ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Чацвер, 19 мая 2022
Мінск Суцэльная воблачнасць +17°C
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
09 верасня 2011, 13:24

КАБ ВОСЕНЬ ЖЫЦЦЯ БЫЛА ЦЁПЛАЯ...

КАБ ВОСЕНЬ ЖЫЦЦЯ БЫЛА ЦЁПЛАЯ...

У ліпені бягучага года Міністэрства працы і сацыяльнай абароны прапанавала наведвальнікам сайта выказаць меркаванне на тэму "Ці абавязаны дзеці клапаціцца аб сваіх састарэлых бацьках, дапамагаць ім?" Вынікі інтэрнэт-апытання ўразілі: 9,3 працэнта рэспандэнтаў (практычна кожны дзясяты) лічаць, што клопат аб іх састарэлых бацьках павінна браць на сябе выключна дзяржава, маўляў, дзеці гэтага рабіць не абавязаны ў прынцыпе... Зразумела, нельга экстрапаліраваць меркаванне асобных людзей на грамадскую свядомасць у цэлым, але нельга і зусім адмятаць утрыманскія настроі ў адвечным пытанні бацькоў і дзяцей. Нямала выпадкаў, калі клопат аб блізкіх спрабуюць узваліць на плечы дзяржавы. Але ж яшчэ ёсць і адзінокія людзі, паклапаціцца аб якіх, акрамя дзяржавы, проста няма каму...

Між тым восень жыцця кожнага чалавека павінна быць камфортнай і дастойнай незалежна ад таго, дзе праходзяць дні - у сям'і сярод шматлікіх дамачадцаў або ў сацыяльнай установе. Аб тым, як будзе развівацца сістэма сацыяльнага абслугоўвання ў перспектыве, аб сённяшніх рэаліях дамоў-інтэрнатаў, аб праблемах і пошуку рашэнняў у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА расказаў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак.

- Аляксандр Аляксеевіч, у многіх замежных краінах змяшчэнне састарэлых бацькоў у спецыяльныя дамы даўно стала нормай жыцця. У Беларусі гэта лічыцца ганебным, нават амаральным. Справа ў менталітэце або ў якасці абслугоўвання, спектры паслуг, умовах знаходжання? А можа - у форме ўласнасці такіх стацыянараў для састарэлых?

- Гэта шматаспектнае пытанне. І неадназначнае. На мой погляд, усе пералічаныя складальнікі адыгрываюць сваю ролю, хоць і ў рознай ступені.

Сапраўды, у Беларусі так склалася, што сваякі, як правіла, даглядаюць сваіх блізкіх. Такія нашы традыцыі, агульначалавечыя каштоўнасці. Асабліва гэта характэрна для сельскай мясцовасці, паколькі ў вяскоўцаў сямейныя вузы мацнейшыя, сваяцкія сувязі бліжэйшыя, ды і жыллё большай плошчы, чым у гараджан.

Між тым апошнія гады стала больш выпадкаў, калі пажылых людзей і інвалідаў сваякі хочуць змясціць у дамы-інтэрнаты на платнай аснове. Гэтаму можна знайсці нямала тлумачэнняў. Па-першае, паляпшаюцца ўмовы пражывання ў беларускіх стацыянарах сацабслугоўвання, развіваюцца новыя формы і напрамкі дзейнасці ў гэтай сферы. Па-другое, усё больш беларусаў могуць сабе дазволіць аплаціць знаходжанне блізкіх ва ўстанове, дзе яны будуць пад пастаянным кваліфікаваным наглядам спецыялістаў. Па-трэцяе, умацоўваецца тэндэнцыя росту колькасці людзей пажылога ўзросту, павялічваецца колькасць адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай дапамозе, а значыць, патрэбнасць у стацыянарным сацыяльным абслугоўванні будзе ўзрастаць. І, па-чацвёртае, у перспектыве не выключана стварэнне прыватных дамоў-інтэрнатаў. Пакуль жа догляд састарэлых і інвалідаў ва ўмовах стацыянараў - сфера выключна дзяржавы.

Цяпер у рэспубліцы функцыянуе 74 стацыянарныя ўстановы сацыяльнага абслугоўвання (44 - псіханеўралагічныя, 21 - для састарэлых і інвалідаў, 9 - для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў), у якіх пражываюць 17,4 тыс. чалавек.

- Цікава, дзе і калі ў Беларусі пабудуюць першыя дамы-інтэрнаты малой умяшчальнасці і павышанай камфортнасці - аналагі замежных прытулкаў для пажылых людзей?

- Комплекснай праграмай развіцця сацыяльнага абслугоўвання на 2011-2015 гады з агульным аб'ёмам фінансавання Br291,1 млрд. прадугледжваецца ўкараненне новых сацыяльных тэхналогій па догляду састарэлых і інвалідаў, удасканаленне дзеючых форм і метадаў сацыяльнага абслугоўвання ў стацыянарных умовах, развіццё лячэбна-працоўнай і актывуючай тэрапіі для інвалідаў у спецыяльна створаных умовах, а таксама стварэнне дамоў малой умяшчальнасці і павышанай камфортнасці.

Іх жыхарам на платных умовах прапануюць асобныя камфартабельныя пакоі, палепшанае харчаванне, індывідуальны догляд і рэабілітацыйныя паслугі. Такія камфортныя міні-дамы-інтэрнаты плануецца адкрыць у Віцебскай, Гомельскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях.

Будаўніцтва стартуе ў 2014 годзе, завершыцца пасля 2015 года. На гэтыя мэты прадугледжана Br23,15 млрд.

У Мінскім раёне пабудаваны ўжо Гарадскі дом-інтэрнат для ветэранаў вайны і працы "Світанак". У Брэсцкай, Гродзенскай абласцях і Мінску плануецца стварэнне аддзяленняў павышанай камфортнасці на базе дзеючых дамоў-інтэрнатаў.

- Ці атрымае ў нашай краіне распаўсюджванне механізм рэнты?

- Мне асабіста гэты новы напрамак здаецца перспектыўным, асабліва для сталіцы і абласных цэнтраў.

Нагадаю, 30 снежня мінулага года кіраўнік дзяржавы наведаў "Свiтанак", тады ж былі дадзены даручэнні ўраду і Мінгарвыканкаму ўкараняць новыя формы сацыяльнага абслугоўвання, у тым ліку заснаваныя на заключэнні дагавораў рэнты. І ўжо ў другім паўгоддзі гэтага года ў Мінску пачаўся адпаведны эксперымент.

Нялішнім будзе сцісла растлумачыць сутнасць новаўвядзення. Атрымальнікам рэнты можа быць мінчанін, які дасягнуў 70-гадовага ўзросту, не мае сваякоў, абавязаных па закону яго ўтрымліваць. Або ж адзінокая сямейная пара пры ўмове, што адзін з іх перасягнуў 70-гадовую мяжу. Другая абавязковая ўмова - людзі павінны мець ва ўласнасці жыллё ў сталіцы. Абавязковым з'яўляецца дагавор, які прадугледжвае адчужэнне нерухомай маёмасці атрымальніка рэнты ва ўласнасць плацельшчыка рэнты (Мінгарвыканкама), таксама ўстанаўліваюцца ўзаемныя абавязацельствы "партнёраў" - чалавека і дзяржавы. У дагаворы пажыццёвага ўтрымання адзначаецца, што ў абмен на добраахвотную перадачу жылой плошчы атрымальніку рэнты будзе бясплатна прадастаўлена жылое памяшканне ў доме-інтэрнаце, харчаванне, сацыяльна-бытавыя і медыцынскія паслугі. Або ж чалавек можа заставацца ў сваёй кватэры, комплекс сацыяльных паслуг яму будзе бясплатна аказваць дома тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (ТЦСАН), а пасля смерці чалавека кватэра пяройдзе ў распараджэнне Мінгарвыканкама.

Ужо шэсць мінчан пажадалі заключыць дагавор рэнты і пражываць у доме-інтэрнаце "Свiтанак", восем чалавек гатовы скарыстацца на падставе дагавора рэнты паслугамі ТЦСАН.

Плюс рэнты ў тым, што ўзмацняецца сацыяльная абароненасць пажылых людзей, якія маюць патрэбу ў сацпадтрымцы. Вядома, ім псіхалагічна цяжка расстацца са сваім жыллём, але ў людзей з'явілася права выбару. Немалаважны аспект: плацельшчыкам рэнты з'яўляецца дзяржарганізацыя, а дзяржаве прадстаўнікі старэйшага пакалення давяраюць больш, чым якому-небудзь асобнаму чалавеку.

- Калі з'явіцца магчымасць кароткатэрміновага пражывання ў дамах-інтэрнатах? Такі тайм-аўт вельмі важны для тых, хто штодзень на працягу многіх гадоў даглядае хворае дзіця або ляжачага старога чалавека...

- Сапраўды, сем'і, дзе даглядаюць дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў, пажылых сваякоў, якія страцілі рухальную актыўнасць, адчуваюць патрэбнасць у кароткачасовай перадышцы для вырашэння сваіх сацыяльна-бытавых задач.

У рамках эксперыменту ў Мінску будзе прадастаўляцца новая сацыяльная паслуга па платнаму кароткатэрміноваму знаходжанню дзяцей-інвалідаў, інвалідаў і пажылых людзей. Чалавека, якія мае патрэбу ў доглядзе і дапамозе, можна будзе змясціць у стацыянарную ўстанову на тэрмін да 30 дзён. За гэты час члены сям'і змогуць падлячыцца, зрабіць рамонт у кватэры, адпачыць у турпаездцы і г.д. Калі эксперымент дакажа запатрабаванасць такой паслугі, міністэрства будзе ініцыіраваць унясенне адпаведных змяненняў у заканадаўства. І тады гэта паслуга стане даступнай для ўсіх жыхароў Беларусі.

- Аляксандр Аляксеевіч, а як вы ацэньваеце гатоўнасць стацыянарных устаноў сацабслугоўвання да асенне-зімовага перыяду?

- Штогод удзяляецца вялікая ўвага падрыхтоўцы стацыянарных устаноў сацыяльнага абслугоўвання да работы ў асенне-зімовы перыяд, гэта не разавая кампанія. Ад якасці падрыхтоўкі залежыць не толькі камфортнасць умоў у дамах-інтэрнатах, але і здароўе пражываючых.

Цяпер завяршаюцца работы па забеспячэнню надзейнага функцыянавання крыніц і сістэм цепла- і электразабеспячэння, захаванасці і пажарнай бяспекі аб'ектаў, прывядзенню ў рабочы стан рэзервовых і аўтаномных крыніц электрычнай і цеплавой энергіі. Праводзіцца работа па забеспячэнню пражываючых у дамах-інтэрнатах сезонным адзеннем і абуткам.

Асаблівы ўпор традыцыйна робіцца на гатоўнасць кацельнага абсталявання. Выкананы рэжымна-наладачныя выпрабаванні катлоў, кацельна-дапаможнага абсталявання. Заключаны дагаворы з рознымі арганізацыямі на пастаўку кацельна-пячнога паліва (яна ажыццяўляецца па графіку).

Рэалізаваць усе запланаваныя арганізацыйна-тэхнічныя мерапрыемствы па падрыхтоўцы арганізацый да ацяпляльнага перыяду і атрымаць пашпарты гатоўнасці плануецца да 23 верасня бягучага года.

Гатоўнасць да ацяпляльнага сезона стацыянарных устаноў сацыяльнага абслугоўвання камунальнай уласнасці перавышае 80 працэнтаў. З сямі дзяржарганізацый, падпарадкаваных міністэрству, пяць ужо атрымалі пашпарты гатоўнасці, дзве арганізацыі плануюць атрымаць такія "допускі да работы" ў ацяпляльны сезон да 15 верасня.

- Ці не адбілася скарачэнне бюджэтнага фінансавання на якасці абслугоўвання пражываючых у дамах-інтэрнатах?

- Павінен падкрэсліць, што па асноўных пазіцыях абслугоўвання пражываючых у дамах-інтэрнатах фінансаванне захавалася. Паслугі ім прадастаўляюцца згодна з устаноўленымi нормамi. Размова ідзе аб пяціразовым харчаванні (у асноўным), адзенні, абутку, мяккім інвентары, бытавым абслугоўванні (уборка пакояў, мыццё і прасаванне адзення, змена нацельнай і пасцельнай бялізны, паслугі цырульніка). Па магчымасці ў жылых пакоях ствараюцца хатнія ўмовы і ўтульнасць. Арганізаваны кругласутачны догляд, урачы і медсёстры аказваюць пражываючым неабходную медыцынскую дапамогу. Праводзяцца фізіятэрапеўтычныя працэдуры, заняткі па лячэбнай фізкультуры, працуюць стаматалагічныя кабінеты. Нямала ўвагі ўдзяляецца арганізацыі вольнага часу.

Разам з тым даводзіцца канстатаваць, што крыху скарацілася бюджэтнае фінансаванне будаўніцтва, рэканструкцыі, капітальнага рамонту. Але гэта, падкрэслю, не адаб'ецца на нармальным функцыянаванні дамоў-інтэрнатаў.

- Ці плануецца змяніць нарматывы харчавання, забеспячэння сродкамі гігіены пражываючых у стацыянарах?

- Міністэрства працы і сацыяльнай абароны пастаянна працуе над удасканаленнем нарматыўнай прававой базы ў мэтах паляпшэння матэрыяльнага і бытавога абслугоўвання пражываючых у дамах-інтэрнатах. Так, у канцы сакавіка бягучага года зацверджаны новыя нормы харчавання ў стацыянарных установах сацыяльнага абслугоўвання і дзяржарганізацыях, падпарадкаваных міністэрству. Гэта дае магчымасць забяспечыць роўнае спажыванне прадуктаў харчавання і круглагадовае роўнае спажыванне агародніны, бульбы. Праведзена карэкцыя па асобных прадуктах з улікам іх харчовай і энергетычнай каштоўнасці. Акрамя таго, міністэрствам зацверджаны натуральныя нормы харчавання. Такім чынам, забяспечваюцца фізіялагічныя патрэбнасці пражываючых у дамах-інтэрнатах незалежна ад змянення цэн на прадукты харчавання. Дарэчы, двойчы ў год праводзіцца маніторынг выканання норм харчавання ў дамах-інтэрнатах.

Зрабіць больш танным і разнастайным меню дапамагае падсобная гаспадарка пры большасці дамоў-інтэрнатаў. На зямельных участках вакол дамоў-інтэрнатаў вырошчваецца агародніна, садавіна, ягады, ёсць і міні-фермы. Пражываючыя ў дамах-інтэрнатах пры жаданні могуць працаваць у падсобнай гаспадарцы, і многія гэта робяць з задавальненнем. Работа на зямлі, догляд жывёлы - гэта добрая працатэрапія.

- Ці будзе пераглядацца памер аплаты за знаходжанне ў дамах-інтэрнатах?

- У пытанні змянення кошту аплаты для грамадзян, якія знаходзяцца на ўмовах платнага ўтрымання ў стацыянарных установах сацыяльнага абслугоўвання, мы сёння займаем узважаную і вывераную пазіцыю.

Па стану на 1 ліпеня бягучага года сярэдні кошт утрымання ў дамах-інтэрнатах на аднаго чалавека па рэспубліцы ў месяц наступны: у дамах-інтэрнатах агульнага тыпу - Br1 млн. 255,7 тыс., псiханеўралагiчных - Br1 млн. 432,5 тыс., для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця - Br2 млн. 191,8 тыс. Пры гэтым расходы на іх утрыманне ў стацыянарных установах нясе дзяржава. І толькі нязначная частка пражываючых у дамах-інтэрнатах агульнага тыпу аплачвае сваё знаходжанне ў гэтых установах. Як правіла, гэта пажылыя людзі, якія маюць працаздольных дзяцей, абавязаных па закону іх утрымліваць.

Карэкціравацца кошт будзе з улікам расходаў на ўтрыманне пражываючых у сувязі са змяненнем тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі і цэн на прадукты харчавання.

- Калі ў рэспубліцы нарэшце будзе ліквідавана чарга на пасяленне ў дамы-інтэрнаты?

- Цяпер гэта праблема актуальная толькі для Мінска, дзе ў чарзе на пасяленне ў інтэрнатныя ўстановы стаяць 452 чалавекі, і для Віцебскай вобласці - 173 чалавекі.

Раней гэта пытанне было на парадку дня практычна ва ўсіх рэгіёнах краіны. Вельмі шмат было зроблена, каб ліквідаваць чаргу, на гэта былі накіраваны значныя фінансавыя сродкі з бюджэту.

У ходзе рэалізацыі Праграмы развіцця і аптымізацыі сеткі ўстаноў сацыяльнага абслугоўвання да 2011 года ў дамах-інтэрнатах створана 1338 месц (план - 1071). У тым ліку за кошт рэканструкцыі і будаўніцтва - 320 месц, за кошт перапрафілявання і ўводу невыкарыстоўваемых плошчаў - 1018 месц. Плошчы спальных памяшканняў прыведзены да ўстаноўленых санітарных норм (7 кв.м на чалавека) у 12 дамах-інтэрнатах з 17.

У рамках Комплекснай праграмы развіцця сацыяльнага абслугоўвання на 2011-2015 гады ў бягучым верасні плануецца адкрыццё дамоў-інтэрнатаў у Гомелі і Клецку (Мінская вобласць). У 2012-2015 гадах прадугледжваецца стварыць 1006 месц, яшчэ 603 месцы будуць прыведзены ў адпаведнасць з санітарнымі нормамі.

- Што ўяўляюць сабой дамы самастойнага пражывання, ці будзе развівацца іх сетка?

- Дамы самастойнага сумеснага пражывання - новая форма сацыяльнай работы. Яны ствараюцца для адзінокіх састарэлых, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, інвалідаў другой і трэцяй групы, якія захавалі здольнасць да самаабслугоўвання.

Рашэнне аб стварэнні такіх дамоў прымаюць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, зыходзячы з рэгіянальнай сацыяльна-дэмаграфічнай сітуацыі і патрэбнасці ў гэтай паслузе.

Напрыклад, у Смаргонскім раёне (Гродзенская вобласць) у такім доме жывуць семь пажылых жанчын і мужчын пад патранажам спецыяліста па сацыяльнай рабоце і сацработнікаў тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва.

Прычым ствараюцца дамы самастойнага пражывання не толькі для пажылых грамадзян, але і для маладых людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія страцілі сацыяльныя сувязі. У гэтых мэтах на базе дамоў-інтэрнатаў для дзяцей-інвалідаў арганізуюцца так званыя мадэльныя пляцоўкі. Дзяцей навучаюць абслугоўваць сябе, гатаваць, мыць. Яны (па дазволу ўрача) займаюцца працоўнай тэрапіяй у падсобнай гаспадарцы. Так, у двух дамах-інтэрнатах для дзяцей-інвалідаў арганізавана пражыванне ў асобных доміках, дзе створаны ўсе ўмовы для самастойнага пражывання. Гэта асабліва важна для тых, хто з дзяцінства жыў на поўным забеспячэнні ў доме-інтэрнаце.

- Наколькі актуальнай з'яўляецца праблема кадраў у сферы сацабслугоўвання?

- Ёсць праблемы з укамплектаваннем медыцынскімі кадрамі стацыянарных устаноў сацыяльнага абслугоўвання. Асабліва вострае пытанне па ўкамплектаванню кваліфікаванымі ўрачэбнымі кадрамі. Так, на 1 студзеня бягучага года ў дамах-інтэрнатах усіх тыпаў пуставала 45 ставак урачоў (23,8 працэнта), 72 стаўкі (5,3 працэнта) сярэдняга медперсаналу і 230 ставак (4,5 працэнта) малодшага медперсаналу.

Медыцынская дзейнасць у стацыянарных установах сацабслугоўвання падлягае ліцэнзаванню. Згодна з ліцэнзійнымі патрабаваннямі неабходна наяўнасць не менш як у аднаго работніка першай або вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі (для медыцынскіх работнікаў, якія маюць сярэднюю спецыяльную медыцынскую адукацыю, - кваліфікацыйнай катэгорыі). Знайсці ўрачоў (псіхіятраў, тэрапеўтаў, педыятраў) першай або вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі ў раёнах даволі цяжка, тым больш улічваючы аддаленае месцазнаходжанне дамоў-інтэрнатаў ад буйных населеных пунктаў.

Акрамя таго, з улікам сучасных патрабаванняў, новых падыходаў да сацыяльнага абслугоўвання ў стацыянарных умовах паўстала неабходнасць увядзення новых спецыяльнасцей у штаты гэтых устаноў (такіх, напрыклад, як псіхолагі, спецыялісты па сацыяльнай рабоце, эргатэрапіі).

У бягучым годзе НДІ працы Мінпрацы і сацабароны праводзіць навукова-даследчую работу, мэта якой - вывучэнне патрэбнасці ўключэння ў тыпавыя штаты дамоў-інтэрнатаў новых спецыяльнасцей, змянення колькасці і нагрузкі працуючых ва ўстановах.

- Якія змяненні плануецца ўнесці ў заканадаўства аб сацабслугоўванні?

- Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававых даследаванняў сумесна з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны падрыхтаваны праект закона "Аб сацыяльным абслугоўванні". Ім прадугледжваецца ўвядзенне новых форм сацыяльнай работы і відаў сацыяльных паслуг. Усе змяненні ў заканадаўства накіраваны на развіццё сацабслугоўвання на аснове прынцыпаў гуманізму, адраснасці, сацыяльнай справядлівасці і даступнасці паслуг для пажылых людзей і інвалідаў.

Алена ПРУС,
БЕЛТА.
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі