
9 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ЕАЭС будзе і далей умацоўваць сувязі з дружалюбнымі краінамі, у тым ліку з Садружнасцю Незалежных Дзяржаў (СНД), Шанхайскай арганізацыяй супрацоўніцтва (ШАС) і Асацыяцыяй дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (АСЕАН). Аб гэтым заявіў старшыня ўрада Расіі Міхаіл Мішусцін у час пасяджэння Еўразійскага міжурадавага савета ў Сочы, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"Наша інтэграцыйнае аб'яднанне (ЕАЭС. - Заўвага БЕЛТА) адкрыта для ўсіх, хто падзяляе нашы каштоўнасці. Будзем і далей умацоўваць сувязі з дружалюбнымі дзяржавамі і інтэграцыйнымі арганізацыямі. У першую чаргу гэта СНД, ШАС і АСЕАН. У мінулым годзе мы прынялі рашэнне аб пачатку перагавораў па стварэнні зоны свабоднага гандлю з Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі і з Інданезіяй. Удалося істотна рушыць наперад і ў дыялогу з Егіптам і Іранам", - сказаў Міхаіл Мішусцін.
Ён падкрэсліў, што ЕАЭС выступае за ўзаемавыгаднае і раўнапраўнае супрацоўніцтва і не навязвае пры гэтым нікому сваіх правіл гульні. "Такі падыход разам з выгадным геаграфічным становішчам саюза як лагістычнага, эканамічнага цэнтра Вялікага еўразійскага партнёрства закладвае каласальны патэнцыял для пашырэння гандлёва-эканамічных сувязей", - адзначыў старшыня ўрада Расіі.
Ён таксама выказаў упэўненасць у тым, што паслядоўнае паглыбленне інтэграцыйных працэсаў на еўразійскай прасторы адпавядае нацыянальным інтарэсам кожнай з дзяржаў "пяцёркі". "У нас агульная мэта - стварыць умовы для стабільнага развіцця нашых краін і павышэння якасці жыцця нашых грамадзян. Упэўнены, што мы разам вырашым пастаўленыя задачы", - рэзюмаваў Міхаіл Мішусцін.-0-