ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Панядзелак, 29 лістапада 2021
Мінск Суцэльная воблачнасць +2°C
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
01 красавіка 2013, 18:42

Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі мае будучыню

Беларуска-расійскае супрацоўніцтва паспяхова развіваецца як на двухбаковай аснове ў фармаце Саюзнай дзяржавы, так і ў розных інтэграцыйных аб'яднаннях, як, напрыклад, СНД і АЭП. Напярэдадні Дня яднання народаў дзвюх краін міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей расказаў у інтэрв'ю "РІА Навіны" і БЕЛТА аб важнасці і прыярытэтах далейшага саюзнага будаўніцтва, перспектывах вырашэння некаторых праблемных пытанняў ва ўзаемаадносінах з Расіяй. Кіраўнік МЗС таксама падзяліўся меркаваннем аб магчымасці нармалізацыі адносін Беларусі з Еўрасаюзам і агучыў сваю пазіцыю адносна цяпер дзеючых санкцый і абмежаванняў.


- Беларусь супрацоўнічае з Расіяй у рамках Саюзнай дзяржавы, АЭП, СНД. Якое з утварэнняў усё ж такі з'яўляецца прыярытэтным для Беларусі?


- Павінен сказаць, што для нас усе гэтыя інтэграцыйныя ўтварэнні, у якіх Беларусь актыўна ўдзельнічае, з'яўляюцца прыярытэтнымі. Усе гэтыя ўтварэнні па сваёй сутнасці дапаўняюць адзін аднаго. Кожнае займаецца нейкімі канкрэтнымі тэмамі, напрамкамі ўзаемадзеяння. І кожная дзяржава, прымаючы рашэнне аб удзеле ў тым ці іншым утварэнні, зыходзіць з таго, што яна павінна атрымаць нейкую канкрэтную выгаду, дывідэнды ад свайго ўдзелу. У гэтым сама сутнасць інтэграцыйнай ідэі, у адваротным выпадку яна не мела б ніякага сэнсу.


Возьмем Садружнасць Незалежных Дзяржаў. Яна адыграла ролю своеасаблівага амартызатара пасля развалу СССР. Утварэнне СНД дало магчымасць змікшыраваць негатыўныя вынікі, якія маглі б узнікнуць, калі не была б створана гэта структура. Дзяржавы аказаліся адны ў гэтым бушуючым моры свабоднай рыначнай эканомікі. СНД дала магчымасць нам выйсці на пэўны ўзровень, аднавіць разарваныя прамысловыя і кааперацыйныя сувязі. І сёння СНД з'яўляецца адным з найбольш маштабных інтэграцыйных утварэнняў, галоўнай платформай інтэграцыйнага ўзаемадзеяння дзяржаў на постсавецкай прасторы.


Аб тым, якую ўвагу Беларусь удзяляе СНД, вы можаце вызначыць зыходзячы з тых прыярытэтаў, што абазначаны на перыяд нашага старшынства ў бягучым годзе. Мы падрыхтавалі адпаведны план, які ўключае больш як 70 пунктаў, што датычацца палітычнага, эканамічнага, гуманітарнага, маладзёжнага, рэгіянальнага і іншых відаў узаемадзеяння. Мы лічым, што СНД не страціла сваёй ролі і з'яўляецца арганізацыяй, якая яшчэ шмат можа зрабіць у будучым.


Вядома ж, за 20 гадоў, якія мінулі з моманту стварэння СНД, у кожнай з дзяржаў на постсавецкай прасторы ўзніклі нейкія свае прыярытэты, сваё бачанне таго, як яны павінны развівацца ў будучым. Напэўна, першымі да ўсведамлення гэтых працэсаў прыйшлі Беларусь і Расія. Яны адчулі, што неабходны больш высокі ўзровень інтэграцыі, чым тая дыскусійная пляцоўка, якая на той момант існавала ў выглядзе СНД. І ў выніку ў 1996 годзе ўзнік Дагавор аб утварэнні супольніцтва Беларусі і Расіі, потым - Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ў 1999 годзе. І цяпер у Саюзнай дзяржаве мы маем максімальны ўзровень палітычнага ўзаемадзеяння, эканамічнай і ваенна-тэхнічнай кааперацыі, узаемнай сацыяльнай абароны грамадзян, гуманізацыі заканадаўства.


Да Саюзнай дзяржавы прыглядаліся і прыглядаюцца вельмі многія краіны. Але, разважаючы над гэтым, я лічу, што, напэўна, многіх палохаў сам тэрмін "саюзная дзяржава". За гэтым маячыў нейкі прывід былога Савецкага Саюза, чаго не ўсім хацелася б. Таму што ўжо многія адчулі смак незалежнасці, і ім не хацелася вяртацца ў тое былое ўтварэнне. Узнікла ідэя стварэння новага інтэграцыйнага ўтварэння - Еўразійскага эканамічнага супольніцтва. У гэтых інтэграцыйных працэсах стала ўдзельнічаць ужо большая колькасць дзяржаў.


Мы бачым, што ўзровень узаемадзеяння дзяржаў у гэтых розных інтэграцыйных утварэннях розны. Але мы падтрымліваем ідэю разнаскораснай інтэграцыі. Кожная дзяржава мае права выбіраць для сябе: у якой ступені яна гатова супрацоўнічаць у той ці іншай інтэграцыйнай структуры. Кожная дзяржава шукае для сябе канкрэтныя выгады. Мы бачым сваю задачу ў тым, каб гэтыя інтэграцыйныя ўтварэнні дапаўнялі адзін аднаго, у развіцці іх узаемапранікнення. У канчатковым выніку ўсё павінна праводзіцца для павышэння дабрабыту нашых народаў і кожнага канкрэтнага чалавека.


- Як у перспектыве будуць складвацца адносіны Беларусі з гэтымі аб'яднаннямі? Саюзнай дзяржаве па-ранейшаму будзе надавацца важнае значэнне?


- Не толькі Беларусь будзе надаваць і надае ёй важнае значэнне. Калі вы адсочвалі апошнія мерапрыемствы ў рамках Саюзнай дзяржавы, то звярнулі ўвагу на заяву Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна ў час пасяджэння Вышэйшага Дзяржсавета 15 сакавіка ў Санкт-Пецярбургу, калі ён адназначна заявіў аб тым, што гэты праект неабходны і мае будучае. Таму і кіраўніцтва Беларусі, і кіраўніцтва Расіі разумеюць, што праект выгадны для нашых народаў, і мы павінны ім займацца. Гэты праект арыентаваны ў будучае.


Што датычыцца пытання, ці страціць значэнне праект Саюзнай дзяржавы на фоне стварэння Мытнага саюза, Адзінай эканамічнай прасторы і ў перспектыве Еўразійскага эканамічнага саюза, то я лічу, што тут няма падстаў для апасенняў. Я ўжо сказаў, што ў рамках Саюзнай дзяржавы мы дасягнулі такога ўзроўню ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Расіяй, які не характэрны для любога іншага інтэграцыйнага ўтварэння. Напрыклад, паміж намі заключана прыкладна 150 міжурадавых дагавораў і пагадненняў. А з улікам рэгіянальнага вымярэння заключаны больш як 350 дагавораў, пагадненняў, праграм і планаў. І за ўсім гэтым - канкрэтныя праекты, якія маюць прыкладное значэнне і для эканомік нашых дзяржаў. Самае галоўнае, што ў Саюзнай дзяржаве мы дабіліся таго, што важна для чалавека. Беларусы ў Расіі і расіяне ў Беларусі не адчуваюць сябе іншаземцамі. У нас заключаны адпаведныя дагаворы аб роўных правах у сферы адукацыі, аховы здароўя, пытаннях набыцця нерухомай маёмасці, перамяшчэння і гэтак далей.


А Мытнаму саюзу і Адзінай эканамічнай прасторы яшчэ вельмі далёка да таго ўзроўню ўзаемадзеяння, які наладжаны ў рамках Саюзнай дзяржавы. Дарэчы, асноўная частка нарматыўна-прававой базы, якая цяпер фарміруецца для Мытнага саюза і АЭП, узята зыходзячы з вопыту функцыянавання Саюзнай дзяржавы. Мы адтуль узялі самае лепшае. Ужо заключаны амаль 17 пагадненняў і праводзіцца работа над кадыфікацыяй гэтай нарматыўна-прававой базы, над заключэннем яшчэ некалькіх дзясяткаў пагадненняў.


Саюзная дзяржава мае будучае. Зыходзячы з тых заяў, якія былі зроблены апошнім часам, узроўню кантактаў, супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі, мы ў гэтым упэўнены.


- Вы ўжо згадалі аб праведзеным нядаўна пасяджэнні Вышэйшага Дзяржсавета ў Санкт-Пецярбургу. У гэты ж дзень прайшлі шматгадзінныя перагаворы прэзідэнтаў дзвюх краін. Не маглі б вы расказаць аб асноўных выніках гэтых сустрэч?


- У парадак дня Вышэйшага Дзяржсавета былі ўключаны каля 10 пытанняў. Першая частка пытанняў датычылася вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Саюзнай дзяржавы. Вы ведаеце, што мы дасягнулі за мінулы год небывалага ўзроўню тавараабароту, які склаў амаль $44 млрд. За апошнія два гады мы прыбавілі $15,8 млрд. Усё гэта, дарэчы, не за кошт нейкай цэнавай кан'юнктуры, а за кошт росту фізічных аб'ёмаў экспарту з Расіі ў Беларусь і з Беларусі ў Расію. Гэта сведчыць аб тым, што нашы эканомікі нармальна развіваюцца. Рост тавараабароту адбыўся ў многім таксама і за кошт умацавання міжрэгіянальных сувязей. У мінулым годзе былі зроблены каля 50 узаемных візітаў, і за гэтым таксама канкрэтныя дамоўленасці, праграмы, якія арыентаваны ў будучае.


Другі блок пытанняў датычыўся прыняцця бюджэту Саюзнай дзяржавы на 2013 год. Ён сфарміраваны ў памеры прыкладна 5 мільярдаў расійскіх рублёў і будзе накіраваны на рэалізацыю канкрэтных сумесных праграм і мерапрыемстваў у розных сферах: прамысловасці, сельскай гаспадарцы, электраэнергетыцы, інвестыцыйнай дзейнасці, асваенні касмічнай прасторы і інш. Гэта ў першую чаргу інавацыйныя напрамкі. Такіх праграм і мерапрыемстваў у нас налічваецца больш як сорак.


Яшчэ адно пытанне датычылася работы знешнепалітычных ведамстваў. Былі заслуханы справаздачы міністраў замежных спраў аб выкананні праграмы ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі на 2012-2013 гады. Кіраўнікамі дзяржаў былі падтрыманы тыя намаганні, якія прыкладаюцца па лініі міністэрстваў замежных спраў абедзвюх дзяржаў, і пастаўлена задача падрыхтаваць новую праграму, разлічаную на перыяд 2014-2015 гадоў.


Самае галоўнае, і гэта яшчэ раз пацвярджае, што наша Саюзная дзяржава накіравана ў будучае, што быў абмеркаваны блок пытанняў, прысвечаны менавіта перспектывам развіцця Саюзнай дзяржавы. Вышэйшым Дзяржсаветам даручана ўрадам падрыхтаваць прапановы па прыярытэтных напрамках развіцця Саюзнай дзяржавы на сярэднетэрміновую перспектыву - бліжэйшыя 4-5 гадоў.


Таму ў гэтым плане Вышэйшы Дзяржсавет быў вельмі важны, і ён паставіў дакладныя задачы па развіццю Саюзнай дзяржавы на бліжэйшую перспектыву.


- Уладзімір Уладзіміравіч, а ці можна ў бліжэйшы час чакаць падпісання паліўнага балансу паміж Беларуссю і Расіяй? Як вы лічыце, у гэтым пытанні больш палітыкі або гэта ўсё ж такі спрэчка суб'ектаў гаспадарання?


- Я разумею, што падтэкст пытання ўзяты, напэўна, з заяў некаторых апазіцыйных СМІ Расіі і Беларусі. Я не бачыў бы ў гэтым нейкай вялікай праблемы. Сапраўды, балансы попыту і прапанавання па розных відах прадукцыі фарміруюцца штогод. Я быў бы няшчыры, калі б сказаў, што ўсё там праходзіць без сучка і задзірынкі. Бываюць часам і разыходжанні, але яны маюць тактычны, эпізадычны, малазначны характар.


Зразумела, што ў канчатковым выніку за лічбамі таго ці іншага балансу могуць стаяць інтарэсы канкрэтных суб'ектаў гаспадарання. А можа і лабістаў, на жаль, не толькі дзяржаўных, але і нейкіх суб'ектыўных інтарэсаў. Таму часам могуць узнікаць спрэчкі па тых ці іншых пытаннях. Але аб тым, што мы можам вырашаць іх у спакойнай і канструктыўнай манеры, сведчыць той факт, што мы, напрыклад, на гэты год узгаднілі балансы па мяса-малочнай прадукцыі, цукру, газу, пастаўках электраэнергіі, вугалю і па іншых відах прадукцыі.


Так, цяпер вядуцца перагаворы аб узгадненні паліўнага балансу на 2013 год. Як вы ведаеце, на першыя два кварталы мы ўзгаднілі аб'ёмы паставак нафты ў памеры 5,75 млн.т. І я не хацеў бы бачыць за гэтым нейкі палітычны падтэкст, як гэта спрабуюць сцвярджаць некаторыя апазіцыйныя СМІ ў Расіі і Беларусі. Хутчэй за ўсё, ідзе звычайны нармальны рабочы працэс. Як нам здаецца, задача кожнага боку павінна быць у тым, каб, вядома, атрымаць выгаду ад прынятага рашэння і ў канчатковым выніку выгаду ў цэлым для Саюзнай дзяржавы.


Калі вы помніце, узнікалі малочныя, цукровыя войны. Цяпер пытанні прыняцця адпаведных балансаў па гэтых відах прадукцыі спакойна вырашаюцца на рабочым узроўні паміж галіновымі міністэрствамі. Я ўпэўнены, гэтак жа будзе і з паліўным балансам на 2013 год. Ва ўсялякім выпадку, мы настроены на спакойную канструктыўную работу, зыходзячы з таго, што рашэнне павінна быць выгадным для абедзвюх дзяржаў. І калі трэба, то трэба ісці і на адпаведныя кампрамісы ў адносінах адзін да аднаго.


- У Саюзнай дзяржавы ёсць ужо застарэлыя праблемы, як саюзная ўласнасць, канстытуцыйны акт. Ці ёсць добрыя перспектывы вырашэння гэтых пытанняў?


- Я не назваў бы гэтыя тэмы, якія вы абазначылі, праблемамі. Так, ёсць тэмы саюзнай уласнасці і прыняцця канстытуцыйнага акта, якія абмяркоўваюцца ў рамках Саюзнай дзяржавы. Паміж Беларуссю і Расіяй заключана пагадненне аб рэгуляванні ўласнасці, створанай у рамках Саюзнай дзяржавы. Падрыхтаваны адпаведны план сумесных дзеянняў, на падставе якога ўрады распрацоўваюць прапановы па ацэнцы, уліку, выкарыстанню актываў, якія былі створаны або набыты за кошт саюзнага бюджэту. Гэта работа праводзіцца.


Ёсць нейкія пэўныя дробныя праблемы тактычнага характару, якія звязаны з рознымі на гэты момант падыходамі да ацэнкі таго, што лічыць уласнасцю Саюзнай дзяржавы. Цяпер гэтыя праблемы ў дэталях абмяркоўваюцца ва ўрадах. Ёсць прапанова новага дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Рыгора Рапоты. Я ўпэўнены, што па гэтым пытанні мы таксама прыйдзем да ўзаемавыгаднага кампраміснага рашэння.


Што датычыцца канстытуцыйнага акта, то, сапраўды, у свой час былы дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Павел Барадзін прапаноўваў некалькі варыянтаў гэтага дакумента. Хтосьці хацеў, каб гэты канстытуцыйны акт быў прыняты неадкладна, а хтосьці гаварыў, што трэба пачакаць і прыняць яго ў будучым.


Пэўныя адрозненні ў падыходах існуюць. Але гэта не супярэчыць дагавору аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, дзе дакладна гаворыцца, што канстытуцыйны акт можа быць прыняты па меры станаўлення Саюзнай дзяржавы. І тое, што цяпер адны гавораць, што трэба спачатку пабудаваць фундамент, а потым узводзіць сцены і дах, а іншыя, што трэба пабудаваць каркас і дах, а потым ужо ўзводзіць сцены, сведчыць аб тым, што ёсць пэўныя розныя падыходы да гэтага пытання.


Наша галоўная задача цяпер у тым, каб спакойна развіваць Саюзную дзяржаву з такім разлікам, каб на нейкім этапе "выспелі" палітычныя, сацыяльна-эканамічныя ўмовы для прыняцця гэтага канстытуцыйнага акта.


Тое, што на гэтай тэме, як і тэме саюзнай уласнасці, спрабуюць часам спекуляваць пэўныя сілы і сродкі масавай інфармацыі, гэта само сабой зразумела. Для іх гэта выгадная тэма для таго, каб пакрытыкаваць і кіраўніцтва Беларусі, і кіраўніцтва Расіі.


- Апошнім часам актывізаваліся кантакты Беларусі і ЕС. Ці можна гаварыць, што бакі прайшлі ўжо дно крызісу ў сваіх адносінах?


- Лічу, што не мае сэнсу ацэньваць гэта ў такой катэгорыі. Але я сваім еўрапейскім партнёрам або апанентам гаварыў, што мы цяпер сапраўды дасягнулі таго ўзроўню адносін, калі нейкія далейшыя больш жорсткія крокі з боку Еўрасаюза не прывядуць да істотнага змянення статус-кво ў нашых адносінах.


Мы з'яўляемся суседам Еўрасаюза. З суседзямі, як гаворыць наш Прэзідэнт, наканавана ад Бога жыць у міры, дружбе і згодзе. І мы гатовы да гэтага. Але мы хочам, каб і да нас ставіліся прыстойна, паважліва, без усялякага націску і санкцый. Мы гатовы падтрымліваць дружалюбныя адносіны на раўнапраўнай аснове.


Але што адбываецца цяпер? Тыя нюансы, якія датычацца ўзроўню дэмакратыі ў Беларусі і беларускім грамадстве, характэрны і для многіх іншых краін, якія, тым не менш, з'яўляюцца членамі Савета Еўропы, з якімі ў Еўрасаюза нармальныя адносіны. Больш таго, тыя праблемы, што часам узнікаюць у вострыя палітычныя моманты, як выбары, характэрны і для іншых краін. І Беларусь у гэтым плане адрозніваецца ў больш выгадны бок. Мы гаворым нашым еўрапейскім партнёрам: чаму вы да нас падыходзіце з адной меркай, а да іх з іншай?


У сферы міжнародных адносін такія падыходы непрымальныя. Гэта тое, што мы называем абсалютна відавочнымі двайнымі стандартамі. Мы гатовы, яшчэ раз паўтаруся, да нармальнага развіцця адносін з Еўрапейскім саюзам і з асобнымі краінамі - членамі ЕС. Мы гатовы да таго, каб паміж намі быў дыялог. Але дыялог павінен весціся паміж тымі, хто прымае рашэнні, распрацоўвае і рэалізуе іх. І мы гатовы да таго, каб гэты дыялог вёўся на паважлівай раўнапраўнай аснове.


- Уладзімір Уладзіміравіч, вы былі ўключаны ў спіс "неўязных" грамадзян у краіны ЕС і ЗША. Ці магчыма ў бліжэйшы час змяненне ў гэтым пытанні?


- Нядаўна з візітам у Беларусі пабываў Прэзідэнт Сербіі Таміслаў Нікаліч. І калі ў ходзе яго сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі абмяркоўвалася, у тым ліку, тэматыка ўзаемаадносін нашых краін з Еўрапейскім саюзам, ён сказаў, як мне здаецца, сакраментальную фразу: "Я пятнаццаць гадоў быў уключаны ў такія спісы, але галава і рукі ў мяне на месцы, я жывы і прадаўжаю працаваць".


Паглядзіце, што здарылася з Сербіяй. Яе разбамбілі, за бясцэнак расцягнулі. Фактычна, можна сказаць, распялі. Цяпер па крупінках цяперашняе кіраўніцтва Сербіі спрабуе аднавіць краіну і зрабіць яе эфектыўна функцыянуючай дзяржавай. Не хацелася б, каб такое адбывалася адносна Беларусі. Наша задача зрабіць усё для таго, каб Беларусь захавала дзяржаўнасць, суверэнітэт, незалежнасць, каб яна была працвітаючай дзяржавай і каб кожны грамадзянін адчуваў сябе камфортна ў нашай краіне. Якім чынам мы гэту задачу вырашым, гэта ўжо іншае пытанне. А ў спісах ты або не ў спісах, гэта мае абсалютна другаснае значэнне.


Але калі ўжо зайшла аб іх размова, то хачу сказаць, што гэтыя спісы самі па сабе поўнасцю абсурдныя. Добра б, туды ўключылі чыноўнікаў, якія былі пры выкананні сваіх функцыянальных абавязкаў і ў нейкай ступені, на думку Еўрасаюза, могуць адказваць за тыя ці іншыя крокі ўлады. Але пры чым тут журналісты, якія выконвалі сваю місію і рабілі так, як падказвае ім іх сумленне? Чаму апазіцыйны журналіст, які палівае брудам уладу, лічыцца апалагетам свабоды слова? А чаму журналіст дзяржаўнага выдання, які таксама выказвае свой пункт гледжання, але які можа быць непрыемны некаму, лічыцца прыхільнікам рэжыму, і яго трэба ўключаць у адпаведныя спісы? Ён жа робіць сваю справу. Усё ж, звяртаючыся да двайных стандартаў, дзе тады гэта дэмакратычная каштоўнасць у выглядзе свабоды слова, выказванне меркаванняў?


Гэтак жа выглядае сітуацыя адносна ўключэння ў такія спісы прадстаўнікоў выбарчых камісій усіх узроўняў. Няўжо яны адказваюць за тое, што кучка зачыншчыкаў беспарадкаў, якія спрабавалі граміць будынак урада, панеслі адпаведнае пакаранне. Яны рабілі сваю справу - лічылі галасы, колькасць выбаршчыкаў, якія прыйшлі на выбары.


Аналагічна і адносна ўключэння ў гэтыя спісы суддзяў. Чаму суддзі, якія вынеслі прыгаворы гэтым зачыншчыкам беспарадкаў, уключаны ў спісы? Правасуддзе ж павінна быць недатыкальным. Гэта для ўсіх абсалютна зразумела.


У маім разуменні гэтыя спісы - абсалютная сумесь абсурду і выдумак. І зразумела, што без устаранення гэтай праблемы з парадку дня нашых адносін з Еўрапейскім саюзам, напэўна, руху наперад не будзе.


- У ідэале, якімі хацела б бачыць Беларусь свае адносіны з ЕС?


- Кажуць, што Беларусі трэба або адыходзіць ад Расіі і набліжацца да Еўрасаюза, або аддаляцца ад Еўрасаюза і набліжацца да Расіі. Мы не хацелі б ні ад каго аддаляцца. Мы хацелі б мець роўнанабліжаныя добрыя адносіны з усімі нашымі партнёрамі на ўсходзе, захадзе, поўначы і поўдні. Але хацелі б, каб нас паважалі пры гэтым, не дэманізавалі, як гэта адбываецца цяпер.


Таму мы выступаем за тое, каб у нас з Еўрасаюзам быў нармальны ўзаемапаважлівы дыялог. Мы гатовы да гэтага дыялогу. Мы лічым, што Беларусь уносіць свой уклад у забеспячэнне стабільнасці і бяспекі ў нашым рэгіёне праз барацьбу з гандлем людзьмі, трансгранічнай злачыннасцю, наркатрафікам. Лічым, што нармальныя адносіны з Еўрасаюзам садзейнічалі б таму, каб Беларусь заставалася астраўком стабільнасці ў Еўропе і нікому не прыносіла ніякіх праблем.


- А як будуць складвацца адносіны Беларусі з Венесуэлай пасля смерці Уга Чавеса. Ці ёсць наконт гэтага нейкія дамоўленасці?


- Як вы ведаеце, кіраўнік дзяржавы ўдзельнічаў у цырымоніі развітання з Уга Чавесам у Венесуэле. І, зразумела, у яго былі размовы з тымі, хто цяпер узначальвае гэту краіну.


Вядома, Чавес быў вялікай фігурай. Напэўна, ён быў крыху ідэалістам, паколькі верыў у тое, што ператворыць у сацыяльна справядлівую дзяржаву не толькі Венесуэлу, але і Лацінскую Амерыку. Але ў той жа час ён і шмат рабіў для гэтага. Венесуэла за гады яго кіравання значна змянілася. І са смерцю Чавеса Лацінская Амерыка і ўвесь свет крыху асірацелі.


Але я перакананы, што тыя напрацоўкі, якія ў нас існуюць з Венесуэлай, дадуць магчымасць захаваць высокі ўзровень узаемадзеяння і супрацоўніцтва ва ўсіх сферах. Паміж нашымі краінамі існуе вельмі высокі ўзровень узаемадзеяння ў такіх сферах, як прамысловасць, сельская гаспадарка, сумесная нафтаздабыча, газіфікацыя Венесуэлы і г.д.


Вядома ж, я не магу прагназаваць, але нам здаецца, што тыя людзі, якія прадаўжаюць справу Чавеса, перамогуць на маючых адбыцца выбарах. Мы жадаем ім у гэтым поспеху. Але ў любым выпадку, нават калі хтосьці захацеў бы прыняць рашэнне аб адыходзе Беларусі з Венесуэлы, то гэта прынесла б больш негатыўных вынікаў для Венесуэлы. Таму што мы стварылі там сумесныя прадпрыемствы па вытворчасці трактароў, аўтамабіляў, будаўнічых матэрыялаў, актыўна працуем над будаўніцтвам аграгарадкоў і рэалізацыяй шэрага іншых праектаў, арыентаваных у будучае, якія патрэбны і Венесуэле, і Беларусі.


Мы маем намер больш актыўна працаваць у гэтым рэгіёне і зрабіць пасольства Беларусі ў Венесуэле своеасаблівым рэгіянальным кіраўніком усіх пасольстваў, якія ўжо адкрыты або плануецца адкрыць у краінах Лацінскай Амерыкі.


Уладзімір МАЦВЕЕЎ


Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі