ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Чацвер, 30 чэрвеня 2022
Мінск Малавоблачна +25°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
08 мая 2022, 12:57

Чаму не бчб-сцяг і пагоня? Лукашэнка адказаў непасрэдна на пытанне аб дзяржсімволіцы

8 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час урачыстага рытуалу ўшаноўвання дзяржаўных сімвалаў адказаў непасрэдна на пытанне аб тым, чаму для краіны непрымальныя бчб-сцяг і пагоня, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што да гэтага часу ёсць людзі (хоць іх і меншасць), якія задаюцца пытаннем, чаму ў Беларусі менавіта такія дзяржаўныя сімвалы. "Чаму не бчб-сцяг, як у народзе яго называюць. Дык вось, адказваю непасрэдна на гэта пытанне, не хаваючы галаву як страус у пясок, паколькі перад вамі стаіць чалавек, які ініцыяваў у навейшай гісторыі на рэферэндуме пытанні аб сімволіцы нашай дзяржавы, выпрацоўваў яе, слухаў спецыялістаў, іх матывацыю", - сказаў Прэзідэнт.

Дзяржаўныя сімвалы павінны рабіць адметнай дзяржаву ад іншых дзяржаў, канстатаваў беларускі лідар. "Яны павінны адрозніваць нас з вамі ад іншых. Які быў прапанаваны герб? Пагоня. Вам ён не нагадвае герб іншай краіны? Мне нагадвае. Нам быў прапанаваны сцяг. Дадай яшчэ адну палоску - і мы запазычвалі суседняй краіны сцяг (маецца на ўвазе сцяг Польшчы. - Заўвага БЕЛТА). Дык няўжо ў нас не было сваёй гісторыі? Няўжо мы хацелі падагнаць сваю гісторыю і сваю краіну пад Літву або Польшчу? І як актуальна гэта сёння гучыць!".

"Сёння точаць нажы, шашкі і шаблі ў суседняй дзяржаве і мараць адхапіць паўкраіны, як гэта было да 1939 года. Можа, яны прапаноўвалі гэту сімволіку пад свае мары - мары 2020-га? Але я ўжо сказаў: у 2020-м мы раз і назаўсёды паставілі асінавы крыж на магіле тых, хто хоча разбурыць і знішчыць нашу краіну", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што беларускія герб і сцяг - асаблівыя, не падобныя на сімволіку іншых дзяржаў, у тым ліку суседніх. "Сімвалы - гэта памяць пакаленняў. Яны павінны ў сябе ўвабраць усё самае лепшае, што было ў народа ў яго гісторыі", - заявіў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, у дзяржаўных сімвалах Беларусі захаваны чырвоны і белы колеры. Белы - сімвалізуе чысціню беларускага народа, а чырвоны - барацьбу народа за незалежнасць, колер перамог, у тым ліку ў Вялікай Айчыннай вайне. "Мы дадалі сюды зялёны колер, які апошнія гады быў характэрны нашай сімволіцы. Гэта колер жыцця, міралюбнасці. Таму ўсе нашы перамогі грунтуюцца на нашым жаданні быць незалежнымі і сумленна працаваць на сваёй зямлі", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама звярнуў увагу на арнамент беларускага сцяга, які адлюстроўвае мары і спадзяванні народа, яго традыцыі. "Некалі маці, родныя і блізкія, аддаючы замуж сваю дачку, самае роднае, што ёсць, вышывалі гэты арнамент на адзенні нявесты. Маці, вышываючы арнамент, думала аб лепшым жыцці сваёй дачкі. А лепшае жыццё не магло быць без краіны. І мы гэта ўвасобілі ў нашых сімвалах", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што раней у час рэферэндуму беларускаму народу было прапанавана выбраць, якой павінна быць дзяржаўная сімволіка, і людзі падтрымалі тую, з якой краіна жыве і цяпер. "Народ вызначыўся, і ніякая кучка нашчадкаў калабарацыяністаў і здраднікаў сёння не могуць змяніць гэта рашэнне", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра неабходнасць жыць і дзейнічаць у адпаведнасці з законам, а значыць - паважаць і выконваць рашэнні, прынятыя народам на рэферэндуме, у тым ліку адносна дзяржаўных сімвалаў: "Навучыцца жыць па закону. Калі мы гэта не асвоім, не трэба сёння і змагацца за незалежнасць - нас зломяць, затопчуць і вытруць аб нас ногі. А рэферэндум - гэта вышэйшая воля народа, вышэйшы закон і яму трэба падпарадкоўвацца".

Гаворачы пра цяперашнія беларускія герб і сцяг, Прэзідэнт адзначыў, што ў адрозненне ад сімвалаў савецкай эпохі, на іх адсутнічаюць серп і молат. Яны сімвалізавалі ўдзел рабочых і сялян у фарміраванні дзяржавы, а ў новай эпосе, у навейшай гісторыі Беларусі да будаўніцтва сваёй краіны мелі дачыненне і іншыя сацыяльныя слаі, у тым ліку прадпрымальнікі, інтэлігенцыя. "Але, шчыра вам скажу, мне не прапанавалі і я не прыдумаў нічога ўзамен. Таму пакінулі такі сцяг. Можа, нашы дзеці і ўнукі, вы, моладзь, прыдумаеце нешта новае і прыўнесяце змяненні ў гэту сімволіку", - выказаў меркаванне кіраўнік дзяржавы.

Ён расказаў, што былі таксама доўгія разважанні, чым замяніць выяву сярпа і молата на гербе. "І тады я прапанаваў: не прыдумалі нічога новага, дык давайце граніцы нашай краіны (размесцім на гербе. - Заўвага БЕЛТА). Таму што ў прамянях сонца на гэтым маленькім шарыку з'явілася новая незалежная дзяржава", - растлумачыў Прэзідэнт.

"Сцяг і герб - сутнасць іх у тым, што ўвесь народ, усе мы павінны пакланяцца ім. Гэта, калі хочаце, свецкая ікона ў краіне", - лічыць Прэзідэнт.

"Скажыце, як мы маглі пакланяцца бчб-сцягам і іншым? Як, калі на гэтых сцягах кроў кожнага трэцяга беларуса? І тыя, хто гэта ведае, разумее, перажыў, яшчэ не памерлі. Яны жывыя. Як мы маглі пайсці на тое, каб даць права нашым людзям, заклікаць іх пакланяцца той сімволіцы?" - задаў рытарычныя пытанні кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што, вядома, самі сімвалы, якія навязваюцца Беларусі, у тым ліку бчб-сцяг і пагоня, і іх колеры не вінаватыя ў тым, якое значэнне яны набылі ў выніку гістарычных падзей. "На той сімволіцы кроў нашых людзей, плач і стогн нашых дзяцей, дзяцей Хатыні, жанчын і старых людзей! Там крыкі людзей Мінскага гета, плач і стогн закатаваных у канцлагерах. Там ганьба здрадніцтва і калабарацыянізму. Гэта было. Яшчэ раз падкрэсліваю: ніякі сцяг і герб у гэтым не вінаваты (хто вінаваты - ведаем). Але мы не можам пакланяцца гэтаму", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Я хачу, каб вы, маладыя, якія стаяць перада мной на гэтай плошчы, не забылі пра гэта. Забудзеце - будзе тое, што на поўдні нашай краіны, у братэрскай нам Украіне. Не дай бог, каб мы яшчэ раз, праз менш як стагоддзе, пасля страшнай вайны, не нашай вайны, якая пракацілася туды і назад (а колькі іх было!), каб мы у наш час паўтарылі гэта, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Давайце будзем жыць мірна, будаваць сваю краіну. Давайце будзем збірацца на мірныя, добрыя мерапрыемствы ў гонар вялікага. І давайце не будзем таптаць сваімі нагамі тое, што заваявалі многія пакаленні да нас. Давайце будзем ганарыцца гэтым - нашымі перамогамі і поспехамі!".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі