ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Аўторак, 18 студзеня 2022
Мінск Пераменная воблачнасць -5°C
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
26 кастрычніка 2011, 17:38

ПАРТНЁРСКАЯ ДОЛЯ

Буйныя праекты з працяглым тэрмінам акупнасці ў Беларусі будуць рэалізоўвацца ў партнёрстве прыватніка і дзяржавы. Сэнс механізма даволі просты: інвестар укладвае грошы, дзяржава страхуе рызыкі і гарантуе хаця б мінімальную рэнтабельнасць. У такіх праектах маюць патрэбу дарожная інфраструктура, камунальная гаспадарка, ахова здароўя - наогул, сферы, якія не разбалаваны прыватнымі інвестыцыямі. Прыняць закон аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве плануецца ў 2012 годзе. Пакуль жа яго трэба будзе адшліфаваць і накіраваць на экспертызу знешнім экспертам з Еўрапейскай эканамічнай камісіі (ЕАК) ААН, якія вынесуць заключэнне аб гатоўнасці Беларусі да партнёрскай работы з інвестарамі. Дырэктар аддзела эканамічнага супрацоўніцтва і інтэграцыі ЕЭК Румен Дабрынскі ў эксклюзіўным інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА расказаў аб карысці дзяржаўна-прыватнага партнёрства для Беларусі і ўдзеле краіны ў рабоце камісіі.

- На ваш погляд, ці гатова Беларусь да дзяржаўна-прыватнага партнёрства?

- Для мяне было прыемным сюрпрызам, што ў Беларусі на розных узроўнях праяўляюць сур'ёзную цікавасць да дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Мы гэту тэму з беларускімі калегамі абмяркоўваем ужо некалькі гадоў. Нарэшце, можна прызнаць, што папярэднія размовы мелі эфект і да дзяржаўна-прыватнага партнёрства праяўляецца належны інтарэс. Больш таго, мы бачым, што Беларусь праяўляе цікавасць да рэалізацыі канкрэтных праектаў.

Што датычыцца гатоўнасці краіны, то гэта адно з пытанняў, якія мы абмяркоўваем з беларускімі спецыялістамі. Неабходны сур'ёзны аналіз. Мы гатовы аказаць падтрымку Беларусі і правесці адпаведную экспертызу. Такі аналіз выявіць усе прабелы ў нарматыўна-прававой базе Беларусі. Ён пакажа, ці можа краіна адразу пачаць выкананне канкрэтных праектаў або неабходна дадатковая работа па ўдасканаленню заканадаўства. Вядома, канкрэтныя праекты заўсёды можна рэалізаваць і праз існуючую нарматыўна-прававую базу, але для таго, каб гэта стала масавай практыкай, неабходна салідная заканадаўчая аснова.

- Які эфект можа даць Беларусі прыняцце закона аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве?

- Дзяржаўна-прыватнае партнёрства ўяўляе сабой сучасны механізм заахвочвання інвестараў. Ён працуе ў тых галінах, дзе ні дзяржава, ні прыватны сектар не могуць працаваць паасобку. Скажам, дзяржава можа адчуваць недахоп інвестыцыйных рэсурсаў, прасцей кажучы, грошай, прыватныя інвестары, у сваю чаргу, могуць сутыкнуцца з сітуацыяй, калі вельмі высокая рызыка рэалізацыі інвестпраекта. Калі дзяржава і прыватны сектар аб'ядноўваюць намаганні, яны падзяляюць як рызыку, так і выгаду, значыць, многія праекты становяцца магчымымі для рэалізацыі.

Гэта з'яўляецца для Беларусі самай важнай перавагай такога механізма, паколькі, калі будуць устаноўлены спрыяльныя ўмовы для рэалізацыі такіх праектаў, гэта дасць штуршок інвестыцыйным працэсам у многіх галінах.

- У якіх сферах эканомікі Беларусі варта рэалізоўваць інвестыцыйныя праекты на аснове дзяржаўна-прыватнага партнёрства?

- На прыкладзе іншых краін можна адзначыць, што звычайна праекты дзяржаўна-прыватнага партнёрства рэалізуюцца ў сферах і галінах, дзе вяртанне інвестыцый патрабуе значнага часу. Гэта праекты, якія датычацца стварэння інфраструктуры, камунальнай гаспадаркі, аховы здароўя, розных сфер паслуг, дзе пераважна прадстаўлена дзяржава, але дзе яна магла б выступаць у партнёрстве з прыватным сектарам.

У многіх краінах ёсць вопыт рэалізацыі інвестыцыйных праектаў на аснове дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў галіне адукацыі, аховы навакольнага асяроддзя і энергетыкі. Існуе шмат галін, у якіх можна рэалізаваць такія праекты, але канкрэтныя ўмовы іх рэалізацыі залежаць ад асаблівасцей той ці іншай краіны.

- Ці будзе дастатковым прыняцце закона аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве для таго, каб зацікавіць інвестараў у рэалізацыі даволі затратных праектаў з працяглым тэрмінам акупнасці?

- Закон сам па сабе з'яўляецца неабходнай, але недастатковай умовай для прыцягнення інвестараў у такія праекты. Каб існавала спрыяльнае асяроддзе для дзяржаўна-прыватнага партнёрства, неабходна выканаць і іншыя ўмовы. Аналіз ацэнкі гатоўнасці краіны, які мы правядзём для Беларусі, якраз і выявіць гэтыя моманты.

Наша экспертыза будзе ахопліваць не толькі заканадаўчую базу, але і бізнес-асяроддзе. Мы ацэнім існуючыя ў Беларусі ўмовы для прыцягнення інвестыцый, адміністрацыйны рэжым і многія іншыя сферы, неабходныя для нармальнай рэалізацыі праектаў.

- Адным з найбольш буйных інвестыцыйных праектаў для Беларусі з'яўляецца будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Ці можна да яго прымяніць механізм дзяржаўна-прыватнага партнёрства?

- Энергетыка - адна з галін, дзе можа прымяняцца механізм дзяржаўна-прыватнага партнёрства. На мой погляд, гэта даволі перспектыўная галіна. Патэнцыял прымянення механізма дзяржаўна-прыватнага партнёрства пры будаўніцтве беларускай АЭС ёсць, але, каб ацаніць гэтыя перспектывы, трэба дасканала вывучыць праект.

- Якая роля Беларусі ў дзейнасці Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН?

- У нас выдатна наладжана супрацоўніцтва з Беларуссю практычна па ўсіх напрамках. Мы ўжо рэалізавалі з рэспублікай некалькі канкрэтных праектаў, у тым ліку падрыхтавалі агляд у галіне інавацыйнага развіцця. Цяпер рыхтуецца аналагічны агляд па ўмовах знешняга гандлю. Мы супрацоўнічаем з Беларуссю і ў іншых галінах, такіх як транспарт, статыстыка, энергетыка, ахова навакольнага асяроддзя.

- Такую актыўнасць можна растлумачыць і тым фактам, што Беларусь была адной з краін - ініцыятараў стварэння Еўрапейскай эканамічнай камісіі...

- Так, Беларусь была сярод краін - заснавальніц Еўрапейскай эканамічнай камісіі. Беларусь даволі актыўная ўдзельніца, заўсёды робіць станоўчае ўражанне ў час абмеркаванняў пытанняў як стратэгічнага, так і бягучага характару.

- Ці ёсць у Еўрапейскай эканамічнай камісіі ідэі рэалізаваць яшчэ які-небудзь буйны праект у Беларусі?

- Пакуль аб гэтым складана што-небудзь гаварыць. Цяпер вядзецца агляд умоў знешняга гандлю. Мы дадзім рэкамендацыі па паляпшэнню нарматыўна-прававых актаў у галіне гандлю, што дасць магчымасць аблягчыць гандлёвы рэжым як у гандлі з краінамі Захаду, так і з партнёрамі ў бліжэйшым акружэнні. Я ўпэўнены, што ў хуткім часе з'явяцца і іншыя буйныя праекты.

- Калі коратка, да якой высновы прыйшлі эксперты, якія рыхтавалі агляд інавацыйнага развіцця Беларусі?

- У гэтым аглядзе мы правялі дэталёвы аналіз інавацыйнай сістэмы Беларусі, розных фактараў, як рухаючых сіл, так і ўмоў, якія перашкаджаюць інавацыйнаму развіццю Беларусі. На аснове крытычнага аналізу былі выпрацаваны рэкамендацыі па паляпшэнню кіравання інавацыйнай дзейнасцю.

Пры гэтым мы выявілі і пазітыўныя элементы. Так, у Беларусі прымяняюцца некалькі перадавых практык, якія мы будзем рэкамендаваць нашым партнёрам. Мы таксама выдзелілі некалькі галін, дзе ёсць патэнцыял для развіцця. Якраз гэтым галінам у асноўным і прысвечаны нашы рэкамендацыі.

Андрэй АСФУРА,
БЕЛТА.
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі