ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Серада, 17 жніўня 2022
Мінск Ясна +19°C
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
25 кастрычніка 2012, 12:29

Мінск да 2015 года пабудуе 3 тыс. кватэр для камерцыйнага найму

У буйных гарадах Беларусі, асабліва ў Мінску, жыллёвае пытанне стаіць найбольш востра. Вырашаецца яно ў рэспубліцы ў асноўным за кошт будаўніцтва прыватнага жылля, у той час як на Захадзе перавага аддаецца арэндным адносінам. Доля арэнднага жылля, напрыклад, у Германіі дасягае 60 працэнтаў, у Швецыі - 57 працэнтаў. Банкі выдаюць ільготныя  крэдыты не гараджанам, а забудоўшчыкам. Той, у каго няма ўласнага даху над галавой, можа за прымальную плату зняць жылплошчу. У Беларусі цэны на здымныя кватэры дыктуюць уласнікі, часта неабгрунтавана завышаючы іх. Прычым многія кватэраздатчыкі працуюць нелегальна, у выніку чаго дзяржаўная казна недаатрымлівае падатковых плацяжоў. Аднак у бліжэйшы час на рынку нерухомай маёмасці з'явіцца новы буйны ігрок у асобе дзяржавы. Плануецца актыўнае будаўніцтва арэндных дамоў, дзе квадратныя метры арандатарам абыдуцца танней. Аб тым, як будзе развівацца гэты напрамак у сталіцы, карэспандэнту БЕЛТА расказаў начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Мінгарвыканкама Аляксандр Сяргеевіч Аўраменка.


-Аляксандр Сяргеевіч, не так даўно старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька дакладваў Прэзідэнту аб планах па будаўніцтву ў сталіцы арэндных кватэр. Раскажыце больш падрабязна аб канцэпцыі развіцця рынку жылля камерцыйнага выкарыстання?


- Мець дах над галавой - адна з прыярытэтных патрэбнасцей чалавека. Горад на сваім узроўні спрабуе вырашыць жыллёвыя праблемы мінчан, у тым ліку праз такі новы напрамак, як будаўніцтва кватэр для здачы ў арэнду. Рынак арэнднага жылля ў сталіцы існуе даўно, але ў асноўным без уліку дзяржаўнага жылфонду. Цяпер стала цяжэй атрымаць ільготны крэдыт, паколькі большая частка тых, хто прэтэндаваў на яго раней, цяпер (па ўказу нумар 13) на гэта не мае права. Жыллё камерцыйнага выкарыстання - адзін з варыянтаў чаргавікам палепшыць свае жыллёвыя ўмовы. У сталіцы да 2015 года пабудуюць 3 тыс. арэндных кватэр. Арэндныя дамы з'явяцца ў кожным раёне Мінска, на гэтыя мэты УКБ будуць браць крэдыты ў банках. Пад іх вызначаны пляцоўкі, рыхтуецца дакументацыя. У 2013 годзе чакаецца ўвод пяці арэндных дамоў.


Змена прыярытэтаў у жыллёвай палітыцы, калі дзяржпадтрымку атрымліваюць грамадзяне, якія аб'ектыўна самастойна не могуць пабудаваць кватэры, а астатнім для часовага паляпшэння жыллёвых умоў прадастаўляецца магчымасць арандаваць памяшканні, - вельмі актуальная. Грошы, якія накіроўваліся на крэдытаванне насельніцтва, лепш пераарыентаваць на крэдытаванне арганізацый, якія будуюць арэнднае жыллё. Тады большая колькасць мінчан вырашыць свае жыллёвыя праблемы. У горадзе ёсць тыя, хто, магчыма, мае ва ўласнасці некалькі кватэр, у тым ліку пабудаваных з дзяржпадтрымкай, і зарабляе на гэтым, а камусьці няма дзе жыць. Паводле даных падатковай інспекцыі, больш як 40 тыс. кватэр у горадзе здаецца ў наём.


- Цэны на здымныя кватэры ў Мінску зашкальваюць, асабліва ў верасні, у сезон студэнцкага наплыву. Ці дасць магчымасць узвядзенне арэндных дамоў іх знізіць?


- Будуючы дзяржаўнае жыллё камерцыйнага выкарыстання, мы створым канкурэнцыю прыватнікам. З'явіцца значная колькасць арэндных кватэр, якія абыдуцца кватэранаймальнікам прыкладна ў два разы танней, і гэта не можа не адбіцца ў цэлым на рынку нерухомай маёмасці. На наш погляд, цана будзе падаць, але ў тым выпадку, калі такога жылля стане многа.


- Ужо цяпер у сталіцы некаторыя дзяржаўныя кватэры здаюцца ў наём. Ці высокі попыт? Колькі каштуе пражыванне ў іх?


- У нас налічваецца 144 жылыя памяшканні камерцыйнага выкарыстання. Безомоўна, гэта вельмі мала. Мы такія кватэры бяром з ужо існуючага дзяржаўнага жыллёвага фонду - яны вызваляюцца па розных прычынах. Памер платы за выкарыстанне фарміраецца зыходзячы з метражу, узроўню камфортнасці, планава-эканамічнай зоны горада (у залежнасці ад месцазнаходжання ўстаноўлены каэфіцыенты ад 1 да 3). Формула разліку вызначаецца адпаведнай пастановай Савета Міністраў: 0,2 базавыя велічыні (базавая велічыня цяпер Br100 тыс.) трэба памножыць на плошчу і каэфіцыент. Так, аднапакаёвая кватэра па вуліцы Ротмістрава,32 у Заводскім раёне плошчай каля 34 кв.м у месяц каштуе Br335,7 тыс., у Партызанскім раёне па вул.Уральская,8 - Br770,4 тыс. Рыначны кошт у два, а то і ў тры разы вышэйшы, таму попыт вялікі.


- Якія кватэры найбольш запатрабаваны?


- Найбольшую цікавасць выклікаюць двухпакаёвыя кватэры, не менш запатрабаваныя аднапакаёвыя, затым у спісе значацца трохпакаёвыя і чатырохпакаёвыя кватэры. У адпаведнасці з гэтым мы і фарміруем планы - пры ўзвядзенні арэндных дамоў у прыярытэце будуць менавіта двухпакаёвыя кватэры. Хоць чалавек сам вольны выбіраць, дзе яму жыць: у адрозненне ад жыллёвага будаўніцтва для маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў тут няма нарматыву квадратных метраў. Няважна - тры, чатыры, пяць чалавек у сям'і, калі чаргавік хоча жыць у аднапакаёвай кватэры - калі ласка.


- Хто мае першачарговае права на засяленне ў арэндныя кватэры? Кватэры ў такіх дамах будуць здавацца толькі мінчанам або прыезджым таксама, напрыклад, будаўнікам, якіх не хапае, педагогам, медыкам?


- Тое, каму прадастаўляецца арэнднае жыллё, рэгламентуе ўказ нумар 512. Кватэры ў арэндных дамах могуць атрымаць як маючыя патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, так і тыя, хто не мае такой патрэбы, аднак прыярытэт аддаецца першай катэгорыі грамадзян. Улічваючы, што ў нас амаль 268 тыс. чаргавікоў, то практычна ў Мінску на іх прэтэндуюць толькі маючыя патрэбу, а людзі стаяць на чарзе з 1988-1989 гадоў, некаторыя сталі на ўлік яшчэ да 1980 года (ім не раз і не два прапаноўвалі будаваць жыллё, але яны адмаўляліся). Прычым выбар робіцца на карысць таго, хто даўжэй за іншых знаходзіцца ў спісе маючых патрэбу. Тэарэтычна магчыма і прыезджым стаць арандатарамі, але пакуль гэта нерэальна.


- Як вырашаюцца пытанні з прапіскай у арэндным жыллі?


- Арэнднае жыллё - новы для нас напрамак, пакуль напрацоўваем правапрымяняльную практыку. Чалавек можа зарэгістравацца ў арандаванай кватэры часова або на пастаяннае месца жыхарства, ад гэтага будзе залежаць памер платы за камунальныя паслугі.


- На Захадзе многія ўсё жыццё здымаюць жыллё, большасць беларусаў - уласнікі. Улічваючы традыцыі, ці будуць чаргавікі зацікаўлены ў атрыманні арэнднай кватэры. Здымаюцца яны пасля гэтага з чаргі маючых патрэбу або не?


- Хачу яшчэ раз падкрэсліць, што жыллё камерцыйнага выкарыстання нельга будзе прыватызаваць. З грамадзянамі заключаецца дагавор наўму на тэрмін, як правіла, не меншы за пяць гадоў (першыя дагаворы мы заключалі на год), чалавек зможа арандаваць жылплошчу доўгі час. Пры гэтым ён не здымаецца з чаргі. Так, раней была магчымасць атрымаць ільготнае жыллё, і ўсе гэтым карысталіся. Жаданне мець кватэру ва ўласнасці зразумелае, але яно не павінна рэалізоўвацца толькі за кошт дзяржавы. Лічу, павінна быць разнастайнасць форм вырашэння жыллёвых пытанняў - і жыллё камерцыйнага выкарыстання, і долевае будаўніцтва, сацыяльнае, службовае, прыватнае жыллё.


- Усё ж такі арэнднае жыллё - гэта не ўласная кватэра. Ці не здарыцца так, што людзі стануць кіравацца прынцыпам "не маё - не шкада". Якія меры трэба прыняць, каб новая арэндная кватэра праз некалькі гадоў не ператварылася ў кватэру з працякаючымі трубамі і адарванымі шпалерамі?


- Такога не будзе. Калі арандатар не адносіцца беражліва да дзяржаўнай маёмасці, з ім проста скасуюць дагавор (такая норма ў ім прапісана). Рэгуляванне праваадносін даволі дакладна прапісана ў розных нарматыўных дакументах, у тым ліку гэтай тэме вялікая ўвага ўдзелена ў новым Жыллёвым кодэксе, які хутка ўступіць у сілу. На крайні выпадак, ёсць судовыя органы, дзе ў судовым парадку кампенсуюцца выдаткі.


- У сувязі са змяненнямі заканадаўства ў сферы жыллёвага будаўніцтва наколькі скарацілася чарга маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў?


- Цяпер на ўліку маючых патрэбу ў Мінску знаходзіцца больш як 267,8 тыс. чалавек. У выніку ўдакладнення даных з пачатку года чарга скарацілася прыкладна на 12 тыс. чалавек, паколькі ў многіх грамадзян адпалі падставы ў ёй знаходзіцца. Зверка чаргі прадаўжаецца, завяршыць яе плануецца да красавіка 2013 года згодга з даручэннем Прэзідэнта. Мінулыя гады ў выніку лібералізацыі жыллёвага заканадаўства, міграцыйных працэсаў чарга імкліва павялічвалася, нягледзячы на высокія тэмпы жыллёвага будаўніцтва. Напрыклад, на 1 студзеня 1999 года ў паляпшэнні жыллёвых умоў мелі патрэбу больш як 100 тыс. сем'яў. Вырашэнню жыллёвых пытанняў у Мінску будзе садзейнічаць у тым ліку развіццё рынку арэнднага жылля.


Надзея РАДЗІВОН

Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі