ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Серада, 17 жніўня 2022
Мінск Ясна +19°C
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
19 верасня 2012, 15:29

Пераможца Miss Supranational-2012 Кацярына Бурая не бачыла саперніц сярод іншых канкурсантак

Беларускі праславіліся прыгажосцю далёка за межамі краіны. Аднак як ні стараліся нашы дзяўчаты наблізіцца да трыумфу на міжнародных конкурсах, заваяваць тытул першай прыгажуні да гэтага года не ўдавалася ніводнай нашай удзельніцы. Праўда, беларускі не аднойчы былі максімальна блізкія да запаветнага звання - так, у 2009 годзе Марыя Есьман была ўдастоена тытула першай віцэ-міс "Інтэркантыненталь-2009". Акрамя таго, прадстаўніцы Беларусі двойчы заваёўвалі тытулы першай віцэ-міс на конкурсе Miss Supranational: Марына Ляпеша ў 2009 годзе і Людміла Якімовіч у 2011 годзе. У 2012 годзе перамогу ў Miss Supranational нашай краіне нечакана прынесла сінявокая бландзінка Кацярына Бурая, якую ў сродках масавай інфармацыі дзякуючы яркай знешнасці часта параўноўваюць з вядомай нямецкай мадэллю Клаўдзіяй Шыфер. Удвая прыемна, што арганізатары гэтага спаборніцтва самі зрабілі выбар на карысць Кацярыны - запытаўшы даныя ўдзельніц нацыянальнага конкурсу прыгажосці "Міс Беларусь" за апошнія гады, яны спынілі свой выбар на гэтай дзяўчыне і не памыліліся: ёй удалося абысці канкурэнтак і дабіцца прызнання на міжнародным узроўні. Гэтымі днямі Кацярына вярнулася ў родную Беларусь. Сваімі эмоцыямі і ўражаннямі ад знаходжання ў Варшаве яна падзялілася з карэспандэнтам БЕЛТА.

- Кацярына, прызнайцеся: на перамогу ў конкурсе разлічвалі? Ці трыумф зваліўся як снег на галаву?

- З аднаго боку, перамога стала для мяне нечаканасцю, з іншага - у глыбіне душы вельмі хацелася стаць лепшай. Я доўга ішла да перамогі, сур'ёзна займалася падрыхтоўкай да конкурсу. Таму, аб'ектыўна ацэньваючы свае магчымасці, я дапускала для сябе толькі першае месца. Безумоўна, удзел у Miss Supranational прымусіў моцна пахвалявацца, але хваляванне таго каштавала - цяпер я адчуваю сябе шчаслівай.

- Чакалі, што арганізатары конкурсу зробяць выбар менавіта на вашу карысць?

- Не чакала, але было прыемна. І, вядома ж, я не магла адмовіцца ад такой прывабнай прапановы.

- За галоўны тытул Miss Supranational у гэтым годзе змагаліся 53 удзельніцы. У кім з іх бачылі найбольш моцных канкурэнтак?

- Шчыра кажучы, я ўвогуле не бачыла сярод іншых удзельніц для сябе канкурэнтак. Больш таго - я ўвогуле не разглядала дзяўчат у такой якасці. Я ставілася да канкурсантак як да сябровак і ні ў якім выпадку ні з кім з іх не спаборнічала. Галоўнай сваёй канкурэнткай я лічыла саму сябе - згадзіцеся, складана бывае ў патрэбны момант сабрацца і праявіць лепшыя якасці, каб цябе заўважылі і выдзелілі на фоне астатніх. Але я паставіла перад сабой канкрэтную задачу - перамагчы. З дзяўчатамі спрабавала падтрымліваць дружалюбныя адносіны, каб максімальна прыемна правесці час у Польшчы і не азмрочваць дні знаходжання ў гэтай краіне. Такія адносіны дапамагалі абстрагавацца ад непажаданых думак і сур'ёзнай работы.

- З прадстаўніцамі якіх краін сябравалі найбольш?

- Мне вельмі спадабаліся дзяўчаты з Бразіліі і Венесуэлы. Сталі сяброўкамі з канкурсанткай з Грузіі - увесь перыяд конкурсу мы жылі ў адным гасцінічным нумары, за гэты час вельмі зблізіліся. Дарэчы, да гэтага часу падтрымліваем сяброўскія адносіны, яна нават плануе ў хуткім часе прыехаць у Мінск, да мяне ў госці.

- Можаце ўспомніць, хто першы павіншаваў з перамогай?

- Мой малады чалавек. Калі я стаяла на сцэне ў час фінальнага шоу і мяне толькі-толькі каранавала ўладальніца тытула Miss Supranational-2011 палячка Моніка Ляўшук, мне з залы перадалі на сцэну тэлефон, і я з ім пагаварыла.

- Вы сказалі, што ў вас ёсць малады чалавек. А ўдзел у міжнародных конкурсах асабістаму жыццю не перашкаджае?

- На самай справе, Miss Supranational - першы міжнародны конкурс, у якім я ўдзельнічала. Да гэтага, у 2008 годзе, я стала фіналісткай нацыянальнага конкурсу прыгажосці "Міс Беларусь". Мой малады чалавек з самага пачатку жадаў мне перамогі ў Miss Supranational і вельмі ганарыцца тым, чаго я дабілася.

- Але па ўмовах конкурсу пераможцы, верагодна, нельга выходзіць замуж на працягу года...

- Арганізатары пакуль не агаворвалі са мной дэталі, і кантракт я яшчэ не падпісвала. У хуткім часе я яго падпішу і тады дакладна буду ведаць усе нюансы. Але нават у тым выпадку, калі мне сапраўды нельга будзе выходзіць замуж да наступнага конкурсу, я думаю, для двух закаханых людзей гэта не праблема.

- Па тэлевізары карона Miss Supranational, якая ўвянчала вашу галаву ў фінале, выглядала вельмі масіўнай і дарагой. Многія конкурсы прыгажосці прадугледжваюць пастаяннае захоўванне галоўнай узнагароды ў арганізатараў, каб пазбегнуць варагоднасці яе крадзяжу, страты і г.д. А вам карону аддалі? І можа, ведаеце, колькі яна каштуе?

- Карону мне аддалі, я прывезла яе ў Мінск, яна захоўваецца ў мяне дома і будзе знаходзіцца там да наступнага конкурсу, пакуль я не надзену яе на галаву сваёй пераемніцы. Колькі яна каштуе, я не ўдакладняла.

- А ці ёсць грашовы прыз? І колькі ён складае?

- Грашовы прыз, вядома, ёсць, але пакуль я пра яго не думаю і думаць не хачу - проста цешуся перамогай. Для мяне званне пераможцы міжнароднага конкурсу Miss Supranational значыць намнога больш, чым нейкія матэрыяльныя каштоўнасці.

- Вам 23 гады, вы родам з Бабруйска, і ў гэтым годзе скончылі Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт і з'яўляецеся спецыялістам па міжкультурных адносінах ў сферы турызму. Няма жадання адкласці дыплом аб вышэйшай адукацыі ў далёкі куток тумбачкі і больш сур'ёзна заняцца мадэльным бізнесам?

- Я не збіралася працаваць па спецыяльнасці - мяне заўсёды больш цікавілі творчыя прафесіі. Думаю, перамога ў Miss Supranational дапаможа мне ажыццявіць задуманае.

- Кацярына, шчыра жадаю вам поспехаў і пакарэння новых творчых вяршынь! Прыемна, што беларуска нарэшце заваявала заслужаную перамогу на прэстыжным міжнародным конкурсе прыгажосці.

Таццяна ПАСТУШЭНКА
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі