ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Аўторак, 18 студзеня 2022
Мінск Пераменная воблачнасць -5°C
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
28 кастрычніка 2011, 17:06

СПРАВЯДЛІВАСЦЬ - ІХ РАМЯСТВО

З 1 студзеня 2012 года ў Беларусі пачне працаваць адзіны орган папярэдняга расследавання - Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь, стварэнне якога спецыялісты і эксперты называюць не інакш як прарывам у рэформе праваахоўнай сістэмы. Унікальнасць і важнасць гэтай структуры падкрэслены і кадравымі рашэннямі Прэзідэнта краіны, які нядаўна назначыў кіраўніка, па сутнасці, пакуль яшчэ "папяровага" дзяржоргана. Ці ўпэўнена пачне новы год нованароджаны камітэт, які след ён мае намер пакінуць у прававой сістэме і жыцці грамадства, ад якіх спецыялістаў будзе залежаць яго рэпутацыя і імідж? Аб гэтым у эксклюзіўным інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА расказаў старшыня Следчага камітэта Валерый Вакульчык.

- Валерый Паўлавіч, сам факт утварэння Следчага камітэта ўжо з'яўляецца беспрэцэдэнтнай падзеяй для беларускай прававой сістэмы па многіх прычынах: сціснутых тэрмінах яго стварэння, каласальнаму аб'ёму работ, задачах, функцыях і... чаканнях. Як вы ўспрынялі назначэнне на такую адказную пасаду, якая не прадугледжвае хаджэння па пратаптаных дарожках?

- Назначэнне на пасаду старшыні Следчага камітэта было нечаканым. Сваю кандыдатуру ў гэтай якасці я не разглядаў, хоць Аператыўна-аналітычны цэнтр (Валерый Паўлавіч узначальваў ААЦ з мая 2008 па кастрычнік 2011 года. - Заўвага. БЕЛТА) падтрымліваў ідэю аб мэтазгоднасці стварэння адзінага органа папярэдняга расследавання. Адна з задач ААЦ - вывучэнне і аналіз праблем у розных сферах жыцця дзяржавы і грамадства, падрыхтоўка прапаноў па іх сістэмнаму вырашэнню. Даволі часта праблемы ўзнікаюць з-за хібаў у заканадаўстве або, скажам, у структуры дзяржорганаў. Разглядаючы сітуацыю ў праваахоўнай сферы, мы ўбачылі праблемы, якія не маюць прыватнага характару і не звязаны з чалавечым фактарам, як можа здацца на першы погляд. Напрыклад, мелі месца факты, калі з-за неналежнага выканання асобнымі супрацоўнікамі органаў папярэдняга расследавання службовых абавязкаў суды прыцягвалі да адказнасці невінаватых або ж, наадварот, вінаватыя ва ўчыненні злачынства пазбягалі крымінальнай адказнасці, не кампенсавалі прычынены дзяржаве і пацярпелым урон. Такіх фактаў нямнога, але было відавочна, што без кардынальных рашэнняў пазбегнуць іх у будучым не ўдасца. Як змяніць сітуацыю? На думку калектыву ААЦ, адным з варыянтаў павышэння якасці папярэдняга расследавання і, адпаведна, больш поўнага ўвасаблення ў рабоце праваахоўнікаў прынцыпаў справядлівасці і непазбежнасці пакарання стане стварэнне Следчага камітэта, які забяспечыць незалежнасць следчых.

Галоўнае патрабаванне для следчага - бездакорна выконваць закон і толькі ім кіравацца. Але ў той жа час ён не проста сляпы выканаўца. Расследуючы крымінальную справу, ён павінен вывучыць прычыны і ўмовы, якія садзейнічалі ўчыненню злачынства. Упэўнены, што ў працэсе работы Следчага камітэта будуць выяўляцца розныя праблемы, і мы, выкарыстоўваючы права ўнясення прапаноў па ўдасканаленню крымінальнага заканадаўства і прававой сістэмы, зможам выпрацаваць слушныя прапановы.

- Многія ўбачылі ў беларускім Следчым камітэце аналогіі з амерыканскім ФБР, расійскім Следчым камітэтам... Дык "каб дагадзіць” або ж "таму што" ствараецца новы дзяржорган?

- Адназначна не каб дагадзіць. Паралелі са следчымі органамі замежных краін у пэўным сэнсе апраўданы. Мы вывучалі іх вопыт і маем намер улічваць у сваёй рабоце іх памылкі і дасягненні.

Адзначу, што ідэя стварэння ў Беларусі адзінага органа папярэдняга расследавання належыць кіраўніку дзяржавы, з гэтай ініцыятывай ён выступаў і ў першыя гады прэзідэнцтва. Гэта пытанне абмяркоўвалася, прычым і мэты ставіліся абсалютна такія ж, як і цяпер, - забеспячэнне незалежнасці следчага і аб'ектыўнасці пры расследаванні крымінальных спраў незалежна ад пасад тых асоб, адносна якіх яны ўзбуджаны. Аднак тады кіраўніцтву краіны, міністэрствам і ведамствам неабходна было вырашаць больш надзённыя праблемы, выкліканыя распадам СССР, і прапанова аб стварэнні адзінага органа папярэдняга расследавання засталася нерэалізаванай.

Другая спроба стварыць такі дзяржорган была зроблена ў пачатку 2000-х. Быў створаны Следчы камітэт МУС, і ён, у прынцыпе, добра сябе зарэкамендаваў. Але зноў наступілі на тыя ж граблі - перамаглі ведамасныя інтарэсы. Прасцей кажучы, кіраўнікі тэрытарыяльных органаў МУС захацелі, каб следства засталося ў іх падпарадкаванні.

Наступным крокам на шляху стварэння можна лічыць праведзеную ў жніўні 2009 года нараду па праекту закона "Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытанню ўзмацнення барацьбы са злачыннасцю". На ёй кіраўнік дзяржавы зноў прапанаваў вывучыць пытанне аб мэтазгоднасці стварэння асобнага Следчага камітэта.

- На якой стадыі знаходзіцца фарміраванне Следчага камітэта?

- Праведзена вельмі вялікая работа. Самае галоўнае - закладваецца прававая аснова дзейнасці будучага Следчага камітэта. Практычна завершана падрыхтоўка праекта закона "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях утварэння Следчага камітэта".

Змяненні і дапаўненні прапануецца ўнесці ў некалькі дзясяткаў нарматыўных прававых актаў, у тым ліку ў Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы, закон "Аб аператыўна-вышуковай дзейнасці". Трэба разумець, што ёсць шмат нарматыўных актаў, якія не толькі рэгламентуюць працэсуальныя рэчы, але і саму жыццядзейнасць розных ведамстваў. Следчы камітэт - гэта новы дзяржаўны орган.

У бліжэйшы час законапраект будзе ўнесены ў ніжнюю палату парламента. Паколькі папраўкі кардынальна не змяняюць дзеючае заканадаўства і маюць хутчэй тэхнічны характар, я спадзяюся, што парламентарыі не стануць зацягваць з іх прыняццем.

Распрацоўкай законапраекта займаецца створаная па даручэнню Прэзідэнта рабочая група пры Дзяржаўным сакратарыяце Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь. Адзначу, што група правяла каласальную работу, трэба было разабрацца, у якія нарматыўныя акты неабходна ўнесці папраўкі, падрыхтаваць змяненні і дапаўненні, узгадніць іх з усімі зацікаўленымі міністэрствамі і ведамствамі.

Ёсць таксама разуменне, які следчы патэнцыял мы маем. У краіне працуе больш за 4 тыс. следчых. Зразумела, калі глядзець на нормы, то гэтых спецыялістаў недастаткова, у іх высокая нагрузка, але, з майго пункту гледжання, для выканання задач, якія стаяць перад Следчым камітэтам, такой колькасці дастаткова.

- Чаму не быў распрацаваны асобны закон аб Следчым камітэце?

- А навошта? Асобны закон не патрэбны, паколькі следства як было, так і застанецца. Зменіцца форма, але прынцыповых заканадаўчых новаўвядзенняў не будзе, і ў іх няма неабходнасці. Напрыклад, нормы КПК прадугледжваюць незалежнасць следчага, самастойнасць прыняцця iм рашэнняў па расследаванню крымінальных спраў, каб ніхто не мог на яго аказваць націск або ўплыў. Гэтыя прынцыпы прапісаны ў заканадаўстве. Іншая справа, што не было эфектыўнага механізма іх выканання. З гэтага пункту гледжання Следчы камітэт - больш дасканалы механізм рэалізацыі названых заканадаўчых палажэнняў.

Вяртаючыся да папярэдняга пытання, адзначу, што прапрацоўваюцца пытанні па забеспячэнню Следчага камітэта транспартам, ёсць дакладнае бачанне структуры Мінскага гарадскога і абласных упраўленняў, раённых падраздзяленняў камітэта. Вызначаюцца колькасць і абавязкі кожнага супрацоўніка. Як правіла, гэтай работы не відаць, але яна не менш важная. У гэтым плане вельмі своечасовым з'яўляецца рашэнне Прэзідэнта аб назначэнні кіраўнікоў камітэта, таму што на завяршальнай стадыі яго фарміравання ёсць шэраг асаблівасцей, рашэнні па якіх павінны прымацца тымі, хто будзе іх пасля ажыццяўляць.

Ідзе работа па падбору кандыдатаў на пасады намеснікаў старшыні камітэта, кіраўнікоў структурных падраздзяленняў. Я і першы намеснік Андрэй Швед маем агульнае меркаванне па патэнцыяльных кандыдатах.

Таксама адзначу, што цяпер па даручэнню кіраўніка дзяржавы пачалася атэстацыя следчых работнікаў МУС, Генпракуратуры, ДФР КДК, пасля завяршэння якой гэтыя спецыялісты пяройдуць у Следчы камітэт.

- Вы не згадалі КДБ, у якім таксама працуюць следчыя.

- Рашэннем кіраўніка дзяржавы ў КДБ застанецца толькі выключная падследнасць па расследаванню крымінальных спраў, якія датычацца пытанняў нацыянальнай бяспекі. Напрыклад, шпіянаж, абарона дзяржаўных сакрэтаў, г.зн. па тых асабліва вузкіх напрамках, якія заўсёды адносіліся да кампетэнцыі органаў дзяржбяспекі. Такога падыходу прытрымліваецца не толькі Беларусь, але і іншыя дзяржавы свету.

У КДБ застанецца невялікая колькасць следчых.

- Па якіх крытэрыях будуць прымацца супрацоўнікі ў Следчы камітэт? Будзе праводзіцца адбор або ж следчыя з органаў дазнання трапяць "аўтаматычна" ў штат камітэта?

- Па-першае, па даручэнню кіраўніка дзяржавы праводзіцца атэстацыя ўсіх следчых работнікаў МУС, Генпракуратуры і ДФР КДК. Тыя, хто прайшоў атэстацыю, будуць прыняты на работу ў Следчы камітэт. У рабоце атэстацыйнай камісіі прымаюць удзел і супрацоўнікі Следчага камітэта. Магчыма, што некаторыя следчыя не маюць дастатковых прафесійных навыкаў або не жадаюць працаваць на гэтай ніве. Разумею, што фармальна падстаў для іх звальнення не было. Але для таго каб працаваць у Следчым камітэце, патрэбны падставы, гэта павінны быць людзі, якія, перш за ўсё, патрыёты сваёй краіны, прафесійна дасведчаныя, сумленныя, здольныя па сваіх дзелавых і чалавечых якасцях вырашаць пастаўленыя перад камітэтам задачы.

У той жа час мы гатовы разглядаць і кандыдатуры спецыялістаў, якія цяпер не працуюць па спецыяльнасці, але маюць профільную адукацыю і вопыт. Яшчэ адзін шлях папаўнення кадравага складу - выпускнікі Акадэміі МУС, юрыдычных факультэтаў ВНУ.

Мне хацелася б сфарміраваць каманду аднадумцаў з людзей, якія дэвізам свайго жыцця могуць прызнаць назву дэтэктыўных аповесцей украінскага пісьменніка Уладзіміра Кашына "Справядлівасць - маё рамяство". Следчы піша будучае чалавека, яго лёс, і ён павінен, з аднаго боку, быць аб'ектыўным і непрадузятым, з другога ж - праніклівым, здольным бачыць ісціну. І такіх людзей мы будзем шукаць.

Дарэчы, даведаўшыся аб стварэнні Следчага камітэта, спецыялісты прысылаюць просьбы аб працаўладкаванні. Паколькі адраса пакуль у нас няма, яны шлюць пісьмы ў міністэрствы, Генпракуратуру ў надзеі, што рана ці позна яны знойдуць адрасата. Магу запэўніць, што ўсе звароты будуць разгледжаны і вывучаны.

- На якой вуліцы будзе знаходзіцца цэнтральны офіс Следчага камітэта?

- Пакуль не вызначыліся. Ёсць некалькі варыянтаў. Кіраўнік дзяржавы таксама звяртаў увагу на гэта пытанне, сам прапанаваў некалькі варыянтаў.

- Валерый Паўлавіч, а ці не атрымаецца, як у вядомай байцы, - "а вы, сябры, як ні садзіцеся"... Возьмем, напрыклад, раённы аддзел унутраных спраў, дзе ў адным будынку разам размяшчаюцца аператыўныя работнікі і следчыя. Што зменіцца пасля 1 студзеня? Новы запіс у працоўных кніжках дазнаўцаў не перашкодзіць некаторым з іх прадоўжыць жыць па прынцыпу "рука руку мые" і не прымусіць быць аб'ектыўнымі ў расследаванні...

- Перакананы, стварэнне Следчага камітэта нельга праводзіць рэзка, разрываючы існуючыя кантакты. Ёсць некалькі аспектаў гэтай праблемы. На самай справе добрыя прафесійныя, а часцей і сяброўскія адносіны адыгрываюць і станоўчую ролю. Раскрывае злачынства і выкрывае вінаватага трыа "аператыўнік - крыміналіст - следчы", а не кожны з іх паасобку. Калі аператыўнік добра спрацаваў, то следчаму значна лягчэй дабрацца да ісціны, калі ж ён памыліўся - шанцы ў следства невялікія, а ў многіх выпадках і прывідныя. Пытанні ўзаемадзеяння аператыўных падраздзяленняў і следства вельмі важныя, нездарма Прэзідэнт звярнуў на іх асаблівую ўвагу ў самым пачатку абмеркавання магчымасці стварэння Следчага камітэта. Назначаючы ж мяне на пасаду старшыні (а я па адукацыі і вопыту работы аператыўны супрацоўнік, які мае вялікі вопыт работы са следчымі), кіраўнік дзяржавы паставіў задачу зблізіць следства з аператыўна-тэхнічнымі службамі.

Што датычыцца месцазнаходжання супрацоўнікаў. У Мінску і іншых гарадах падабрана больш за 40 будынкаў для перадачы следчаму камітэту. Гэта пытанне цяпер прапрацоўваецца, вывучаецца. Найбольш буйныя падраздзяленні будуць знаходзіцца ў асобных будынках. Але задачы выдзеліць усім структурным падраздзяленням асобныя будынкі не стаіць. Правільней сказаць - неабходна забяспечыць асобнае размяшчэнне супрацоўнікаў Следчага камітэта - гэта можа быць паверх, крыло будынка.

- Якія катэгорыі злачынстваў вы аднесяце да прыярытэтных для Следчага камітэта?

- Любое злачынства закранае лёсы людзей як з боку пацярпелых, так і з боку падазроных, не гаворачы ўжо аб асуджаных. І не зусім правільна падзяляць крымінальныя справы на прыярытэтныя і менш значныя.

Следчы камітэт пачне работу з 1 студзеня 2012 года. У першы час звычайныя грамадзяне не заўважаць змяненняў, але так яно і павінна быць. Следства - гэта спецыфічная сфера, яно павінна бесперапынна прадаўжацца незалежна ад назвы дзяржоргана.

Аляксандр САМ,
БЕЛТА.
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі