Сцяг Чацвер, 30 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
07 сакавіка 2024, 16:42

Працоўныя гарантыі і сямейна-арыентаваныя працоўныя месцы. Касцевіч аб падтрымцы жанчын  

Роля жанчын у грамадстве з кожным годам мяняецца - яны ўсё часцей выбіраюць акрамя традыцыйнай ролі маці і захавальніцы сямейнага ачага шлях прафесійнай рэалізацыі. Дзве гэтыя ролевыя мадэлі ў Беларусі паспяхова суіснуюць і атрымалі асаблівае развіццё ў суверэннай гісторыі краіны. Што дапамагае беларускам быць паспяховымі ў розных сферах жыцця, якія меры і гарантыі для жанчын яшчэ плануюцца, расказала карэспандэнту БЕЛТА міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч.

- Ірына Анатольеўна, жанчыны ў Беларусі смела ідуць у водпуск па доглядзе дзіцяці, разумеючы, што дзяржава дае ім своеасаблівую абарону.  Наколькі сённяшняя сітуацыя адрозніваецца ад сітуацыі пачатку станаўлення нашай дзяржавы?

- Гэтымі днямі кіраўнік дзяржавы на сустрэчы з актывам БСЖ адзначыў, што "баланс працоўных, сямейных абавязкаў, стварэнне максімальна камфортных умоў для рэалізацыі сябе і ў кар'еры, і ў пачэсным статусе маці - адна з прыярытэтных задач". І гэта не проста словы. Гэта рэальныя дзеянні, якія прымаюцца з самых першых крокаў станаўлення нашай дзяржавы. Адзначу галоўныя.

Сярод самых першых мер па падтрымцы мацярынства стала павелічэнне працягласці аплатнага водпуску па доглядзе дзіцяці з паўтара да 3 гадоў і ўвядзенне дапамогі для жанчын, якія сталі на ўлік да 12 тыдняў цяжарнасці. Гэта быў 1992 год.

Далей ішло паступальнае рэфармаванне сістэмы дзяржаўных дапамог. З 2013 года мы выплачваем памер дапамогі па доглядзе дзіцяці да 3 гадоў зыходзячы з сярэднямесячнай заработнай платы па краіне. Гэта дало магчымасць практычна ў два разы павялічыць памер дапамогі па доглядзе дзіцяці да 3 гадоў для ўсіх атрымальнікаў. Прычым выплачваецца яна незалежна ад стажу работу і выплаты страхавых узносаў. І яе атрымальнікам можа быць як маці, так і тата.

Ва ўсе часы вельмі важным для сем'яў з дзецьмі з'яўляецца жыллёвае пытанне. Таму былі прыняты меры па развіцці жыллёва-крэдытнай сферы. У 2000 годзе ўведзены льготныя крэдыты на будаўніцтва жылля (10 працэнтаў гадавых, а ў сельскай мясцовасці - 5 працэнтаў гадавых) і аднаразовыя субсідыі.

Затым паэтапна зніжалася стаўка за карыстанне такімі льготнымі крэдытамі: сёння яна складае 5 працэнтаў гадавых для маладых сем'яў з двума дзецьмі, 1 працэнт - для шматдзетных.

Павялічваліся аб'ёмы фінансавай дапамогі дзяржавы шматдзетным і маладым сем'ям з двума дзецьмі ў пагашэнні запазычанасці па льготных і не льготных крэдытах на будаўніцтва жылля, створаны новы механізм - субсідыі на пагашэнне асноўнага доўгу па крэдытах на будаўніцтва жылля і працэнтаў за карытанне такімі крэдытамі.

У 2015 годзе сістэма падтрымкі шматдзетных сем'яў дапоўнена прынцыпова новым для нашай краіны элементам - сямейны капітал пры нараджэнні (усынаўленні) трэцяга або наступных дзяцей. А для падтрымкі сем'яў пры нараджэнні другога дзіцяці ўведзена новая дапамога - на дзяцей ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці да 3 гадоў.

У 2020 годзе ўзмоцнена адрасная падтрымка шматдзетных сем'яў, уведзены дадатковыя пенсійныя гарантыі шматдзетным маці. Для бацькаў устаноўлены новы від водпуску пры нараджэнні дзіцяці: 14 дзён у першыя 6 месяцаў пасля нараджэння дзіцяці.

У 2022 годзе павышаны статус ордэна Маці і аўтарытэт бацькоўства, унесены змяненні ў Канстытуцыю па пытаннях сям'і і шлюбу.

Ужо ў бягучым годзе ўступілі ў сілу чарговыя навацыі Працоўнага кодэкса, якія таксама пашырылі гарантыі працуючым бацькам. У іх ліку - прадастаўленне маці або бацьку, якія выхоўваюць дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў або трое і больш дзяцей да 16 гадоў альтэрнатыўнага варыянта: замест аднаго свабоднага дня на тыдні скараціць працягласць штодзённай работы на адну гадзіну з захаваннем заработнай платы.

Як бачым, развіццё мер па падтрымцы сем'яў з дзецьмі, стварэнні ўмоў для мацярынства - працэс пастаянны. І ён застаецца прыярытэтным незалежна ад унутраных і знешніх умоў. Цяпер мы працуем над развіццём сістэмы дзяржаўных дапамог у мэтах павышэння ўзроўню сацыяльнай абароненасці асобных катэгорый сем'яў, узмацнення адраснасці выплат.

- Для Беларусі характэрны высокі ўзровень занятасці жанчын. Пры гэтым сям'я і дзеці застаюцца ў іх на першых месцах. Якія механізмы дапамагаюць ім выбудаваць баланс?

- Нашы беларускія жанчыны - вялікія працаўніцы. Жанчыны рэалізуюць сябе ва ўсіх галінах, але пераважна жаночымі сферамі застаюцца адукацыя, ахова здароўя і сфера паслуг.

Атрымліваючы адукацыю і робячы кар'еру, нашы жанчыны паспяхова сумяшчаюць гэта з мацярынствам. Амаль 60 працэнтаў працуючых жанчын ва ўзросце 20-49 гадоў маюць непаўналетніх дзяцей, кожная трэцяя - двое і амаль 10 працэнтаў - трое і больш дзяцей.

Вылучу тры асноўныя напрамкі нашай работы, якія дапамагаюць забяспечыць баланс паміж працоўнымі і сямейнымі абавязкамі.

Першы - прадастаўленне працоўных гарантый, пачынаючы з заключэння, скасавання працоўнага дагавора, прадаўжэння кантракта. Далей - магчымасць працаваць няпоўны працоўны час або па гібкім графіку, выконваць работу пры неабходнасці дыстанцыйна.

Дадатковы свабодны ад работы дзень у месяцы, калі ў сям'і двое дзяцей да 16 гадоў. А калі іх трое або дзіця мае інваліднасць - дадатковы выхадны на тыдні або скарачэнне працоўнага дня на адну гадзіну з захаваннем заработку.

Прадастаўленне аплатных сацыяльных водпускаў (па цяжарнасці і родах, па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту 3 гадоў) і без захавання заработнай платы.

Другі - мы працуем з наймальнікамі па стварэнні сямейна-арыентаваных працоўных месцаў. Расказваем і паказваем рэальныя інструменты трансфармацыі рабочага асяроддзя ў інтарэсах супрацоўнікаў-бацькоў.

Сёння сацыяльна-адказныя наймальнікі прадугледжваюць у калектыўных дагаворах, лакальных нарматыўных актах дадатковыя гарантыі для працуючых бацькоў, звыш устаноўленых заканадаўствам. І гэта не толькі матэрыяльныя выплаты.

Клопат наймальніка таксама можа выражацца праз падтрымку маці, якія знаходзяцца ў "дэкрэтным" водпуску. Напрыклад, праз запрашэнне на навучальныя семінары і трэнінгі, каб падтрымліваць іх кваліфікацыю. Гэта і арганізацыя мерапрыемстваў з удзелам членаў сям'і. Тут добра зарэкамендавалі сябе экскурсіі для дзяцей на вытворчасць, што можа стаць першай прыступкай у выбары будучага працоўнага шляху, інакш кажучы, паслужыць своеасаблівай прафарыентацыяй.

Трэці - садзейнічанне ўзмацненню ролі бацькі ў выхаванні дзяцей і дабрабыце сям'і. Для кожнай жанчыны важна падтрымка. Гаворачы пра сям'ю, вядома, мы гаворым пра мужа - бацьку дзяцей. Сучасная роля мужчыны - не толькі матэрыяльнае забеспячэнне сям'і. Бо сёння жанчыны ўносяць значны ўклад у бюджэт сям'і, нярэдка іх заработная плата вышэйшая, чым у мужчын.

Мужчына ў сям'і - гэта, перш за ўсё, надзейнае плячо ў дамашніх абавязках, гэта штодзённы ўдзел у жыцці дзіцяці і сям'і. Прывяду цытату з дзіцячых вуснаў, якую я чула неаднаразова: "Час, праведзены з бацькам, - гэта самае каштоўнае". Падарункі забываюцца, рэчы губляюцца, а ўспаміны застаюцца назаўсёды і саграваюць сэрца.

Таму мы ўзмацнілі работу па падтрыманні гэтай важнай ролі бацькі, па павышэнні аўтарытэту бацькоўства і, перш за ўсё, сярод саміх мужчын. Уведзены спецыяльны водпуск для бацькі пры нараджэнні дзіцяці, прадастаўленне якога для наймальніка з'яўляецца не правам, а абавязкам.

Устаноўлены святочны дзень - Дзень бацькі (21 кастрычніка), прызначаны падкрэсліць асаблівую значнасць ролі мужчын у сям'і, у выхаванні дзяцей. Гэты дзень стаў яшчэ адной падставай для нашых мужчын ганарыцца званнем "Тата" і прадаўжаць свой род.

У гэтым годзе праходзіць шосты рэспубліканскі конкурс "Сям'я года", у ходзе якога таты з любога рэгіёна краіны могуць паказаць асабісты прыклад дастойнага выхавання дзяцей, паважлівага стаўлення да жанчыны-маці, забеспячэння дабрабыту сям'і. Абласны этап конкурсу пройдзе ў маі, фінал конкурсу адбудзецца 11 кастрычніка ў Мінску.

- Многія дзяўчаты задаюцца пытаннем: ці варта планаваць сям'ю, нараджэнне дзяцей, калі яшчэ не атрымала дыплом або толькі выпусцілася  і наперадзе некалькі гадоў адпрацоўкі? На ваш погляд, быць студэнткай або маладым спецыялістам - значыць адкласці гэтыя планы на потым?

- Сям'я і дзеці - гэта пра любоў і шчасце, а гэтыя катэгорыі, на мой погляд, не залежаць ад дыплома або адпрацоўкі. Цудоўна, што моладзь думае і бярэ адказнасць за сваю сям'ю. І ў дапамогу ім - дзяржаўная падтрымка, якая прадугледжана для будучых і маладых бацькоў: бясплатнае медыцынскае суправаджэнне жанчыны ў час цяжарнасці і родаў, прадастаўленне водпуску па цяжарнасці і родах па месцы вучобы або па месцы працы з выплатай дапамогі за ўвесь перыяд, заахвочвальная дапамога маме за пастаноўку на ўлік у жаночай кансультацыі ў ранні тэрмін цяжарнасці - да 12 тыдняў.

Значная падмога - дапамога ў сувязі з нараджэннем дзіцяці, што выплачваецца аднаразова і дазваляе пакрыць расходы сям'і на ўладкаванне немаўляці дома. Сёння сума выплаты пры нараджэнні першага дзіцяці складае больш за Br4 тыс., на другое дзіця і наступных - Br5,7 тыс. Забяспечвае своеасаблівую падушку бяспекі штомесячная дапамога па доглядзе дзіцяці. Тут важна ўлічваць працяглы тэрмін яе прадастаўлення - да спаўнення дзіцяці ўзросту 3 гадоў. Памер дапамогі вышэйшы за мінімальную заработную плату ў краіне, напрыклад, за сакавік Br723 на першае дзіця.
Калі сям'я прыняла правільнае рашэнне і ў ёй нарадзілася другое дзіця, то штомесяц выплачваецца адразу дзве дапамогі, сумарна - больш за Br1 тыс.

З трэцім, чацвёртым і наступнымі дзецьмі падтрымка становіцца ў разы больш важкая. Давайце разам палічым, колькі складзе дзяржаўная дапамога для шматдзетнай сям'і: за перыяд бальнічнага па цяжарнасці і родах - а гэта 126 каляндарных дзён - захоўваецца сярэднядзённы заработак. Плюс Br5,7 тыс. аднаразовай дапамогі. Яшчэ больш за Br1 тыс. штомесячных дапамог. Плюс Br31,5 тыс. - сямейны капітал. У выніку ўжо на старце амаль Br50 тыс. Як бачым, фінансавая падтрымка для сям'і немалая. Пры гэтым у маштабах дзяржавы гэта значныя расходы - каля Br4 млрд штогод.

- Ірына Анатольеўна, як на ваш погляд, чаго ўсё ж хочуць жанчыны?

- Міру і любові. Маці, хатняя гаспадыня, настаўнік або ўрач, будаўнік або вучоны, касманаўт - у любой сферы жанчына адчувае сябе шчаслівай, калі прысутнічаюць у жыцці гэтыя два складнікі.

Жадаю ўсім жанчынам Беларусі здароўя, сямейнага дабрабыту і поспехаў у працы. Праяўляйце сябе, адкрывайце ў сабе новыя грані і новыя магчымасці. Дзяржава заўсёды будзе верным памочнікам у любой справе, а моцная і любячая сям'я - надзейным тылам. Са святам вас, дарагія!-0-
 
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі