ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Субота, 13 жніўня 2022
Мінск Суцэльная воблачнасць +25°C
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
03 красавіка 2014, 16:48

Кірыл Камароў: Якасць работ беларускіх спецыялістаў на будаўніцтве АЭС заслугоўвае высокай ацэнкі

Ні альтэрнатыўныя крыніцы энергіі, ні сланцавы газ не змогуць у бліжэйшай перспектыве выцесніць атамную генерацыю з сусветнага энергетычнага балансу. Такога меркавання прытрымліваюцца вядучыя сусветныя эксперты і аналітычныя цэнтры, у тым ліку МАГАТЭ і Міжнароднае энергетычнае агенцтва. Паводле прагнозных даных МАГАТЭ, да 2030 года доля атамнай генерацыі ў свеце вырасце як мінімум на 23 працэнты, а як максімум у два разы. Інтарэс да мірнага атама абумоўлены тым, што АЭС - гэта крыніца стабільнага энергазабеспячэння і важны элемент энергабяспекі дзяржавы, што не дае пры гэтым дадатковых выкідаў СО2 у атмасферу. Акрамя таго, будаўніцтва АЭС прадастаўляе вялікія магчымасці для эканомікі і прамысловасці рэгіёна. А з развіццём найноўшых тэхналогій у атамнай галіне карэнным чынам можа вырашыцца і пытанне радыеактыўных адходаў.

Аб тым, чаму расійскія ядзерныя тэхналогіі маюць бясспрэчныя перавагі на сусветным рынку атамнай галіны, над якімі праектамі працуюць беларускія і расійскія атамшчыкі і калі можа быць канчаткова вырашана праблема адпрацаваўшага ядзернага паліва, у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА расказаў намеснік генеральнага дырэктара дзяржкарпарацыі "Расатам" па развіцці і міжнародным бізнесе Кірыл Камароў.


- Кірыл Барысавіч, наконт будучага ядзернай энергетыкі яшчэ некалькі гадоў таму выказваліся самыя розныя прагнозы. Аднак партфель заказаў "Расатама", які значна павялічыўся, красамоўна сведчыць аб тым, што колькасць прыхільнікаў атамнай генерацыі расце. Якая колькасць новых энергаблокаў будуецца сёння ў цэлым у свеце і колькі ўзводзіцца па расійскіх праектах?

- У свеце сёння працуе 435 энергаблокаў АЭС. У стадыі будаўніцтва - 72 блокі, і гэта вельмі салідная лічба. Хачу адзначыць, што толькі за 2013 год у цэлым у розных краінах свету пачалі будаваць 10 новых атамных энергаблокаў.
 
Што датычыцца Расіі, то мы цяпер будуем атамныя станцыі і ў сябе, і ў іншых краінах. Цяпер у Расійскай Федэрацыі ўзводзяцца 9 энергаблокаў.

Сукупны партфель замежных заказаў "Расатама" - гэта 22 атамныя энергаблокі. У актыўнай стадыі будаўніцтва знаходзяцца 2 блокі ў Беларусі, 2 блокі ў Кітаі, 2 блокі ў Індыі, 4 блокі ў Турцыі. Па астатніх блоках праводзяцца папярэднія работы ў такіх краінах, як Бангладэш, Індыя (наступныя 2 энергаблокі), В'етнам і ў шэрагу іншых дзяржаў.
   
- Дзяржкарпарацыя "Расатам" за апошнія гады не прайграла ніводнага тэндара. У чым жа бясспрэчныя перавагі вашых атамных тэхналогій, дзякуючы якім краіна-заказчык аддае перавагу менавіта расійскім распрацоўкам?

- Поспех "Расатама" на міжнародным рынку будаўніцтва АЭС абумоўлены тым, што мы прапануем партнёрам самыя сучасныя тэхналогіі - пакалення "тры плюс". Яны ўлічваюць усе патрабаванні па бяспецы, у тым ліку тыя, якія адносяцца да катэгорыі так званых постфукусімскіх. Гэта значыць, размова ідзе аб патрабаваннях, што сфарміраваліся ў сусветнай супольнасці пасля інцыдэнту на Фукусіме, калі свет яшчэ раз задумаўся аб тым, ці бяспечныя сучасныя атамныя станцыі.

Новыя патрабаванні па бяспецы прадугледжваюць, што станцыя акумуліруе ў сабе адначасова як актыўныя, так і пасіўныя элементы. Актыўныя - гэта тыя, якімі кіруе чалавек, а пасіўныя - якія пачынаюць выкарыстоўвацца пры збегу самых неспрыяльных акалічнасцей. Напрыклад, калі нават усе сістэмы электра- і водазабеспячэння станцыі выйдуць са строю на доўгі тэрмін, то ў гэтых умовах АЭС у аўтаномным рэжыме зможа спыніць рэакцыю ядзернага дзялення, забяспечыць адвод астаткавага цяпла і, зразумела, не дапусціць ніякага выкіду радыеактыўных рэчываў. Сучасныя расійскія АЭС аснашчаны ўсімі гэтымі элементамі бяспекі.

Другая наша вялікая перавага ў тым, што "Расатам" нічога не ўзводзіць за мяжой з таго, што не пабудаваў спачатку ў сябе дома. Таму шэраг нашых канкурэнтаў знаходзіцца ў слабым становішчы: грамадскасць у розных краінах часта папракае іх у жаданні правесці "эксперымент" - кампаніі, не пабудаваўшы такую станцыю ў сваёй краіне, прапануюць яе ў чужой.

Як я ўжо гаварыў, на гэты момант "Расатам" у Расіі будуе 9 блокаў, і мы будуем іх па абсалютна такіх жа тэхналогіях, якія прапануем за мяжой. Паколькі гэтыя энергаблокі знаходзяцца на розных этапах будаўніцтва, то любы заказчык можа прыехаць і ўбачыць усю тэхналогію будаўніцтва атамнай станцыі: ад падрыхтоўкі катлавана да ўрачыстай цырымоніі ў сувязі з пускам блока ў строй.

Яшчэ адзін немалаважны фактар - Расія мае ўсе тэхналогіі ў галіне атамнай энергетыкі, таму можа прапанаваць комплекснае рашэнне. "Расатам" аб'ядноўвае прадпрыемствы, якія займаюцца здабычай урану, абагачэннем, вытворчасцю ядзернага паліва, стварэннем абсталявання для АЭС, будаўніцтвам атамных станцый, іх эксплуатацыяй. Любому заказчыку мы заўсёды можам прапанаваць увесь комплекс тэхнічных рашэнняў, увесь ланцужок.

Акрамя таго, Расія прапануе не толькі бяспечныя і комплексныя тэхналагічныя рашэнні па будаўніцтве АЭС, але яшчэ і садзейнічае па частцы фінансавання. У нас існуе цэлая лінейка варыянтаў: або, як у выпадку з Беларуссю, прадастаўляем міждзяржаўны экспартны крэдыт, або мы выступаем у якасці інвестараў або суінвестараў - так мы супрацоўнічаем з Турцыяй і пачалі працаваць у Фінляндыі.

- Будаўніцтва Беларускай АЭС знаходзіцца ў актыўнай фазе. Ці маюць цяпер беларускія спецыялісты магчымасць кантраляваць якасць і працэс вытворчасці на расійскіх прадпрыемствах абсталявання для БелАЭС? Або гэта поўнасцю "закрытая тэрыторыя"?

- Беларускія спецыялісты не проста маюць такую магчымасць - яны абавязаны гэта рабіць. Таму што заказчык - Беларуская атамная электрастанцыя - мае права не проста праводзіць фінальную прыёмку абсталявання або работ непасрэдна на будаўнічай пляцоўцы, але таксама адсочваць выраб дэталей, пачынаючы са стадыі вытворчасці металу са спецыяльнай сталі і сплаваў, якія потым будуць выкарыстаны для абсталявання. Яшчэ раз падкрэслю: гэта не права, гэта непасрэдны абавязак беларускіх спецыялістаў пракантраляваць і якасць, і бяспеку. Кантролем за будаўніцтвам БелАЭС займаецца таксама Дзяржатамнагляд Беларусі. Таму нішто не працуе ў закрытым рэжыме - усё адкрыта і кантралюецца.

Сёння на пляцоўцы Беларускай АЭС працуюць 2,5 тыс. чалавек. Да канца года плануецца павялічыць гэту лічбу да 3 тыс. Нам вельмі прыемна, што гэта ў асноўным работнікі беларускіх будаўнічых арганізацый. Амаль 90 працэнтаў з тых, хто сёння заняты на будаўніцтве БелАЭС, - грамадзяне Беларусі.

- На сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі кіраўнік "Расатама" Сяргей Кірыенка заявіў аб гатоўнасці запрасіць беларускіх будаўнікоў да ўдзелу ў праектах узвядзення АЭС па расійскіх тэхналогіях у іншых краінах. Ці вядзецца прапрацоўка гэтага напрамку супрацоўніцтва?

- Для таго каб прыцягнуць падрадчыкаў і пастаўшчыкоў, мы як дзяржаўная карпарацыя заўсёды праводзім тэндары. Таму тая работа, якую беларускія кампаніі вядуць на будаўніцтве БелАЭС, для іх вельмі карысная. З аднаго боку, мы можам паглядзець і ацаніць вынікі дзейнасці беларускіх спецыялістаў. Але самае галоўнае - беларусы могуць азнаёміцца з расійскімі патрабаваннямі і стандартамі, падрабязна даведацца аб умовах удзелу ў нашых конкурсах.

Дарэчы, якасць работ беларускіх арганізацый вельмі высокая, ніякіх нараканняў у нас няма. Уласна кажучы, дзякуючы гэтаму ўсё "атамнае" будаўніцтва ідзе ў адпаведнасці з графікам.

Рэалізацыя такога маштабнага і складанага праекта, як узвядзенне АЭС, патрабуе вельмі цеснай кааперацыі паміж усімі ўдзельнікамі. Тое, як паспяхова ў нас ідзе супрацоўніцтва, сведчыць аб тым, што паміж людзьмі, паміж Беларуссю і Расіяй ёсць вельмі вялікае ўзаемаразуменне і давер, які з'яўляецца добрым фундаментам для нашага партнёрства ў атамнай сферы.

- Па якіх праектах у атамнай галіне, акрамя будаўніцтва АЭС, Беларусь і Расія ажыццяўляюць супрацоўніцтва?

- Цяпер з беларускімі калегамі вядуцца перагаворы аб магчымасці будаўніцтва ў Беларусі цэнтра з даследчым рэактарам, які зможа вырашаць як навуковыя, так і прыкладныя задачы, звязаныя з такімі вельмі перспектыўнымі напрамкамі, як, напрыклад, ядзерная медыцына, мадыфікацыя матэрыялаў і многія іншыя. Спадзяёмся, што гэтыя перагаворы завершацца паспяхова, і ў нас будзе магчымасць пабудаваць у Беларусі не толькі першую атамную станцыю, але і такі даследчы цэнтр.

- Расію і Украіну на працягу доўгага часу звязвала цеснае ўзаемадзеянне ў атамнай сферы. Як вы ацэньваеце перспектыву далейшага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі ў гэтай галіне?

- Тэма атамнай энергетыкі ва Украіне сапраўды сур'ёзная. Існуючыя ва Украіне атамныя энергаблокі ў сукупнасці выпрацоўваюць амаль палавіну ўсёй электраэнергіі ў гэтай краіне. Нягледзячы на ўсе бягучыя нюансы, Расія і "Расатам" добрасумленна выконваюць усе абавязацельствы перад украінскімі калегамі. Мы прадаўжаем пастаўляць паліва для дзеючых атамных станцый і вывозім адпрацаваўшае ядзернае паліва. Таксама ідзе работа над праектам па будаўніцтве ва Украіне завода па вытворчасці ядзернага паліва.

Спадзяёмся, што ў хуткім часе мы зможам вярнуцца да рэальнага дыялогу з украінскімі калегамі аб тым, як яны бачаць перспектывы развіцця атамнай энергетыкі ў гэтай краіне. Я ўпэўнены, што Расія заўсёды будзе ў гэтых працэсах адыгрываць дастойную ролю.

- Кірыл Барысавіч, далейшую стратэгію развіцця атамнай энергетыкі вучоныя звязваюць з развіццём тэхналогій замкнутага паліўнага цыкла. Гэта значыць, размова ідзе аб тым, што ядзерныя рэактары ў літаральным сэнсе будуць безадходнымі. Якая краіна лідзіруе па такіх распрацоўках? І калі гэтыя тэхналогіі пачнуць прымяняцца масава?

 - Праблема адпрацаваўшага ядзернага паліва сёння сапраўды ёсць. Пакуль АЯП проста захоўваюць. Але на самай справе гэта можа стаць крыніцай будучага паліва, калі навучыцца правільна яго перапрацоўваць і паўторна выкарыстоўваць. У гэтым сэнсе рэактар на хуткіх нейтронах - гэта будучае атамнай энергетыкі ва ўсім свеце. І Расія тут безумоўны лідар, таму што мы ўжо больш як 30 гадоў эксплуатуем першы такі рэактар на Белаярскай АЭС. У бягучым годзе плануем завяршыць будаўніцтва рэактара большай магутнасці - у яго будзем загружаць ужо так званае змешанае паліва, якое дае магчымасць паўторна выкарыстоўваць ЯП, атрыманае на іншых аб'ектах.

Францыя таксама вяла пэўныя напрацоўкі ў гэтым напрамку, але яны былі ў нейкі момант згорнуты. Сёння Расія, відаць, адзіная краіна, якая развівае гэту тэхналогію і рыхтуецца зрабіць яе, магчыма, праз дзясятак гадоў камерцыйнай тэхналогіяй, што будзе прымяняцца ў розных краінах.
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі