ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Нядзеля, 3 ліпеня 2022
Мінск Суцэльная воблачнасць +19°C
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
18 мая 2022, 14:09

Качанава: голас парламентарыяў Беларусі і Расіі павінен ярчэй гучаць на міжнароднай арэне

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава
Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава

18 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Голас парламентарыяў Беларусі і Расіі павінен ярчэй гучаць на міжнароднай арэне, заявіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў час сустрэчы з дэлегацыяй Заканадаўчага сходу Ніжагародскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Перш за ўсё хацела б вам падзякаваць за гэту цудоўную ініцыятыву прыехаць у нашу Беларусь. Я шчыра вам скажу, працуючы ў гэтым скліканні, такая сустрэча ў нас упершыню. Думаю, што гэта стане добрай традыцыяй, таму што тыя адносіны, якія звязваюць Беларусь і Расію, - гэта не проста добрасуседскія адносіны, гэта сапраўды братэрскія адносіны добрых сяброў, - сказала Наталля Качанава. - Нас звязвае агульная гісторыя, агульнае мінулае і абсалютна выразнае бачанне таго, як мы павінны супрацоўнічаць сёння. У гэтым няма ніякага сумнення. Вядома, задаюць танальнасць прэзідэнты нашых краін, візіты на вышэйшым і высокім узроўнях. І ўжо стала добрай традыцыяй, калі губернатары прыязджаюць да нас у Беларусь. Я думаю, што нам, парламентарыям, трэба больш цесна працаваць у гэтым напрамку. Прынятыя на Вышэйшым дзяржсавеце праграмы павінны рэалізоўвацца, чым мы і займаемся сёння. Немалаважная роля ў гэтым адводзіцца і нам, парламентарыям".

Спікер падкрэсліла: Савет Рэспублікі - орган тэрытарыяльнага прадстаўніцтва. "Мы працуем з усім дэпутацкім корпусам у краіне, пачынаючы ад сельскіх Саветаў. І таму нам вельмі важна рэгіянальнае ўзаемадзеянне. У нас сёння даволі цесныя адносіны паміж нашымі гарадамі, гарадамі-пабрацімамі. Я паглядзела статыстыку - 24 пары гарадоў, якія сёння ўзаемадзейнічаюць. Гэта важна, таму што менавіта там пачынаецца ўзаемадзеянне паміж нашымі народамі. Народная дыпламатыя - гэта, бадай, асноўнае, - адзначыла яна. - Я спадзяюся, што сёння-заўтра вы азнаёміцеся з работай нашых прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў і бліжэй азнаёміцеся з работай Савета Рэспублікі. Нам вельмі цікава гэта ўзаемадзеянне. Я ў сваю чаргу падумала, што і нам трэба ініцыяваць такія паездкі ў расійскія рэгіёны членаў Савета Рэспублікі. Хоць мы і так вельмі цесна ўзаемадзейнічаем у рамках Парламенцкага сходу, МПА СНД, вельмі цесна працуем з расійскімі калегамі, з членамі Савета Федэрацыі".

Наталля Качанава канстатавала: ва ўмовах санкцый і знешняга націску нашы краіны павінны яшчэ больш цесна ўзаемадзейнічаць. "І мы павінны заяўляць на ўсіх міжнародных узроўнях, там, дзе ёсць магчымасць, аб тым, што адбываецца ў адносінах да нашых краін. І гаварыць пра тую праўду, якая ёсць. Мы бачым, як сёння скажаецца гісторыя, як скажаецца тое, што адбываецца ў нашых краінах. Абсалютна адкрытая мана. Мы шмат прынялі зваротаў у 2020 годзе, калі ў нас адбываліся гэтыя падзеі. Мы шмат звярталіся да нашых калег у міжнародных арганізацыях, да парламентарыяў. Але, на жаль, яны не хочуць нас чуць, гэта проста брудная палітыка, якая сёння нацэлена на тое, каб разбурыць нашы краіны. Гэтага дапусціць нельга, таму голас парламентарыяў павінен ярчэй гучаць на міжнароднай арэне. І тое, што сёння мы падтрымліваем адзін аднаго, сведчыць аб тым, што гэта трэба прадаўжаць і прадаўжаць больш інтэнсіўна. Будзем супрацоўнічаць. І я думаю, што вы паклалі пачатак добрай традыцыі, і мы яе прадоўжым. Так здарылася, што вы ў нас першая дэлегацыя такога ўзроўню", - расказала старшыня Савета Рэспублікі.

Спікер нагадала: цяпер актыўна ідзе падрыхтоўка да дзявятага Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які будзе праходзіць у Гродне. "У бягучым годзе тэма - "Рэгіянальнае супрацоўніцтва і роля ў паглыбленні інтэграцыйных працэсаў". Мы спадзяёмся, што Ніжагародская вобласць прыме актыўны ўдзел у форуме ў бягучым годзе. Будзем чакаць вас, - адзначыла яна. - Сёлета па ініцыятыве Савета Федэрацыі ў рамках форуму пройдзе праект "Поезд памяці", калі 100 расійскіх і беларускіх дзесяцікласнікаў разам праедуць па гарадах Расіі і Беларусі. Сем гарадоў беларускіх, сем расійскіх. Старт будзе дадзены ў горадзе Брэсце і завершыцца паездка 3 ліпеня ў Мінску, у Дзень Незалежнасці Беларусі. Мы хочам, каб гэты праект стаў традыцыйным. Вы ўяўляеце, 200 чалавек на працягу такога часу будуць разам, будуць сябраваць. І мы разлічваем, што такі пачатак стане традыцыяй. Будзе сябраваць моладзь - будуць развівацца нашы адносіны і будзе будучыня ў нашых краін у плане сумеснага супрацоўніцтва. Нам трэба падумаць, якія яшчэ ініцыятывы ва ўзаемадзеянні дэпутацкага корпуса і парламентарыяў Расіі і Беларусі ўкараняць у наша супрацоўніцтва. Гэта трэба рабіць і гэта будзе правільна".

"Дзякуй за вашы прыемныя словы і за цёплы прыём, які мы чарговы раз атрымліваем, - дадаў старшыня Заканадаўчага сходу Ніжагародскай вобласці Яўген Люлін. - Я ветэран супрацоўніцтва Ніжагародскай вобласці і Беларусі. Ужо не адзін дзясятак гадоў удзельнічаю актыўна ў гэтых працэсах. Недзе разы ў 4 за гэтыя гады мы павялічылі аб'ём нашага эканамічнага супрацоўніцтва. Гэта дакладна. І гэта дынаміка паступальная павінна і далей развівацца. Мы павінны разам працаваць і супрацоўніцтва павінна быць не толькі на ўзроўні выканаўчай улады. Бо мы з вамі займаемся заканадаўчым забеспячэннем усіх працэсаў эканамічных, сацыяльных, культурных, адукацыйных. А мы ва ўсіх гэтых напрамках працуем".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі