудзь або, як я часта гавару, пад плінтус залезці не атрымаецца. Паказваць актыўную дзейнасць, што мы вялікія, - нам гэта ў краіне не трэба. У нас дзяржава для народа. Дык і народ трэба лячыць, - сказаў беларускі лідар.

Ён падкрэсліў, што ў краіне для гэтага ўсё ёсць, каб лячыць нармальна, на патрэбным узроўні. "І кавід - сведчанне таго, што ў нас урачы добрыя, мы іх добра рыхтуем. Калі недзе ў ВНУ недапрацоўваем, то ў лячэбных установах настаўніцтва добра развіта. Я не хачу рабіць глыбока і далёка ідучыя вывады з гэтага выпадку, але штурхае да роздуму", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Пра актуальнае: рыхтавацца трэба да ўсяго

Сфера медыцыны - гэта не толькі лячэнне пацыентаў, але і важны складнік бяспекі краіны ў цэлым. І ў гэтым плане, асабліва з улікам цяперашніх рэалій у свеце, трэба быць гатовымі да ўсяго.

"Нядаўна мы абмяркоўвалі пытанні бяспекі нашай краіны. Гэта вельмі важна і актуальна. Задзейнічаны ўсе былі, у тым ліку і ахова здароўя. Ад медыцынскіх аптэчак да прывядзення ў нармальны стан лячэбных устаноў. Падключаемся і да ваенных медыкаў, а ваенныя да нас. Тут павінен быць вельмі інтэнсіўны абмен, - сказаў Прэзідэнт. - Вы самі ваенны хірург (Дзмітрый Піневіч. - Заўвага БЕЛТА), ведаеце, як гэта важна. Таму трэба рыхтавацца да ўсяго. Усякае можа быць, і дзяліць тут няма чаго. Таму якая тут сітуацыя?"

Пра эпідсітуацыю, айчынныя вакцыны і лякарствы

Прэзідэнт звярнуў увагу і на актуальную сёння тэму рэспіраторных інфекцый, тым больш што гэтыя працэсы праходзяць на фоне кавіда, які ўсё яшчэ цыркулюе.

Яшчэ адно пытанне даклада - вакцыны. "Дзякуй кітайскаму народу і майму сябру Сі Цзіньпіну, што не забывае, дапамагае. Але мы вырабляем вакцыны, мы ствараем сваю базу, каб адысці ад імпарту, гэта значыць, тэма імпартазамяшчэння", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Асобна Аляксандр Лукашэнка прапанаваў абмеркаваць тэму лекавага забеспячэння. "Нібыта мы неяк з чужымі субстанцыямі выйшлі на 50 і больш працэнтаў забеспячэння нашымі лекамі. Спыніліся ці ёсць рух?" - пацікавіўся ён.

Пра планы замест будаўніцтва "палацаў" павышаць зарплаты ўрачам і настаўнікам

Асаблівую ўвагу Прэзідэнт удзяліў пытанню развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы як у ахове здароўя, так і адукацыі. У гэтым напрамку ўжо нямала зроблена за мінулыя гады - пабудаваны і аснашчаны неабходныя аб'екты. Цяпер трэба ўдзяліць прыярытэтную ўвагу зарплатам работнікаў і перастаць узводзіць "палацы", толькі кропкава скончыўшы мадэрнізацыю або будаўніцтва там, дзе засталося гэта зрабіць.

"Медыцынскае абсталяванне і развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы. Наталля Іванаўна (Качанава. - Заўвага БЕЛТА), я вас папрашу, каб ва ўрадзе гэта пытанне - вазьміце на кантроль. Напэўна, нам трэба перастаць будаваць палацы як у ахове здароўя, так і ў адукацыі", - сказаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, у сферы адукацыі "нам вельмі трэба настаўнікаў паднімаць". "Каб настаўнік быў настаўнікам. Ва ўсіх сэнсах гэтага слова. Школ у нас хапае. У кожным мікрараёне новыя школы мы не пабудуем. У той час як у цэнтры Мінска пустуюць старыя. Нічога страшнага. Маршруты прадумаем і пад'едзем у школу. Той, хто хоча вучыцца, той знойдзе, як пад'ехаць, - адзначыў беларускі лідар. - Таму вось тут нам трэба больш звярнуць увагу на зарплаты настаўнікаў".

Што датычыцца зарплат медыцынскіх работнікаў, то ў гэтым напрамку па даручэнні Прэзідэнта ўжо рэалізаваны шэраг крокаў. Напрыклад, так званыя кавідныя надбаўкі пераклалі ў стандартную заработную плату. "Гэты шлях правільны", - лічыць кіраўнік дзяржавы.

Аднак на гэтым спыняцца нельга. "Трэба матэрыяльна падтрымаць тых, хто працуе. У нас ёсць і нянечкі, і сярэдні медыцынскі персанал, медыцынскія сёстры. У іх таксама работы вышэй за галаву. І ўрачы. Трэба падтрымліваць. Трэба рабіць так, каб у нас не было ніякага дэфіцыту (кадравага. - Заўвага БЕЛТА)", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца ўстаноў аховы здароўя, то ў Беларусі крыху засталося месцаў, "дзе бальніцы наогул ніякія", канстатаваў кіраўнік дзяржавы. "Вельмі няшмат месцаў. Таму там мы павінны завяршыць або мадэрнізацыю, або будаўніцтва бальніц", - сказаў ён.

Пра кадравую і мэтавую падрыхтоўку

У звязцы з папярэднім і кадравае пытанне. "Рэальная сітуацыя з кадрамі, што адбываецца?" - пацікавіўся Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што апошнім часам вельмі павялічыўся працэнт падрыхтоўкі мэтавікоў. "Рухаемся да таго, каб увогуле набіраць урачоў такіх, якія скончаць, і мы будзем ведаць, куды яны паедуць. Без усялякага размеркавання. Яны прыйдуць і будуць ведаць ужо, куды паедуць, таму што ў іх ёсць дагавор. Трэба рыхтаваць у сябе ўрачоў, якія будуць працаваць на сваю краіну, на сваю радзіму", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі