ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Субота, 3 снежня 2022
Мінск Суцэльная воблачнасць -4°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
05 ліпеня 2022, 13:27

Дадатковыя меры падтрымкі грамадзян і працоўных калектываў сталі тэмай нарады ў Лукашэнкі

Аляксандр Лукашэнка
Аляксандр Лукашэнка

5 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адной з тэм нарады Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам Савета Міністраў стаў падрыхтаваны законапраект "Аб дадатковых мерах у сацыяльна-працоўнай сферы", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Урад прапануе прыняць меры па забеспячэнні стабільнасці ў сацыяльна-працоўнай сферы ва ўмовах санкцый. Меры часовыя. Дзейнічаюць да канца 2022 года. "Адразу пытанне: ці трэба нам сёння на паўгода прымаць нейкія законапраекты?" - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Па-першае, каб падтрымаць працоўныя калектывы, прапануецца аказваць мэтавую дзяржаўную падтрымку наймальнікам. "Гэта значыць прадпрыемствы прыватнай, дзяржаўнай формы ўласнасці, вялікія, малыя і гэтак далей?" - удакладніў беларускі лідар, атрымаўшы сцвярджальны адказ.

У сувязі з гэтым ён выказаў насцярожанасць наконт таго, ці не прападзе стымул у саміх прадпрыемстваў, і наколькі справядліва і абгрунтавана будзе аказанне такой падтрымкі: "Паўстае пытанне, навошта мне працаваць? У мяне добра ўсё, таму што стараецца працоўны калектыў, а там недзе (на іншых прадпрыемствах. - Заўвага БЕЛТА) правалілі, у асноўным па суб'ектыўных прычынах, - ім адразу з бюджэту грошы".

Па-другое, у падрыхтаваным урадам праекце пашыраюцца магчымасці наймальнікаў па арганізацыі працы, што павінна забяспечыць стабільную работу прадпрыемстваў і стварыць дадатковы рэсурс, каб больш эфектыўна задзейнічаць работнікаў і не дапусціць падзення іх даходаў. "А хто перашкаджае ў цяперашніх умовах эфектыўна задзейнічаць работнікаў і зрабіць так, каб даходы не падалі, а раслі? Заўсёды была такая мэта перад кіраўніком", - паставіў пытанне Прэзідэнт.

Як растлумачыў віцэ-прэм'ер Юрый Назараў, размова ідзе аб тым, што ў Працоўным кодэксе ёсць пэўныя абмежаванні па працягласці звышурочных работ, колькасці выхадных, якія можна выкарыстоўваць, па пераводзе работніка па рашэнні наймальніка на іншую работу.

"Калі толькі гэта, лічыце, што гэта прынята. Лепш акуратна, дамовіўшыся, пагаварыўшы, калі гэта трэба, часова або пастаянна, навучыўшы, перанавучыўшы або не навучаючы, перавесці работніка на іншую работу. Усякае ж бывае", - згадзіўся кіраўнік дзяржавы.

У сувязі з гэтым ён нагадаў аб сваіх тэзісах, вымаўленых на ўрачыстым сходзе. Прэзідэнт гаварыў пра абстаноўку вакол Беларусі, якая, няхай і без гарачай вайны, але вымушае дзейнічаць фактычна ва ўмовах ваеннага часу. "Калі людзі гэта не разумеюць, дык гэта што, гарачую вайну трэба развязаць? - задаў рытарычнае пытанне беларускі лідар. - Тады ж ніхто ні ў каго не пытаецца, куды пераводзіць".

"Але калі гэта будзе звязана з тым, што кіраўнік будзе спадзявацца на Галоўчанку і Назарава або на Качанаву (на рашэнні кіраўніцтва вышэйшых органаў дзяржаўнай улады. - Заўвага БЕЛТА), гэтага не будзе", - папярэдзіў Прэзідэнт.

Па-трэцяе, прапануецца ўстанавіць дадатковыя меры сацыяльнай абароны сем'яў, якія трапілі ў складаную фінансавую сітуацыю. "Паглядзім, што вы тут прапануеце. Мне здаецца, што лепш за ўсіх сем'і бачаць на месцах. У Мінску - кіраўнікі адміністрацый і старшыня гарвыканкама. На вёсцы - старшыні сельскіх саветаў і старшыні райвыканкамаў. І калі мы гаворым аб падтрымцы, гэта ж грошы. Дык давайце аддадзім ім (на месцы. - Заўвага БЕЛТА) грошы і проста іх абавяжам, каб яны дапамагалі гэтым сем'ям. Паглядзім, што вы прапануеце ў сувязі з гэтым".

"Калі вы думаеце, што Лукашэнка, Галоўчанка ці Качанава з Герасімавым лепш бачаць з Мінска, каму дапамагчы, вы памыляецеся. Мы проста павяжам па руках і нагах мясцовыя органы ўлады ў сувязі з аказаннем гэтай падтрымкі, калі некаму патрэбна. І агулам зноў цяпер вызначым. Зноў будзем падтрымліваць сем'і", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што выступае за тое, каб падтрымка аказвалася менавіта тым, каму яна сапраўды патрэбна. "А падтрымаць могуць толькі тыя, хто непасрэдна сутыкаецца з гэтымі сем'ямі. Мы толькі можам канцэптуальна ўказаць, што гэта трэба рабіць. І паставім на кантроль, як на месцы губернатар, старшыня райвыканкама і сельскага савета аказваюць гэту падтрымку сем'ям", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка папрасіў удзельнікаў нарады далажыць, ці не пагаршае падрыхтаваны дакумент становішча працоўных; якія выдаткі лягуць на бюджэт і які эфект будзе ад такога "страхавання" ці "падстрахоўкі" наймальнікаў; ці не прывядуць прапанаваныя новаўвядзенні да таго, што прадпрыемствам будзе больш выгадна атрымліваць дзяржпадтрымку, чым варушыцца самім. "І галоўнае, калі меры часовыя, ці трэба замацоўваць іх у законе?" - паставіў пытанне кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу на недапушчальнасць перакосу ў плане жадання адрэгуляваць тыя ці іншыя пытанні на заканадаўчым узроўні: "Я вам гавару як былы заканадавец, які займаўся гэтым. Закон прыняць - гэта год, паўтара, а тое і два. У спешцы не атрымаецца, калі па-сапраўднаму. І ці трэба нам усё гэта запіхваць, асабліва часовыя нарматыўныя палажэнні, у закон? Пакуль прымем закон, час міне. Закон рэгулюе найбольш працяглыя ўстойлівыя сувязі і адносіны. Навошта часовыя меры, якія яшчэ трэба падумаць, ці варта нам прымаць, рэгуляваць законам? Думаю, трэба гэта рабіць падзаконнымі актамі. Гэта ў цэлым заўвага".

Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч пасля нарады расказала журналістам, што па выніках дыскусій прынята рашэнне зафіксаваць дадатковыя меры падтрымкі грамадзян і працоўных калектываў не ў праекце закона, а ў праекце ўказа Прэзідэнта. Падрыхтоўка такога дакумента займае менш часу.

Паводле слоў Ірыны Касцевіч, вырашана адкарэкціраваць дзеючы механізм адраснай сацыяльнай дапамогі грамадзянам у частцы прадастаўлення дакументаў, якія пацвярджаюць даход. Калі цяпер трэба прадаставіць дакументы за 12 месяцаў, каб дзяржава аказала падтрымку, то ў новым указе гэты перыяд будзе скарочаны да 3 месяцаў для тых работнікаў, якія апынуліся ў рэжыме вымушанай непоўнай занятасці або былі звольнены. "Тым самым мы адрасна, кропкава дапамагаем чалавеку і яго сям'і вырашыць праблему ў сувязі са зніжэннем даходу", - адзначыла міністр.

Прымаць рашэнне аб аказанні падтрымкі будуць па-ранейшаму органы выканаўчай улады на месцах. "Мы не мяняем гэтыя падыходы. Менавіта там, дзе жыве чалавек, ведаюць праблему сям'і і чалавека, - растлумачыла кіраўнік Мінпрацы і сацабароны. - Трэба напісаць заяву, падаць дакументы ў рамках дзяржаўнай паслугі "адно акно" і ўжо адпаведныя органы будуць прымаць рашэнне".

Адносна тэрмінаў прыняцця новага ўказа яна паведаміла: "Як заўсёды, вельмі хутка. Тэрмін у нас адзін - усё робім тэрмінова і аператыўна, гэтага патрабуе час".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі