ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Чацвер, 26 мая 2022
Мінск +11°C
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
24 снежня 2021, 10:16
Святлана Ярмак

Захваральнасць на грып можа вырасці ў канцы студзеня: ці не позна прышчапіцца?

Святлана Ярмак
Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач г. Мінска

Вынікі дазорнага эпідэміялагічнага сачэння паказваюць, што захваральнасць на ВРІ і грып расце ў цэлым па рэспубліцы. Мінск у ліку тых рэгіёнаў, дзе прырост выпадкаў найбольшы. Карэспандэнт БЕЛТА пацікавілася ў галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача сталіцы Святланы Ярмак, які вірус грыпу цяпер прэваліруе і ці паспее выпрацавацца спецыфічны імунітэт, калі зрабіць прышчэпку цяпер.

- Святлана Леанідаўна, як бы вы ацанілі сітуацыю адносна грыпу на гэты момант?

- Аб павышанай захваральнасці на грып мы гаворым, калі рэгіструецца перавышэнне парогавых значэнняў. Па грыпе такі парог у нас пакуль не перавышаны. Цяперашнюю сітуацыю ў сталіцы мы ацэньваем як кантралюемую. Гэта пацвярджаюць вынікі нашага эпідэміялагічнага дазорнага нагляду за цыркуляцыяй вірусаў вострых рэспіраторных інфекцый.

- У мінулым годзе COVID-19 выцесніў грып. У гэтым эпідэмічным сезоне, мяркуючы па ўсім, не варта чакаць паўтарэння сітуацыі, так?

- Не, у гэтым годзе мы такога не назіраем. Больш таго, мы бачым, што пэўныя захворванні, якія раней не рэгістраваліся і былі выцеснены кавідам, зноў актуальныя. Таму па шэрагу інфекцый трэба прадаўжаць праводзіць прафілактычныя мерапрыемствы, выкананне якіх не спынялася нават падчас пандэміі.

- Сезонны ўздым захваральнасці на грып чакаецца прыкладна з другой паловы студзеня. Ці ёсць сэнс вакцынавацца тым, хто гэтага яшчэ не зрабіў? Ці паспее выпрацавацца імунітэт?

- Кампанія вакцынацыі супраць грыпу ў гэтым годзе прадоўжана да 1 студзеня 2022 года. Таму тыя, хто яшчэ не вакцынаваны, могуць гэта зрабіць. Стымуляванне спецыфічнага імунітэту займае ў сярэднім 10-14 дзён. На момант чаканага ўздыму захваральнасці антыцелы паспеюць выпрацавацца. Таму цяпер, вядома ж, ёсць сэнс зрабіць прышчэпку. У Мінску ў наяўнасці вакцыны "Грыпол Плюс" (Расійская Федэрацыя) і "Ваксігрып Тэтра" (Францыя).

- А колькі мінчан ужо вакцынаваны?

- Вакцынавана 39,7 працэнта насельніцтва сталіцы. Мэтавы паказчык - 40 працэнтаў. Яшчэ крыху - і мы дасягнём планкі, якая дае магчымасць сфарміраваць калектыўны імунітэт. Калі гаварыць аб прафілактыцы менавіта грыпу, лічба 40 працэнтаў сябе апраўдала. Аналізуючы шматгадовую (з 2003 года) дынаміку, мы з упэўненасцю можам сцвярджаць, што пры такім узроўні вакцынацыі захваральнасць на грып рэзка зніжаецца.

Што датычыцца COVID-19, для фарміравання калектыўнага імунітэту павінна быць вакцынавана 60 працэнтаў насельніцтва і больш. І чым вышэйшы гэты працэнт, тым верагодней узнікненне калектыўнага імунітэту, што дае магчымасць абараніць усе слаі насельніцтва, якія па шэрагу прычын не могуць быць вакцынаваны.

Вакцынацыя супраць грыпу ў гэтым годзе асабліва актуальна, паколькі магчыма наслаенне грыпу на каранавірусную інфекцыю. А любая мікст-інфекцыя стварае дадатковыя складанасці ў плане лячэння. І грып, і COVID-19 небяспечныя сваімі ўскладненнямі. Таму мы настойліва рэкамендуем прышчапляцца супраць грыпу, асабліва тым групам насельніцтва, у якіх высокая рызыка ўскладненняў як каранавіруснай інфекцыі, так і грыпу.

- Ці актыўна вакцынуюцца работнікі прадпрыемстваў?

- Вакцынацыя на прадпрыемствах праводзіцца вельмі актыўна. Напрыклад, на "Мінсктрансе" ўзровень вакцынацыі работнікаў дасягае 70-85 працэнтаў. Актыўна вакцынуюцца там і ад COVID-19 - супраць каранавіруснай інфекцыі прышчэплена больш за 84 працэнты работнікаў. Да груп, якія падпадаюць пад абавязковую вакцынацыю супраць грыпу, адносяцца работнікі ўстаноў аховы здароўя - сярод гэтай катэгорыі дасягнуты мэтавы паказчык 90 працэнтаў. Больш таго, на сёння вакцынавана 91-92 працэнты работнікаў школ.

- Раней спецыялісты заяўлялі, што састаў процігрыпозных вакцын крыху зменены, паколькі з вірусам грыпу ў працэсе цыркуляцыі адбыліся генетычныя змяненні. Ці пацвердзіліся гэтыя прагнозы і ці абароняць існуючыя ў краіне вакцыны ад захворвання?

- У пацыентаў з сімптомамі вострых рэспіраторных інфекцый у дарослых і дзіцячых паліклініках бяруць мазкі для далейшай дыферэнцыяцыі вірусаў. Паводле апошніх даных, у асноўным у нас цяпер цыркулюе вірус грыпу A (H3N2). Вакцыны, якія ў гэтым годзе прапанаваны для вакцынацыі насельніцтва, маюць у саставе часціцы гэтага інактываванага віруса, што дае магчымасць сфарміраваць спецыфічны імунітэт.

Калі ў каго-небудзь узнікае пытанне, ці неабходна прышчапляцца ў гэтым годзе, калі прышчапляўся ў мінулым, - адназначна неабходна. Па-першае, штамавы састаў вакцын сапраўды зменены. Цыркулююць іншыя вірусы грыпу, да сустрэчы з якімі імунная сістэма не гатова. Па-другое, поствакцынальны імунітэт адносна нядоўгі і зніжаецца на працягу 6-12 месяцаў.

- З улікам цыркуляцыі новых штамаў якой вакцынай вы рэкамендавалі б прышчапіцца - бясплатнай "Грыпол Плюс" або чатырохкампанентнай платнай "Ваксігрып Тэтра"?

- Абедзве вакцыны добра сябе зарэкамендавалі, яны эфектыўныя і ў поўнай меры абараняюць ад грыпу. Выбар рабіць людзям. Галоўнае - прышчапіцца і абараніць сябе ад грыпу.

- А каму ў першую чаргу варта зрабіць прышчэпку супраць грыпу?

- Усім людзям, у тым ліку дзецям з трох гадоў, у якіх у анамнезе ёсць хранічныя захворванні, якія часта і доўга хварэюць, цяжарным, дзецям ад 6 месяцаў да 3 гадоў, людзям з імунадэфіцытнымі станамі, людзям старэйшым за 60 гадоў, у якіх, як правіла, аслаблены імунітэт і шмат хранічных захворванняў. Што датычыцца дзяцей, для іх вакцынацыя асабліва важная: у дзіцячых арганізаваных калектывах з-за цесных кантактаў павышана рызыка распаўсюджвання вострых рэспіраторных інфекцый.

Сярод кантынгентаў, якім паказана вакцынацыя, - работнікі, чыя дзейнасць звязана з актыўнымі кантактамі з насельніцтвам, медработнікі і работнікі фармгаліны, што кантактуюць з насельніцтвам, а таксама людзі, якія забяспечваюць бяспеку і жыццядзейнасць нашай дзяржавы.

- Ведаю, што санэпідслужба ацэньвае эфектыўнасць вакцынацыі. Якія высновы можаце зрабіць па выніку прышчэпачных кампаній мінулых гадоў?

- Паэтапная тактыка імунізацыі прывяла да таго, што з 2003 да 2020 года ўзровень захваральнасці на грып насельніцтва сталіцы знізіўся больш як у 10 разоў. Калі гаварыць аб папярэднім эпідэмічным сезоне, разлікі паказалі, што ўдалося папярэдзіць больш за 49,5 тыс. выпадкаў грыпу, у тым ліку каля 6 тыс. выпадкаў ускладненых форм. Больш таго, папярэджана больш за 45 тыс. выпадкаў вострых рэспіраторных інфекцый негрыпознай этыялогіі. Пры ўвядзенні вакцыны супраць грыпу адбываецца стымуляванне імунітэту, які дапамагае справіцца з іншымі негрыпознымі вірусамі, у прыватнасці, адэнавірусам, парагрыпам, рынавірусамі - іх вялікае мноства. Акрамя таго, у сувязі са змяншэннем зваротаў насельніцтва ўдалося знізіць нагрузку на амбулаторна-паліклінічныя ўстановы. Толькі за мінулы год было папярэджана больш 132,5 тыс. выпадкаў такіх зваротаў.

Калі гаварыць аб прадухіленым эканамічным уроне, то дзякуючы вакцынацыі супраць грыпу ён ацэньваецца ў суму, эквівалентную $10,2 млн. Значыць на кожны ўкладзены долар у вакцынацыю быў атрыманы эфект у эквіваленце $9.

- Нагадайце аб мерах прафілактыкі грыпу.

- Асноўныя меры прафілактыкі ўсё тыя ж, што і пры кавідзе: уваходны фільтр работнікаў, каб не дапускаць на рабочае месца людзей з прыкметамі вострай рэспіраторнай інфекцыі, праветрыванне памяшканняў, апрацоўка кантактных паверхней дэзынфіцыруючымі сродкамі, вільготнае прыбіранне памяшканняў. У грамадскіх месцах - дыстанцыраванне, паколькі мы не ведаем, хто знаходзіцца з намі побач. Эпідэміёлагі рэкамендуюць выкарыстоўваць маскі - яны перашкаджаюць распаўсюджванню інфекцыі ад хворага чалавека.

Расслабляцца не варта. Тым больш што цяпер з'яўляюцца новыя штамы COVID-19. Не паспелі вывучыць дэльта, як з'явіўся амікрон. Паводле існуючых навуковых даных Еўрапейскага бюро СААЗ, амікрон з'яўляецца штамам, які вельмі хутка распаўсюджваецца. Аб патагеннасці, значыць магчымасці выклікаць цяжкае захворванне, пакуль складана гаварыць, паколькі ён малавывучаны. Але ён вельмі кантагіёзны: 24 лістапада яго толькі выявілі, а ўжо 16 снежня ён быў зафіксаваны ў 69 краінах, ім заразіліся больш за 5,5 тыс. людзей.

Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі