ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Аўторак, 18 студзеня 2022
Мінск Пераменная воблачнасць -5°C
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
13 верасня 2011, 18:45

Тавараабарот Беларусі і Кітая па выніках 2011 года можа дасягнуць $3 млрд.

Кітай стаў стратэгічным саюзнікам Беларусі, і менавіта праз гэту прызму неабходна разглядаць дынамічнае развіццё беларуска-кітайскіх палітычных і гандлёва-эканамічных сувязей. Праз некалькі дзён у Мінск прыбывае старшыня Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў У Банга. Напярэдадні гэтага візіту намеснік прэм'ер-міністра Беларусі, старшыня беларускай часткі беларуска-кітайскай камісіі па гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву Анатоль Тозік у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА расказаў аб дасягненнях у развіцці беларуска-кітайскага ўзаемадзеяння, найбольш перспектыўных напрамках супрацоўніцтва і ўзаемавыгадных сумесных праектах.

- Развіццё ўсебаковых адносін з Кітайскай Народнай Рэспублікай - прыярытэтны напрамак знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь. За амаль дваццацігадовую гісторыю дыпламатычных адносін удалося дасягнуць многага. Бакі рэгулярна абменьваюцца візітамі на вышэйшым і высокім узроўнях, ажыццяўляецца актыўны міжпарламенцкі дыялог, дынамічна развіваюцца міжведамасныя беларуска-кітайскія кантакты. Беларусь і Кітай паспяхова супрацоўнічаюць у міжнародных арганізацыях, аказваючы ўзаемную падтрымку па прынцыповых пытаннях.

Якасна новы стан беларуска-кітайскія адносіны набылі пасля афіцыйнага візіту ў Пекін у снежні 2005 года Прэзідэнта Беларусі. Тады кіраўнікі Беларусі і Кітая Аляксандр Лукашэнка і Ху Цзіньтаа падпісалі сумесную дэкларацыю, дзе адзначалася, што беларуска-кітайскія адносіны выйшлі на ўзровень стратэгічнага партнёрства.

Хачу адзначыць, што на працягу апошніх гадоў Кітай стабільна ўваходзіць у першую дзясятку асноўных гандлёвых партнёраў Беларусі. Высокі ўзровень палітычных адносін паміж краінамі з'яўляецца важнай умовай дынамічнага развіцця і гандлёва-эканамічных сувязей, якія выгадны абодвум бакам.

Калі гаварыць аб перспектывах развіцця адносін, трэба адзначыць новыя магчымасці, якія адкрываюцца перад намі ў сувязі з уступленнем Беларусі ў Мытны саюз з Расіяй і Казахстанам. Абсалютна выгадным з'яўляецца для Беларусі і Кітая стварэнне на тэрыторыі Беларусі сумесных (або толькі кітайскіх) прадпрыемстваў і рэалізацыя іх прадукцыі на вялікім агульным рынку Беларусі, Расіі і Казахстана.

Я таксама ўпэўнены, што яшчэ больш паспяхова будзе развівацца супрацоўніцтва нашых краін у галіне турызму, у адукацыі, навуцы і культуры.

- Анатоль Апанасавіч, ці адбіўся сусветны фінансава-эканамічны крызіс на ўзаемадзеянні Беларусі і Кітая?

- Развіццё гандлёвага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кітаем апошнія гады характарызуецца асаблівым дынамізмам. У 2008 годзе аб'ём узаемнага гандлю таварамі і паслугамі дасягнуў $2,2 млрд. Сусветны фінансава-эканамічны крызіс у 2009 годзе аказаў пэўны ўплыў на развіццё беларуска-кітайскага гандлю: у гэтым годзе мы не пастаўлялі ў Кітай калійныя ўгнаенні, знізіўся і аб'ём імпарту з Кітая. Аднак ужо ў 2010 годзе тэмпы развіцця ўзаемнага гандлю таварамі і паслугамі не толькі істотна палепшыліся, але і перавысілі паказчыкі дакрызіснага 2008 года, перасягнуўшы $2,5 млрд.

За 7 месяцаў 2011 года гандлёвы абарот Беларусі і Кітая перасягнуў $1,7 млрд., што на 40 працэнтаў вышэй, чым за адпаведны перыяд 2010 года. А па выніках 2011 года мы можам дасягнуць $3 млрд.

Сёння ў Беларусі рэалізуецца шэраг буйных інвестыцыйных праектаў з удзелам кітайскага капіталу, у рамках выканання якіх у вялікіх аб'ёмах імпартуюцца тавары інвестыцыйнага прызначэння. Гэта тлумачыць значныя аб'ёмы імпарту. Мяркую, што ў далейшым сітуацыя будзе змяняцца і адмоўнае для нас сальда знешняга гандлю будзе паступова скарачацца, паколькі рэалізуемыя з кітайскімі партнёрамі праекты, як правіла, маюць імпартазамяшчальны і экспартаарыентаваны характар.

Такім чынам, можна гаварыць аб тым, што беларуска-кітайскія гандлёва-эканамічныя адносіны развіваюцца даволі паспяхова і сусветны эканамічны крызіс істотнага ўплыву на іх не аказаў.

- Вы закранулі ўзаемадзеянне ў інвестыцыйнай сферы? Наколькі яно эфектыўнае?

- Рэалізацыя ў Беларусі буйных інвестыцыйных праектаў пры крэдытнай падтрымцы кітайскіх банкаў дасць магчымасць паскорыць мадэрнізацыю эканомікі рэспублікі, павялічыць выкарыстанне мясцовых рэсурсаў, у значна большых аб'ёмах вырабляць канкурэнтаздольную на знешнім і ўнутраным рынках прадукцыю. Найбольш дынамічна інвестыцыйнае супрацоўніцтва развіваецца апошнія некалькі гадоў.

У ходзе сустрэчы са старшынёй КНР Ху Цзіньтаа 7 жніўня 2008 года Аляксандр Лукашэнка выказаў прапанову аб больш актыўным выкарыстанні Кітаем патэнцыялу Беларусі для пашырэння сваіх інтарэсаў на еўрапейскім кантыненце. Сёння мы ўжо можам бачыць пачатак рэалізацыі канцэпцыі "вялікага прыходу" Кітая ў Беларусь праз інвестыцыйнае, валютна-крэдытнае супрацоўніцтва і іншыя формы ўзаемадзеяння.

У якасці прыкладаў практычных дасягненняў беларуска-кітайскага супрацоўніцтва ў гэтай сферы можна назваць некалькі праектаў. У прыватнасці, гэта актыўная мадэрнізацыя Мінскіх ЦЭЦ-2 (ільготны крэдыт урада КНР) і ЦЭЦ-5 (крэдыт Дзяржаўнага банка развіцця Кітая). Вельмі важны праект мадэрнізацыі цэментнай галіны Беларусі: фактычна гэта будаўніцтва трох новых цэментных заводаў з прыцягненнем кітайскіх крэдытных рэсурсаў. Дарэчы, гэта буйнейшы праект у гісторыі беларуска-кітайскага крэдытна-інвестыцыйнага супрацоўніцтва.

17 снежня 2009 года ў Пекіне было падпісана рамачнае пагадненне аб развіцці доўгатэрміновага ўсебаковага супрацоўніцтва паміж урадам Рэспублікі Беларусь і Экспартна-імпартным банкам Кітая. У адпаведнасці з гэтым дакументам Экспартна-імпартны банк Кітая адкрыў беларускаму ўраду крэдытную лінію ў памеры $5,7 млрд. для фінансавання праектаў у Беларусі.

24 сакавіка 2010 года ў Мінску ў час візіту намесніка старшыні КНР Сі Цзіньпіна было падпісана рамачнае пагадненне аб фінансавым супрацоўніцтве паміж Міністэрствам фінансаў Беларусі і Дзяржаўным банкам развіцця КНР. У адпаведнасці з гэтым пагадненнем Дзяржаўны банк развіцця КНР адкрыў крэдытную лінію на суму $8,3 млрд.

Па выніках візіту Сі Цзіньпіна прапрацоўваецца таксама пытанне стварэння ў Беларусі Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку.

7 чэрвеня 2010 года ў Пекіне паміж Эксімбанкам КНР і ўрадам Беларусі было заключана генеральнае крэдытнае пагадненне аб прадастаўленні льготнага пакупніцкага крэдыту на суму $1 млрд.

У час візіту кіраўніка беларускай дзяржавы ў Кітай 9-11 кастрычніка 2010 года бакі падпісалі пакет дакументаў па рэалізацыі сумесных праектаў на $3,5 млрд. у сферы энергетыкі, будаўніцтва, прамысловасці, дарожна-транспартнай інфраструктуры. У снежні мінулага года заключаны крэдытныя пагадненні аб прадастаўленні льготных пакупніцкіх крэдытаў па праектах будаўніцтва энергаблокаў на Бярозаўскай і Лукомскай ДРЭС.

У чэрвені бягучага года ў час візіту кіраўнікоў Эксімбанка Кітая і Індустрыяльна-камерцыйнага банка Кітая падпісаны крэдытныя пагадненні аб фінансаванні буйных сумесных праектаў на агульную суму больш як $1 млрд. Гэта такія праекты, як будаўніцтва завода па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы на базе ААТ "Светлагорскі ЦКК" , рэканструкцыя аўтамабільнай дарогі М-5/Е271 Мінск - Гомель на ўчастку Жлобін - Гомель па параметрах I катэгорыі і электрыфікацыя ўчасткаў Гомель - Жлобін - Асіповічы і Жлобін - Калінкавічы.

Хачу адзначыць таксама паспяховую работу ў Мінску сумеснага беларуска-кітайскага прадпрыемства па выпуску бытавой тэхнікі.

Цяпер у працэсе прапрацоўкі знаходзіцца буйны праект па рэканструкцыі дзеючага аэравакзальнага комплексу Нацыянальнага аэрапорта Мінск са стварэннем сучаснага міжнароднага пасажырскага транзітнага тэрмінала і будаўніцтва другой узлётна-пасадачнай паласы, а таксама праекты па тэхнічнаму перааснашчэнню ААТ "Беларускія шпалеры" і будаўніцтву буйнейшай у краіне Віцебскай ГЭС, шэраг будаўнічых праектаў з прыцягненнем прамых кітайскіх інвестыцый: жылы квартал у мікрараёне Лебядзіны ў Мінску, гасцінічны комплекс "Пекін".

Трэба падкрэсліць, што беларускія кампаніі таксама рэалізавалі ў апошнія гады шэраг інвестыцыйных праектаў у Кітаі: створаны і паспяхова разгарнулі работу сумесныя прадпрыемствы па зборцы і сэрвіснаму абслугоўванню БелАЗаў у Пекіне, вытворчасці кормаўборачных і кукурузаўборачных камбайнаў, зборцы беларускіх трактароў у Харбіне.

- Як вы лічыце, ці поўнасцю нашы краіны выкарыстоўваюць патэнцыял супрацоўніцтва ў адукацыйнай і культурнай сферах? Якія найбольш важныя праекты ў гэтым напрамку?

- Аб паспяховым развіцці супрацоўніцтва ў галіне адукацыі і культуры сведчыць, напрыклад, тое, што ў 22 ВНУ Рэспублікі Беларусь навучаюцца амаль 2 тыс. кітайскіх грамадзян.

А ў снежні 2006 года на базе БДУ заснаваны Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя, які займаецца папулярызацыяй Кітая і кітайскай мовы, збліжэннем і ўзаемаўзбагачэннем нацыянальных культур, аказаннем дапамогі арганізацыям абедзвюх краін у гандлёва-эканамічным і навуковым супрацоўніцтве.

У 5 агульнаадукацыйных установах Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца выкладанне кітайскай мовы. У 2010/2011 навучальным годзе кітайскую мову вывучалі 260 навучэнцаў агульнаадукацыйных устаноў рэспублікі, 90 навучэнцаў - на факультатыўных занятках.

Беларускія ВНУ штогод прымаюць удзел у буйнейшых кітайскіх міжнародных адукацыйных выстаўках. Так, у 2010 годзе на адукацыйнай выстаўцы "China Education Expo 2010" у Шанхаі была прадстаўлена калектыўная экспазіцыя ВНУ Беларусі. Беларускія дэлегацыі таксама прынялі ўдзел у міжнародных адукацыйных выстаўках у Пекіне, Цяньцзіні, Шыцзячжуане.

У кастрычніку-лістападзе мінулага года ў Беларусі працавала дэлегацыя 25 кіраўнікоў вышэйшых навучальных устаноў Кітая ў рамках пагаднення паміж Міністэрствам адукацыі Беларусі і Дзяржаўным упраўленнем па справах замежных спецыялістаў КНР аб супрацоўніцтве ў галіне прафесійнай падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі, стажыроўкі і перападрыхтоўкі кадраў, абмену спецыялістамі. Па выніках візіту падпісана каля 40 прамых дагавораў паміж універсітэтамі Беларусі і Кітая.

Устаноўлены прамыя кантакты, праводзяцца абмены візітамі паміж маладзёжнымі арганізацыямі, саюзамi жанчын, фондамі міру. Рэгулярна ажыццяўляецца абмен дэлегацыямі прадстаўнікоў СМІ. Паглыбляецца практычнае супрацоўніцтва ў галіне аховы здароўя, а таксама сферы культуры. Рэгулярна праводзяцца Дні культуры Рэспублікі Беларусь у КНР і кітайскай культуры ў Беларусі.

- Праз некалькі дзён у Мінск прыбывае старшыня Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў У Банга. Якое значэнне надаецца гэтаму візіту?

- Візіт у Рэспубліку Беларусь кіраўніка такога высокага ўзроўню мае для нашай краіны вялікае значэнне і фактычна адлюстроўвае стан адносін паміж краінамі. Візіт адбудзецца 17-20 верасня. Разам з У Банга прыбывае прадстаўнічая дэлегацыя, усяго каля 150 чалавек - кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, буйнейшых карпарацый, банкаў. І хоць візіт праходзіць па міжпарламенцкай лініі, чакаецца падпісанне шэрагу важных дакументаў у галіне крэдытна-інвестыцыйнага супрацоўніцтва.

У ходзе візіту запланаваны сустрэчы У Банга з Аляксандрам Лукашэнкам, прэм'ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам, старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам. Чакаецца, што высокі госць наведае Мінскую ЦЭЦ-2, а таксама прыме ўдзел у закладцы "першага каменя" ў будаўніцтве гасцінічнага комплексу "Пекін".

Беларускі бок лічыць, што гэты візіт стане новым пунктам адліку ў развіцці беларуска-кітайскіх адносін ва ўсіх галінах.

Аліна ГРЫШКЕВІЧ,
БЕЛТА.
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі