ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Чацвер, 11 жніўня 2022
Мінск Ясна +22°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
05 ліпеня 2022, 12:28

"Долары на хлеб не намажаш". Лукашэнка пра рост сусветных цэн на прадукты харчавання

Аляксандр Лукашэнка
Аляксандр Лукашэнка

5 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з кіраўніцтвам Савета Міністраў чарговы раз акцэнтаваў увагу на важнасці зладжанай і эфектыўнай работы аграпрамысловага сектара ў цяперашніх умовах, якія складваюцца ў рэгіёне і свеце ў цэлым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Каб абмеркаваць ход уборачнай кампаніі, якая пачалася, на нараду былі запрошаны губернатары.

"Кожны дзень увесь свет палохаюць голадам. Да восені, да зімы - небывалым голадам з часоў Вялікай Айчыннай вайны. Нагнятаецца сітуацыя, як з пандэміяй, яшчэ нечым. Але дыму без агню не бывае. Голаду быць. І не толькі таму, што не вывезлі ўкраінскае збожжа або Расія пад санкцыямі, - сказаў Прэзідэнт. - Таму не толькі хлеба не будзе ў свеце. Я пра гэта шмат разоў гаварыў. І вы бачыце бездапаможнасць, з якой аж цэлая ААН спрабуе прадухіліць непазбежны крызіс. 50 краін свету крытычна ад іх залежаць - ад гэтых прадуктаў харчавання. Дык гэта яшчэ кветачкі".

"Шалёны махавік санкцый адносна мінеральных угнаенняў, нафтапрадуктаў, лагістыкі перавозак (фрахт, страхоўка) пагражае сарваць наступныя аграсезоны і проста абваліць рынкі харчавання", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цэны будуць расці на прадукты харчавання ў цэлым, паколькі рост цэн на збожжавыя прывядзе да імгненнага росту на іншыя віды прадуктаў харчавання, прадукцыю жывёлагадоўлі. Ён звярнуў увагу, што цэны пабілі ўжо гістарычныя рэкорды. Як прыклад - пшаніца, якая толькі за апошнія паўгода падаражэла больш як на 60 працэнтаў. "Як аказалася, долары на хлеб не намажаш", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў, што папярэдні скачок цэн на пшаніцу ў 2008 годзе завяршыўся сумна вядомай "арабскай вясной". Збожжа стала вялікай палітыкай і, па сутнасці, зброяй.

"Таму я вам і гавару: калі будзе працаваць эканоміка, будзе што паесці і ў што апрануць людзей, - гэта гарантыя таго, што мы вытрымаем, - падкрэсліў беларускі лідар. - А калі ўрад не праваліць яшчэ пад выглядам санкцый іншыя сектары эканомікі, то ніякія санкцыі нам не страшныя".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі