Сцяг Чацвер, 23 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
26 студзеня 2024, 12:08

Ад палітычнага маркетынгу да нанаструктур. Лукашэнка ўручыў дыпломы доктара навук і атэстаты прафесара

26 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка напярэдадні Дня беларускай навукі ўручыў навуковым і навукова-педагагічным работнікам дыпломы доктара навук і атэстаты прафесара. Урачыстая цырымонія адбылася ў Палацы Незалежнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што праца вучоных і яе вынікі шмат у чым фарміруюць будучыню дзяржавы. "Нельга дапусціць, каб працы нашых вучоных стаялі на паліцы або пыліліся ў бібліятэках. Іх ужо цяпер чакаюць на вытворчасцях, у лячэбных установах, навучальных класах", - сказаў ён.

"Заставайцеся на вастрыі навуковага пошуку, развівайце нацыянальныя навуковыя школы. Стварайце будучыню роднай Беларусі", - пажадаў беларускі лідар.

Дыпломы доктара навук кіраўнік дзяржавы ўручыў 12 вучоным. У іх ліку доктар палітычных навук Святлана Алейнікава. Вучоная ступень ёй прысуджана за распрацоўку тэарэтычных асноў нацыянальнага палітычнага маркетынгу.

Вучоная ступень доктара тэхнічных навук прысуджана Ганне Бандарэнка за навуковае абгрунтаванне і распрацоўку тэхналагічных асноў фарміравання нанаструктур медзі, серабра і золата на порыстым крэмніі, якія дазволілі пашырыць магчымасці выкарыстання пакрыццяў з гэтых металаў і сінтэзаваць на іх аснове новыя функцыянальныя матэрыялы для электронікі і фатонікі.

Дыплом доктара медыцынскіх навук уручаны Алене Грыгарэнка. Вучоная ступень ёй прысуджана за распрацоўку методыкі персаніфікаванай ацэнкі рызыкі развіцця неспрыяльных сардэчна-сасудзістых падзей у аддаленым пасляаперацыйным перыядзе ў рэцыпіентаў трансплантанта печані, а таксама ўкараненне ў практычную ахову здароўя эфектыўных метадаў медыцынскай прафілактыкі.

Вячаславу Даніловічу вучоная ступень доктара гістарычных навук прысуджана за распрацоўку новага напрамку ў гістарыяграфіі, звязанага з комплексным даследаваннем ролі і месца моладзі ў грамадска-палітычным, сацыяльным-эканамічным і культурным жыцці Савецкай Беларусі ў 1921-1939 гадах.

Дыплом доктара фізіка-матэматычных навук уручаны Мікалаю Каландзе. Ён устанавіў фундаментальныя заканамернасці змянення крышталічнай структуры, магнітнага стану і электратранспартных уласцівасцей металааксідных звышправодных і магнітных злучэнняў, а таксама кампазітаў на іх аснове ў залежнасці ад умоў сінтэзу.

Ірыне Мінеевай вучоная ступень доктара хімічных навук прысуджана за распрацоўку новых метадаў тонкага арганічнага сінтэзу шэрага біяактыўных прыродных злучэнняў і іх фрагментаў. Гэта ў тым ліку перспектыўна для стварэння новых лекавых прэпаратаў і сродкаў аховы лясных насаджэнняў.

Дыплом доктара тэхнічных навук уручаны Алегу Вострыкаву за новыя вынікі ў галіне мадэлявання і разліку напружана-дэфармаванага стану цвёрдых цел пры наяўнасці ў іх рэшткавых механічных двайнікоў. Іх улік неабходны для павышэння дакладнасці прагназавання зараджэння разбурэння ў шырока выкарыстоўваемых у машынабудаванні і прыборабудаванні сталей розных марак, бронзы, латуні, тытану і сплаваў на яго аснове.

Вольга Святліцкая - доктар медыцынскіх навук - распрацавала і ўкараніла ў клінічную практыку метад комплекснай інтэнсіўнай тэрапіі вострага рэспіраторнага дыстрэс-сіндрому ў пацыентаў з пазабальнічнымі вірусна-бактэрыяльнымі пнеўманіямі. Гэты метад дазволіў скараціць працягласць штучнай вентыляцыі лёгкіх і тэрміны шпіталізацыі пацыентаў, а таксама знізіць удвая лятальнасць пацыентаў з такой паталогіяй.

Дыплом доктара медыцынскіх навук таксама ўручаны Галіне Сямак за распрацоўку і ўкараненне ў клінічную практыку высокаэфектыўнага метаду лячэння пацыентаў з дыстрафічнымі захворваннямі рагавіцы вока з выкарыстаннем айчыннага прэпарату гіялуронавай кіслаты.

Вучоная ступень доктара фізіка-матэматычных навук прысуджана Вадзіму Хартоўскаму за развіццё тэорыі пабудовы рэгулятараў для лінейных дынамічных сістэм, якія характарызуюцца спазненнем у часе рэакцыі сістэмы кіравання. Вынікі даследавання перспектыўныя для праектавання сістэм аўтаматычнага кіравання тэхналагічнымі працэсамі, а таксама для прагназавання эканамічнай эфектыўнасці прымаемых кіраўніцкіх рашэнняў.

Міхаілу Хадасевічу вучоная ступень доктара фізіка-матэматычных навук прысуджана за распрацоўку метадаў аналізу шматпараметрычных спектральных даных актываваных асяроддзяў у бачным і блізкім інфрачырвоным дыяпазонах, якія выкарыстоўваюцца для вызначэння колькасных і якасных характарыстык прадуктаў нафтахімічнай, лакафарбавай, будаўнічай і харчовай прамысловасці, а таксама для выяўлення падробак.

Вучоная ступень доктара медыцынскіх навук прысуджана Яўгену Шляхтунову за ўстанаўленне дыягнастычнай каштоўнасці вызначэння цыркулюючых пухлінных клетак у перыферычнай крыві пры рэзектабельным раку малочнай залозы ў якасці паказчыка рызыкі вяртання хваробы і распрацоўку новага метаду ад'ювантнай цытастатычнай хіміятэрапіі.

Атэстаты прафесара Прэзідэнт уручыў рэктару Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Аляксею Ягораву (па спецыяльнасці "права"), прафесару кафедры інфарматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Аляксандру Іванюку (інфарматыка і вылічальная тэхніка), загадчыку кафедры эканамічнай палітыкі і дзяржаўнага кіравання Акадэміі  кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Валерыю Мацелю (гісторыя), загадчыку навукова-даследчага аддзела генетыкі, селекцыі і біятэхналогіі Інстытута лесу НАН Беларусі Уладзіміру Падутаву (біялогія), рэктару Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Артуру Пуцяту (транспарт), прафесару кафедры славянскіх моў Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Ганне Раманоўскай (мовазнаўства), загадчыку кафедры тэхналогіі харчовых вытворчасцей Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій Алене Цэд (тэхналогія), дырэктару Інстытута глебазнаўства і аграхіміі Юрыю Шашко (аграномія), прафесару кафедры палімерных і кампазіцыйных матэрыялаў Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Жанне Шашок (тэхналогія).-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі