ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Серада, 17 жніўня 2022
Мінск Ясна +19°C
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
28 сакавіка 2014, 08:16

Сяргей Маскевіч: Новыя правілы прыёму ў ВНУ і ССНУ ўлічваюць пажаданні абітурыентаў

Сёлета ўступная кампанія ў Беларусі пройдзе па ўдасканаленых правілах прыёму ў ВНУ і ССНУ. Указ, што рэгулюе правядзенне ўступнай кампаніі ў 2014 годзе, падпісаны. Аб тым, якія новаўвядзенні чакаюць абітурыентаў і чым парадуюць іх установы вышэйшай адукацыі, расказаў у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА міністр адукацыі Сяргей Маскевіч.

- Сяргей Аляксандравіч, у некаторых інтэрв'ю вы адзначалі, што змяненні правіл прыёму ў ВНУ і ССНУ своечасовыя і не маюць радыкальнага характару. Чаго чакаць абітурыентам, якія нормы змяніліся?

- Асноўны пастулат уступнай кампаніі - структура экзаменаў у ВНУ, правядзенне цэнтралізаванага тэсціравання, выпускных і ўступных іспытаў не змяніліся. Дні прыёму дакументаў таксама не змяніліся. У новай рэдакцыі адбыліся хутчэй якасныя змяненні, вызначаны вельмі жывы і сучасны механізм прыцягнення на навучанне кадраў, якія запатрабаваны ў эканоміцы. Нам неабходна было, у большай ступені, зацікавіць моладзь у атрыманні розных запатрабаваных спецыяльнасцей. І лічу, нам гэта ўдалося.

- У час абмеркавання новаўвядзенняў у кіраўніка дзяржавы ішла размова і аб змяненнях, якія закранулі мэтавы набор. На каго разлічаны прапановы па мэтавай падрыхтоўцы?

- Мы ўнеслі карэктывы ў сістэму мэтавай падрыхтоўкі, якія ставяць новыя задачы як перад абітурыентам, так і работадаўцам. Акрамя значнага павелічэння квоты на мэтавую падрыхтоўку па медыцынскіх і сельскагаспадарчых спецыяльнасцях, адбылося самае важнае - змяненне самога прынцыпу мэтавага набору. З бягучага года прадпрыемствам, арганізацыям і іншым структурам прадастаўлена магчымасць рыхтаваць свайго будучага работніка. Цяпер на мэтавую падрыхтоўку могуць прыйсці абітурыенты як з вёскі, так і горада і прыняць іх можна на любую неабходную прадпрыемству або фірме спецыяльнасць.

У цяперашніх умовах пытанне падрыхтоўкі кадраў становіцца вельмі адкрытым, празрыстым і даступным для любога кіраўніка вытворчасці або прадпрыемства. Прадстаўнікі любых кампаній могуць ісці ў школы і весці агітацыю, дамаўляцца са старшакласнікамі, заключаць пагадненні аб будучай падрыхтоўцы, ёсць магчымасці абяцаць дадатковыя стыпендыі, клапаціцца аб будучых спецыялістах яшчэ ў час навучання. Ва ўмовах кадравага дэфіцыту работадавец атрымаў магчымасць загадзя шукаць свае кадры ў гімназіі або школе.

А ВНУ ў новых умовах адказвае за якасць ведаў, што прадастаўляюцца. Але цяпер, калі работадавец не перагледзіць сваё стаўленне да кадравага рэзерву, у яго не будзе ў бліжэйшай перспектыве магчымасці адабраць лепшых спецыялістаў для сваёй галіны. Кіраўнік дзяржавы заўсёды ставіў задачу не штампаваць кадры, а вучыць студэнтаў на тых спецыяльнасцях, якія вельмі неабходны краіне. І новая рэдакцыя правіл прыёму своечасова адрэагавала на гэта патрабаванне. Раней адказвалі за працэс падрыхтоўкі кадраў толькі ВНУ, а новыя правілы прыёму ўключылі ў гэты працэс прадпрыемствы - заказчыкаў кадраў. Для таго каб падрыхтаваць свайго спецыяліста, яго трэба далучыць да прафесіі яшчэ ў школе. У прыватнасці, павялічыць квоту на мэтавую падрыхтоўку па медыцынскіх і сельскагаспадарчых спецыяльнасцях, пашырыць мэтавы набор на ўсе спецыяльнасці. Закранаючы гэту тэму, хачу нагадаць, што сам мэтавы прыём абітурыентаў у ВНУ па сельскагаспадарчых спецыяльнасцях можа быць павялічаны да 60 працэнтаў ад кантрольных лічбаў прыёму, па іншых спецыяльнасцях - да 40 працэнтаў, ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі па сельскагаспадарчых і медыцынскіх спецыяльнасцях - да 60 працэнтаў, па іншых спецыяльнасцях - да 30 працэнтаў. Акрамя таго, пры з'яўленні вакантных мэтавых месц па ўзгодненым рашэнні прыёмнай камісіі і заказчыка дагаворы аб мэтавай падрыхтоўцы спецыяліста (рабочага, служачага) можна заключаць з абітурыентамі, якія паспяхова здалі ўступныя іспыты па такіх жа прадметах у гэтай або іншай ВНУ, або гэтыя месцы перадаваць на агульны конкурс.

- Правілы прыёму таксама адмяняюць некалькі асаблівасцей мінулых уступных кампаній. Размова ідзе аб прафесійна-псіхалагічнай гутарцы, раздзельным конкурсе?

- У бягучым годзе не будзе праводзіцца прафесійна-псіхалагічная гутарка для абітурыентаў, якія раней паступалі на спецыяльнасці дзяржкіравання, права і журналістыкі. Таксама ў сувязі з новымі ўмовамі падрыхтоўкі выпускнікоў мы адмянілі раздзельны конкурс сярод выпускнікоў з гарадской і сельскай мясцовасці. У большасці выпадкаў апошнія гады выпускнікі паказваюць блізкія вынікі: больш як палавіна сельскіх школьнікаў здаюць тэсты нараўне з абітурыентамі з горада. Акрамя таго, калі раней нам трэба было ўкамплектаваць кадрамі прамысловасць, то сёння гэтай праблемы няма. Таму ў спецыяльных мерах, якія стымулявалі б прыток кадраў з вёскі ў горад, сэнсу няма.

- Адбыліся змяненні і ў частцы прадастаўлення льгот асобным катэгорыям абітурыентаў. А некаторым абітурыентам цяпер спатрэбіцца рэкамендацыя для паступлення ва ўстанову вышэйшай адукацыі?

- Правілы прыёму цяпер прадастаўляюць права на залічэнне без уступных iспытаў пры паступленнi на педагагічныя спецыяльнасці абітурыентам - пераможцам абласнога і Мінскага гарадскога этапаў рэспубліканскай алімпіяды. Размова ідзе аб магчымасці паступлення па выніку алімпіяды, атрыманым па навучальным прадмеце, які адпавядае першаму профільнаму іспыту. Гэта азначае, што пераможца алімпіяды па прадмеце "фізіка" зможа паступіць на навучанне на спецыяльнасць "настаўнік фізікі" і г.д. Пры гэтым пераможцы рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве будуць вызвалены ад здачы ўступнага іспыту па адпаведным прадмеце з выстаўленнем па ім 100 балаў.

Акрамя таго, такое ж права залічэння без уступных іспытаў на некаторыя спецыяльнасці педагагічнага напрамку прадастаўлена асобам, якія ўзнагароджаны залатым, сярэбраным медалём або скончылі ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі з дыпломам з адзнакай. Пералік гэтых спецыяльнасцей у бліжэйшы час будзе ўзгоднены з Міністэрствам адукацыі. Галоўнае для такіх абітурыентаў - атрымаць рэкамендацыю педагагічных саветаў устаноў адукацыі, якія яны скончылі.

А вось усё ўзрастаючыя конкурсы на некаторыя спецыяльнасці пабудзілі нашых спецыялістаў змяніць умовы залiчэння пераможцаў міжнародных, рэспубліканскіх і абласных алімпіяд, лаўрэатаў міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў і асоб, узнагароджаных нагрудным знакам лаўрэата спецыяльных фондаў Прэзідэнта Беларусі. Размова ідзе аб паступленні на такія спецыяльнасці, як "міжнародныя адносіны", "міжнароднае права", "правазнаўства", "эканамічнае права", "дзяржаўнае кіраванне і права". На гэтыя спецыяльнасці залічэнне будзе праводзіцца толькі на конкурснай аснове.

Акрамя таго, з бягучага года па-за конкурсам (пры наяўнасці ў дакуменце аб адукацыі адзнак не ніжэйшых за шэсць балаў па прадметах уступных іспытаў) залічваюцца дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобы з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, у колькасці да 30 працэнтаў ад кантрольных лічбаў прыёму. Але тут неабходна заўважыць, што размова ідзе аб шэрагу спецыяльнасцей, акрамя медыцынскіх, а таксама "міжнародныя адносіны", "міжнароднае права", "правазнаўства", "эканамічнае права", "дзяржаўнае кіраванне і права".

Закранаючы льготны пералік, у правілах змешчана і такая норма: прадаставіць абітурыентам права выбару здачы ўступных іспытаў у ВНУ або прадастаўлення сертыфікатаў цэнтралізаванага тэсціравання пры паступленні на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці дзённага і завочнага аддзяленняў.

- Што датычыцца таленавітай моладзі, якія змяненні ў правілах прыёму закрануць гэту катэгорыю абітурыентаў?

- Гэтыя дзеці - наш гонар. Таму, безумоўна, яны атрымаюць магчымасці для больш свабоднага паступлення ў ВНУ. У новай рэдакцыі правіл прыёму значна пашыраны пералік магчымасцей для паступлення без здачы цэнтралізаванага тэсціравання для гэтых юнакоў і дзяўчат. Раней на такія льготы прэтэндавалі пераможцы рэспубліканскіх алімпіяд і г.д. А цяпер без уступных іспытаў будуць залічаны пераможцы (дыпломы І, ІІ, ІІІ ступеней) міжнародных алімпіяд і рэспубліканскай алімпіяды па навучальных прадметах пры паступленні на спецыяльнасці, для якіх гэты прадмет вызначаны прадметам першага профільнага іспыту. Таксама агаворана, што пераможцы міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд, напрыклад па хіміі і біялогіі, паступаюць без уступных іспытаў на медыцынскія спецыяльнасці, а па інфарматыцы і астраноміі - на фізічныя, матэматычныя і тэхніка-тэхналагічныя спецыяльнасці і г.д.

Пры паступленні на спецыяльнасці "міжнародныя адносіны", "міжнароднае права", "правазнаўства", "эканамічнае права", "дзяржаўнае кіраванне і права" пераможцам (дыпломы І, ІІ, ІІІ ступеней) рэспубліканскай алімпіяды па навучальных прадметах, якія вызначаны прадметамі профільных іспытаў, выстаўляецца вышэйшы бал, устаноўлены для ацэнкі вынікаў па адпаведных прадметах уступных іспытаў.

Мы таксама прадастаўляем права залічэння без уступных іспытаў або па-за конкурсам пры паступленні на ваенныя спецыяльнасці выпускнікам Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча, ліцэя пры Гомельскім інжынерным інстытуце МНС і кадэцкіх вучылішчаў.

- У адпаведнасці з указам, ВНУ дазваляецца праводзіць данабор на бюджэтныя месцы. Што гэта за новаўвядзенне?

- З бягучага года на месцы, якія вызначаны кантрольнымі лічбамі прыёму і засталіся пасля залічэння абітурыентаў, па конкурсе можна залічаць абітурыентаў, якія станоўча здалі тыя ж уступныя іспыты, але не прайшлі па конкурсе на іншую спецыяльнасць у гэтай або іншай ВНУ. Тэрміны прыёму дакументаў і залічэння будзе вызначаць Міністэрства адукацыі. Былі выпадкі, калі абітурыент паступаў у некалькі навучальных устаноў. Але можна і не паспець падаць дакументы ў канкрэтную ВНУ, паколькі не заўсёды пасля здачы ЦТ можаш вызначыцца з выбарам, прапускаеш момант. Нам было важна пабудаваць сучасную працэдуру залічэння, зрабіць яе больш зручнай для абітурыентаў.

- Ці будуць прадастаўлены новыя магчымасці абітурыентам, якія плануюць паступаць на спецыяльнасці фізічнай культуры і спорту?

- Цяпер пераможцы алімпіяд, сур'ёзных спартыўных спаборніцтваў, чэмпіянатаў свету і Еўропы, першынстваў рэспублікі, майстры спорту маюць магчымасць паступаць на спецыяльнасці фізічнай культуры і спорту або без конкурсу, або па-за ім. А майстры спорту вызвалены ад здачы ўступнага іспыту па фізічнай культуры (з выстаўленнем 100 балаў) пры паступленні на спецыяльнасці фізічнай культуры і спорту.

Мы прадастаўляем магчымасць абітурыентам-спартсменам, якiя ўключаны ў склады зборных каманд рэспублікі, атрымліваць за кошт сродкаў дзяржбюджэту вышэйшую адукацыю на завочнай форме па спецыяльнасцях, не звязаных з фізічнай культурай і спортам.

Наконт удзельнікаў першынстваў хачу адзначыць, што, як правіла, спартсмены - выпускнікі 11 класаў удзельнічаюць не ў чэмпіянатах сярод дарослых спартсменаў, а ў першынствах сярод юнакоў або юніёраў. Таму прадастаўленне льгот пераможцам і прызёрам першынстваў Беларусі сярод юнакоў і юніёраў, якія складаюць спартыўны рэзерв краіны, будзе садзейнічаць дадатковаму прыцягненню абітурыентаў, што дасягнулі высокіх спартыўных рэзультатаў, да навучання па спецыяльнасцях фізічнай культуры і спорту, павышэння якасці падрыхтоўкі кадраў у галіне фізічнай культуры і спорту.

Да абітурыентаў з высокімі спартыўнымі рэзультатамі аднесены, акрамя пераможцаў і прызёраў розных відаў спаборніцтваў міжнароднага ўзроўню, пераможцы афіцыйных чэмпіянатаў Беларусі па відах спорту, уключаных у праграму летніх і зімовых Алімпійскіх гульняў. Распаўсюджванне льгот на гэту катэгорыю абітурыентаў будзе садзейнічаць павышэнню прэстыжу чэмпіянатаў Беларусі, што станоўча паўплывае на рэзультаты, што паказваюць іх удзельнікі.

- З бягучага года частка функцый, якія раней былі закладзены ў правілы прыёму, перададзена Міністэрству адукацыі. Аб якіх паўнамоцтвах ідзе размова?

- Новымі правіламі замацавана кампетэнцыя Міністэрства адукацыі ўзгадняць лічбы прыёму на навучанне на платнай аснове. Прычым размова ідзе як аб дзяржаўных, так і прыватных установах вышэйшай адукацыі. У кампетэнцыю Мінадукацыі перададзены пытанні вызначэння пераліку пунктаў цэнтралiзаванага тэсцiравання, вызначэння пераліку груп спецыяльнасцей і адпаведных ім профільных іспытаў, вызначэння тэрмінаў прыёму дакументаў, здачы ўступных іспытаў і залічэння.

Яшчэ адно новаўвядзенне закранае ССНУ - прыём дзевяцікласнікаў будзе праводзіцца без уступных іспытаў, толькі па дакументах аб адукацыі.

І апошняе змяненне датычыцца ўсіх - цяпер у правілы прыёму ўключана норма, якая дазваляе падачу дакументаў даверанымі асобамі абітурыентаў.

Правілы прыёму распрацаваны з удзелам усіх органаў дзяржаўнага кіравання, што маюць у падпарадкаванні ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, Рэспубліканскім саветам рэктараў, Дзяржаўнай камісіяй па кантролі за ходам уступных іспытаў і ўрадам.
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі