ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Субота, 3 снежня 2022
Мінск Суцэльная воблачнасць -4°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
29 жніўня 2022, 13:34

Бесперабойная работа нафтахімічнага комплексу. Лукашэнка прыняў з дакладам кіраўніка "Белнафтахіма"

Аляксандр Лукашэнка і Андрэй Рыбакоў
Аляксандр Лукашэнка і Андрэй Рыбакоў

29 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ўдалося забяспечыць бесперабойную работу прадпрыемстваў нафтахімічнага комплексу. Адпаведныя пытанні абмяркоўваліся ў час даклада Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку старшыні Беларускага дзяржаўнага канцэрна па нафце і хіміі ("Белнафтахім") Андрэя Рыбакова, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы ў першую чаргу пацікавіўся работай нафтаперапрацоўчых заводаў. "Якая цяпер сітуацыя ў параўнанні з тым, што было на мінулы год, на пачатак гэтага года? У дынаміцы што ў нас адбываецца? Зразумела, як мы будзем выходзіць на паказчыкі?" - паставіў пытанне беларускі лідар.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка спытаў, як ідуць справы з работамі па завяршэнні мадэрнізацыі двух айчынных НПЗ, і калі ёсць праблемныя пытанні, то ў чым іх прычыны.

У цэлым кіраўніка дзяржавы цікавіла, як нафтахімічны комплекс краіны адаптуецца да санкцыйнага рэжыму: "Мы ўсе гаворым: "Нафта, нафта". Нафтахімія, хімічная прадукцыя. Як працуюць прадпрыемствы? Няхай іх нават няшмат, але яны магутныя, вялікія. Тое ж самае: што ў нас адбываецца на гэтых прадпрыемствах? Як ідзе рэалізацыя, экспарт?".

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на "немалы слой праблем" у імпартазамяшчэнні. Гэта тэма, якая датычыцца ў тым ліку "Белнафтахіма".

Яшчэ адно пытанне - развіццё інтэграцыйнага супрацоўніцтва. "Саюзная праграма па фарміраванні адзінай тэрыторыі па нафце і газу. Як тут ідзе вырашэнне пытання?" - пацікавіўся беларускі лідар.

Як далажыў Андрэй Рыбакоў, удалося забяспечыць бесперабойную работу абсалютна ўсіх прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у канцэрн. "Мы забяспечылі ўсе плацяжы ў неабходным аб'ёме ў бюджэт, своечасова праводзіцца аплата за ўсе энергарэсурсы, у поўным аб'ёме і своечасова выплачваецца заработная плата. Прычым за 6 месяцаў рэальная заработная плата ў цэлым па канцэрне адпавядае ўзроўню мінулага года", - сказаў ён.

Пасля завяршэння даклада Андрэй Рыбакоў падзяліўся дадатковымі падрабязнасцямі з журналістамі. Што датычыцца мадэрнізацыі, то на "Нафтане" ўстаноўка запаволенага каксавання працуе яшчэ са студзеня па поўным вытворчым цыкле. А цяпер на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе ідуць пусканаладачныя работы на ўстаноўцы гідракрэкінгу. На айчынным азотным комплексе ідзе актыўная работа па мадэрнізацыі існуючых вытворчасцей. Усё ў рамках плана і якіх-небудзь істотных праблемных момантаў няма.

Кіраўнік канцэрна адзначыў, што ўнутраны рынак стабільны, забяспечаны ўсімі відамі паліва, мінеральных угнаенняў, асобнымі нафтахімічнымі прадуктамі.

Інтэграцыйная работа па рынках нафты, нафтапрадуктаў і газу вядзецца па двух трэках - з Расіяй у рамках Саюзнай дзяржавы і ў "пяцёрцы" ЕАЭС.

"Калі гаварыць пра саюзную праграму, то ў нас ёсць тэрміны і мы ў іх. Падрыхтаваны праект адпаведнага дагавора. Ён сёння знаходзіцца на разглядзе як у расійскага, так і ў нашага боку. Плануем да канца бягучага года зняць усе магчымыя і немагчымыя аспекты і спрэчныя пытанні для таго, каб у тэрмін да сярэдзіны наступнага года ўжо сфарміраваць канчаткова. Паралельна вядзецца аналагічная работа і па "пяцёрцы", - расказаў Андрэй Рыбакоў.

"У нас стаіць задача да сярэдзіны наступнага года сфарміраваць міжурадавы дагавор. А аднолькавыя ўмовы - яны не толькі ў нашай праграме. Яны ж і ў падатковай, і пераклікаюцца ў іншых праграмах. Таму ў комплексе прыняцце ўсіх праграм (размова аб рэалізацыі саюзных праграм з Расіяй. - Заўвага БЕЛТА) дазволіць гэта зрабіць", - удакладніў кіраўнік "Белнафтахіма".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі