ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Чацвер, 2 снежня 2021
Мінск -1°C
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
13 студзеня 2012, 18:24

КВАТЭРНЫ АДКАЗ

Мінгарвыканкам заклікае прадпрыемствы дапамагчы фінансава членам ведамасных ЖБВК


У Мінску на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў знаходзіцца каля 275 тыс. сем'яў, з іх 90 тыс. сем'яў чакаюць запаветных квадратных метраў больш за 10 гадоў, 44,5 тыс. сем'яў - у статусе чаргавіка больш за 15 гадоў, 31,8 тыс. - больш за 20 гадоў. Нягледзячы на беспрэцэдэнтныя заканадаўчыя магчымасці ў мінулым, а не будаваў жыллё раней толькі лянівы, армія чаргавікоў у Мінску замест таго, каб скарачацца, расла. У цяперашняй няпростай эканамічнай сітуацыі расходы бюджэту давялося перагледзець. Аб'ёмы жыллёвага будаўніцтва і льготнага крэдытавання скарочаны. Аб тым, як вырашалася і вырашаецца ў новых умовах кватэрнае пытанне ў сталіцы, у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА расказаў начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Мінгарвыканкама Аляксандр Аўраменка.

- Аляксандр Сяргеевіч, агульнавядома, што чарга маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў у Мінску на фоне іншых рэгіёнаў краіны самая вялікая. Гэта і зразумела: сталіца заўсёды была цэнтрам прыцягнення для іншагародніх з-за шматлікіх магчымасцей. З іншага боку, адносна ліберальнае заканадаўства справакавала бум сярод жадаючых палепшыць свае жыллёвыя ўмовы...

-  Абсалютна правільна. Калі на 1 студзеня 1999 года ў адміністрацыях раёнаў Мінска на ўліку было крыху больш за 100 тыс. сем'яў і гэта лічба наступныя гады была стабільнай, то цяпер чарга налічвае 275 тыс. сем'яў.

Міграцыйны прырост насельніцтва Мінска, а ў 2000-2010 гадах у сталіцу прыбылі больш за 170 тыс. іншагародніх, унёс сваю лепту ў папаўненне чаргі маючых патрэбу ў жыллі ў сталіцы. Прычына таго - адсутнасць абмежаванняў па тэрмінах пастаяннага пражывання (рэгiстрацыi) у Мінску для пастаноўкі на такі ўлік, якія былі ўстаноўлены толькі з 2008 года.

Раней для атрымання статусу чаргавіка ўлічвалася наяўнасць ва ўласнасці і карыстанні жылля ў населеным пункце па месцы пастаноўкі на такі ўлік. Гэта прывяло да таго, што грамадзяне, маючы ва ўласнасці жыллё ў іншых населеных пунктах рэспублікі, папоўнілі рады сталічных чаргавікоў. Так, напрыклад, у 2010 годзе на тэрыторыі Мінскай вобласці ва ўласнасці мінчан зарэгістравана каля 96,4 тыс. жылых памяшканняў арыенціровачнай плошчай 9,2 млн.кв.м.

- Не сакрэт, што многія скарысталіся заканадаўчым пралазам у карыслівых мэтах. У 2010 годзе ўказ нумар 543 выключыў магчымасць камерцыйнай нажывы за кошт жылля, якое ўзводзіцца з дапамогай дзяржавы. Да прыняцця гэтага дакумента асабліва прадпрымальныя грамадзяне ўхітраліся трапляць у лік чаргавікоў з зайздроснай перыядычнасцю. У ход ішлі любыя схемы: фіктыўныя разводы, усяленне сваякоў без фактычнага пражывання, нерэгістрацыя пабудаванай нерухомай маёмасці і шмат іншага. У выніку ліберальнае заканадаўства справакавала парадаксальную сітуацыю: чым больш дзяржава будуе, тым хутчэй расце чарга на атрыманне запаветных метраў.

- Пачынаючы з 1999 года асноўным відам паляпшэння жыллёвых умоў мінчан з'яўляецца жыллёвае будаўніцтва з прыцягненнем сродкаў дзяржпадтрымкі (льготных крэдытаў і субсідый), на што дзяржава штогод затрачвала значныя сумы бюджэтных сродкаў. У выніку ў структуры жыллёвага фонду сталіцы пераважае прыватная форма ўласнасці - 82,6 працэнта, з якіх 93,9 працэнта - уласнасць фізічных асоб.

Паводле даных Мінскага гарадскога агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнаму кадастру, у 2010 годзе па адной кватэры мелі 508 тыс. мінчан, па дзве - 55,3 тыс., па тры - 5,4 тыс., па чатыры - 742, па пяць - 168, па шэсць і больш - 138 чалавек. Заўважу, што не ўсё пабудаванае з дзяржаўнай падтрымкай жыллё выкарыстоўваецца па прызначэнню самімі ўладальнікамі. Так, у наём (арэнду) у Мінску, паводле звестак падатковай інспекцыі, грамадзяне і індывідуальныя прадпрымальнікі здаюць каля 38 тыс. жылых памяшканняў.

- Атрымліваецца, што дзяржава стала заложнікам такой лаяльнай прававой базы?

- Лібералізацыя заканадаўства і ўдзел дзяржавы ў будаўніцтве жылля для чаргавікоў прывялі да таго, што ўвод жылля ў эксплуатацыю ў Мінску на 1 тыс. чалавек за 2000-2009 гады павялічыўся практычна ўдвая. У 2010 годзе ў горадзе пабудавана больш за 1 млн. 85 тыс.кв.м жылля, у 2011-м - таксама больш за 1 млн.кв.м, а чарга практычна не скарачаецца.

Відавочна, што наспявала неабходнасць змянення нарматыўнай прававой базы і ўкаранення новых механізмаў для вырашэння кватэрнага пытання. У такой сітуацыі льготнае крэдытаванне не можа разглядацца асноўным інструментам фінансавання будаўніцтва жылля, паколькі дзяржава ўжо не гатова субсідзіраваць насельніцтва і прадастаўляць яму крэдыты пад невысокія працэнты. Дарэчы, у пераважнай большасці краін заходняй і ўсходняй Еўропы актыўна прымяняецца механізм найму (арэнды) жылля (практычна 80 працэнтаў існуючага жыллёвага фонду), а не яго набыцця грамадзянамі ва ўласнасць.

6 студзеня кіраўнік дзяржавы падпісаў указ нумар 13, які прадугледжвае новыя механізмы крэдытавання для грамадзян. Указ уступіць у сілу з моманту яго афіцыйнага апублікавання. Згодна з дакументам, ільготныя крэдыты будуць пяці тыпаў: для шматдзетных сем'яў - пад 1 працэнт на 40 гадоў (на ранейшых умовах), для чаргавікоў, якія пражываюць і працуюць у малых гарадах з колькасцю насельніцтва да 20 тыс., - пад 4,5 працэнта на 20 гадоў (10 працэнтаў ад дзеючай стаўкі рэфінансавання 45 працэнтаў, але не менш за 3 працэнты гадавых), для ваеннаслужачых - пад 5 працэнтаў на 20 гадоў у Мінску, для маладых сем'яў з двума дзецьмі - пад 22,5 працэнта на 20 гадоў (50 працэнтаў ад дзеючай стаўкі рэфінансавання 45 працэнтаў, але не менш за 5 працэнтаў). Пятым тыпам крэдыту (пад 9 працэнтаў на 20 гадоў (20 працэнтаў стаўкі рэфінансавання, але не менш за 5 працэнтаў гадавых) зможа скарыстацца шырокае кола атрымальнікаў: людзі, якія маюць права на пазачарговае атрыманне жылых памяшканняў сацыяльнага карыстання, якія пражываюць па тэрміновых дагаворах найму ў сацыяльным і службовым жыллі (без уліку даходаў); малазабяспечаныя з ліку тых, хто выхоўвае дзяцей-інвалідаў, інвалідаў з дзяцінства I і II групы, інваліды па артыкулу 18 ЧАЭС, ветэраны баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, якія пражываюць у непрыдатным жыллі, лаўрэаты і стыпендыяты прэзідэнцкіх фондаў, якія пражываюць у інтэрнатах і па дагаворах найму (паднайму) жылля пры адсутнасці ва ўласнасці жылых памяшканняў, а таксама суддзі і пракурорскія работнікі.

- Як складваецца сітуацыя з будаўніцтвам жылля ў Мінску з улікам апошніх прававых навацый?

- Згодна з прынятымі Мінгарвыканкамам рашэннямі, падлягае будаўніцтву 139 жылых дамоў - гэта каля 18 тыс. кватэр. З іх узводзяць 72 дамы, па 67 дамах будаўніцтва не пачата.

У 2010 годзе гарвыканкамам былі прыняты рашэнні аб арганізацыі 83 жыллёва-будаўнічых вытворчых кааператываў (ЖБВК): 44 - ведамасныя і 39 - мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. У 72 будуемых жылых дамах з 9630 кватэр 999 размеркаваны шматдзетным сем'ям і 486 кватэр - грамадзянам іншых ільготных катэгорый. Адміністрацыі раёнаў зацвердзілі ў спісах на атрыманне льготнага крэдыту 6571 сям'ю, у тым ліку 945 шматдзетных, 487 - ільготнікаў. Міністэрствам абароны зацверджана ў спісах на льготны крэдыт каля 1,4 тыс. чалавек. Не ўключаны ў спісы на льготны крэдыт 1633 чалавекі. Заключана 5829 крэдытных дагавораў, не аформілі дагаворы 2168 сем'яў, зацверджаных у спісах на атрыманне льготнага крэдыту.

Пасля ўступлення ў сілу змяненняў у парадак і ўмовы льготнага крэдытавання права на гэты від дзяржпадтрымкі захаваюць тыя грамадзяне, якія заключылі крэдытны дагавор, а гэта 5829 сем'яў, а таксама 1250 грамадзян, якія ўключаны ў спісы на льготнае крэдытаванне, але не заключылі крэдытныя дагаворы. У 67 дамах, узвядзенне якіх не пачалося, з 8213 кватэр 586 размеркаваны шматдзетным сем'ям, 2778 - грамадзянам іншых ільготных катэгорый.

- А як жа быць астатнім чаргавікам? У такі пераломны момант што можна ім прапанаваць?

- У цяперашняй сітуацыі важна роля прадпрыемстваў і арганізацый. Мяркуйце самі: ведамасных ЖБВК больш, чым ЖБВК мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Прадпрыемствы і арганізацыі, на базе якіх ствараліся ЖБВК, маглі б аказаць фінансавую дапамогу сваім работнікам у будаўніцтве жылля. І такія прыклады ў сталіцы ёсць. Так, выказалі гатоўнасць аказання фінансавай падтрымкі работнікам на будаўніцтва жылля ААТ "Мінскі гадзіннікавы завод" (ЖБВК "Гадзіншчык"), ААТ "Крыён" (ЖБВК "Нафтахімік"). РУП "Белтэлекам" (ЖБВК 897) плануе пабудаваць за кошт прадпрыемства тры паверхі жылога дома. Прапрацоўваюць пытанне прадастаўлення матэрыяльнай дапамогі для будаўніцтва жылля УП "НВА "Цэнтр" (ЖБВК "НВА "Цэнтр"). У той жа час пакуль ступень удзелу ведамстваў у аказанні дапамогі сваім работнікам пры будаўніцтве дамоў недастатковая.

Разам з тым відавочна, што неабходна ствараць магчымасці для актыўнага ўдзелу ў вырашэнні жыллёвай праблемы саміх грамадзян з выкарыстаннем розных фінансавакрэдытных схем і механізмаў: іпатэчныя крэдыты, сістэма жыллёвых будаўнічых зберажэнняў, пазыкі прадпрыемстваў. Цяпер адпаведныя прапановы накіраваны на разгляд ва ўрад. Ёсць і іншы варыянт, якім змогуць скарыстацца ўласнікі жылля. Так, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва распрацавала праект указа "Аб зацвярджэнні палажэння аб парадку ўнясення жылога памяшкання, што знаходзіцца ў прыватнай уласнасці, у якасці ўзносу ў залік кошту будаўніцтва новага жылога памяшкання" - гэта новы механізм фінансавання будаўніцтва жылля. Такі спосаб дапаможа ўласнікам жылога памяшкання (пакой, кватэра, дом, ізаляваная частка жылога дома, доля ў жылым памяшканні) палепшыць свае жыллёвыя ўмовы. Яго прымяненне знізіць нагрузку на фінансава-крэдытную сферу дзяржавы, уключыць у рынак жылля нерухомую маёмасць грамадзян, якія будуюць новае жыллё, актывізуе і разнастаіць гэты рынак, насыціць яго найбольш запатрабаванымі малапакаёвымі кватэрамі. Праектам дакумента прадугледжана, што кошт жылога памяшкання, якое перадаецца ўласнікам забудоўшчыку або заказчыку, будзе залічвацца ў якасці першапачатковага або наступных узносаў у залік кошту будаўніцтва новага жылля ў адпаведнасці з умовамі дагавора паміж заказчыкам і ўласнікам перадаваемага жылля.

Акрамя таго, у Мінску пачалася рэалізацыя пілотнага праекта па развіццю рынку арэнднага жылля. Два першыя такія дамы ўжо ўзводзяць у Першамайскім раёне сталіцы. У перспектыве арэндныя дамы пабудуюць у кожным раёне горада. Гэта таксама нядрэнны варыянт вырашэння кватэрнага пытання.

Аксана ШЫКУЦЬ
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі