ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Пятніца, 19 жніўня 2022
Мінск Суцэльная воблачнасць +25°C
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
28 сакавіка 2014, 08:19

Ірына Якубоўская: У Мінску з 1 красавіка ўводзіцца новая сістэма аплаты і кантролю праезду

У Мінску для аплаты праезду ў грамадскім транспарце з красавіка бягучага года ўводзяцца адзіныя білеты на аснове бескантактных смарт-картак (БСК). Яны заменяць усім нам прывычныя папяровыя праязныя. Адначасова пашыраны магчымасці аплаты за праезд (дадаткова ўведзены праязныя на пэўную колькасць паездак). Новая сістэма аплаты і кантролю праезду пачне функцыянаваць у поўным аб'ёме з 1 красавіка бягучага года. Аб новаўвядзеннях у размове з карэспандэнтам БЕЛТА расказала намеснік генеральнага дырэктара па эканоміцы ДП "Мінсктранс" Ірына Якубоўская.

- Ірына Уладзіміраўна, БСК на ўсе віды транспарту паступілі ўжо ў продаж 15 сакавіка. Якая рэакцыя пакупнікоў?


- Электронныя праязныя на красавік рэалізуюцца ў 139 кіёсках філіяла "Агенцтва Мінсктранс" і касах сталічнага метрапалітэна (іх 110). Нягледзячы на тое, што аб новаўвядзеннях шмат гаварылася ў СМІ, ды і ў парадку эксперыменту яны ўжо дзейнічаюць у бягучым годзе - са студзеня ў метро і з лютага ў трамваях, у пасажыраў узнікае шмат пытанняў - пры продажы даводзіцца тлумачыць правілы карыстання БСК. Думаю, у наступным месяцы БСК стануць такімі ж прывычнымі для пасажыраў, як і папяровыя праязныя. Больш таго, людзі ацэняць іх перавагі.

Дарэчы, за люты было рэалізавана каля 3,5 тыс. электронных праязных дакументаў на трамвай, выкананых на аснове пластыкавых бескантактных смарт-картак. Звычайна пасажыры набывалі 4,3-4,5 тыс. папяровых праязных. Атрымліваецца, не ўсе адразу прынялі новаўвядзенне, некаторыя вырашылі карыстацца па-ранейшаму папяровымі талончыкамі...

Агульная колькасць электронных праязных, эмітаваных тады ў працэсінгавым цэнтры філіяла, была амаль 6 тыс. штук - з салідным запасам. Гэта было зроблена для таго, каб новая прадукцыя паступіла ва ўсе пункты продажаў, нават у тыя мікрараёны, дзе попыт на праязныя на трамвай традыцыйна вельмі нязначны. Хацелася максімальна адаптаваць пасажыраў да новай прадукцыі, хутчэй увесці яе ва ўжытак. Урэшце, пластыкавыя БСК не ўтылізуюцца (як папяровыя носьбіты), а выкарыстоўваюцца для кадзіроўкі або папаўнення тарыфных планаў у далейшым. Таму незапатрабаваныя БСК не знікаюць - яны проста чакаюць свайго часу, вобразна кажучы.

На сённяшні дзень у працэсінгавым цэнтры выпушчана ўжо амаль 550 тыс. электронных праязных дакументаў, да пачатку красавіка гэта лічба павялічыцца да 600 тыс.

Кожны від праязнога мае васьмізначны код, які касіру неабходна набраць, потым дакумент прыкладаюць да абсталявання і праграміруюць. Калі грошы ўнесены пакупніком і запісаны тарыф, пластыкавы носьбіт становіцца электронным праязным дакументам на аснове бескантактнай смарт-карткі. Застаецца толькі карыстацца і пры неабходнасці папаўняць.

- Электронныя білеты на люты паступалі ў пункты продажаў ужо з запісаным тарыфам. БСК на сакавік актываваліся ў пунктах продажу. Як будзе ў далейшым і якія праязныя карыстаюцца найбольшым попытам?

- У сакавіку да стандартных праязных на трамвай дабавіліся праязныя білеты на пэўную колькасць паездак (5, 10, 20, 30, 40, 50, 60). Сапраўды, касіры на POS-тэрміналах самі запісвалі на карткі тарыфы, неабходныя пасажырам. Так адбываецца і цяпер: электронныя праязныя дакументы прыходзяць у пункты продажаў агенцтва і касы метрапалітэна пустымі і становяцца гатовымі да ўжывання пасля таго, як касір запіша на іх пэўны тарыф, а пасажыр - аплаціць. Так будзе і ў далейшым.

Што датычыцца найбольш папулярных электронных праязных, то тут прыярытэт у БСК на поўны месяц.

Дарэчы, пры куплі пластыкавай смарт-карткі пасажыру абавязкова выдаецца чэк з падрабязнай інфармацыяй аб тэрмінах дзеяння праязнога дакумента і тарыфах. Лічу, пасажырам трэба гэтыя чэкі захоўваць - сабе ж для падказкі.

На БСК будуць паступаць праязныя на дэкаду, 15 дзён або месяц і ў залежнасці ад жадання пасажыра на 1, 2, 3 ці 4 віды гарадскога грамадскага транспарту. Акрамя таго, картку можна папаўняць і пэўнай колькасцю паездак - ад 5 да 60 (у гэтым выпадку пасажыр будзе мець права выкарыстоўваць любы з чатырох відаў транспарту). У адпаведнасці з рашэннем Мінгарвыканкама тэрмін дзеяння БСК на пэўную колькасць паездак абмяжоўваецца двума месяцамі з моманту іх рэалізацыі.

Уся інфармацыя аб статыстыцы продажаў і выкарыстання БСК абсалютна празрыстая, яна паступае ў аўтаматычным рэжыме ў працэсінгавы цэнтр і адлюстроўваецца ў сістэме аналітыкі. Так, на маніторы камп'ютара відаць, у які час працавала канкрэтны касір і якія тарыфы яна закадзіравала.

- Адным з галоўных пытанняў, якія хвалююць людзей, з'яўляецца пытанне цаны. Выказваліся апасенні, што ўвядзенне БСК немінуча прывядзе да павелічэння кошту праезду.

- Гэтыя апасенні дарэмныя. Праязныя застаюцца па той жа цане. У чым і пераканаліся тыя, хто іх ужо набыў. Адзіны нюанс - пасажырам трэба набыць саму картку (яе залогавы кошт - Br12 тыс.). Але пры гэтым трэба мець на ўвазе, што бескантактная смарт-картка з'яўляецца шматразовай - пасля заканчэння тэрміну дзеяння пэўнага віду праязнога дакумента картку можна папоўніць у спецыялізаваных кіёсках агенцтва "Мінсктранс".

Пластыкавыя карткі метрапалітэна прымаюцца ў касах метро па іх цяперашнім залогавым кошце (Br10 тыс.).

Трэба адзначыць, што праязны на метро (на адзін від транспарту) пакуль застаецца ў выглядзе пластыкавай карткі, захоўваюцца і пластмасавыя жэтоны на адну паездку. Астатнія праязныя, у тым ліку сумешчаныя, уяўляюць сабой бескантактныя смарт-карткі.

- Вялікая работа праведзена спецыялістамі "Мінсктранса" па пераабсталяванні камунальнага транспарту. Ці задаволены вы вынікам?

- Кожны трамвай, тралейбус, аўтобус, які выходзіць на лінію, абсталяваны валідатарамі для БСК і электроннымі кампосцерамі (для папяровых талончыкаў на адну паездку) - усяго каля 2,2 тыс. адзінак транспарту. І 1 красавіка яны здадуць своеасаблівы экзамен на гатоўнасць працаваць на новым, больш сучасным узроўні. Валідатары размешчаны на кожным поручні пры ўваходзе ў салон транспарту. Мы спадзяёмся на разуменне пасажыраў - спачатку абсталяванне будзе працаваць фактычна ў тэставым рэжыме, а таксама просім беражліва адносіцца да яго - гэты праект нятанны, ды і вельмі працаёмкі.

У сакавіку ў аўтобусных і тралейбусных парках пачалася прашыўка валідатараў. У салонах рухомага саставу задзейнічана брыгада з трох чалавек: электрык, аўтаслесар і спецыяліст аддзела АСУ. Пасля завяршэння працэсу прашыўкі тэставай карткай правяраецца працаздольнасць кожнага валідатара. Калі картка набліжаецца да валідатара, высвечваецца яго нумар. Кожны такі нумар захоўваецца ў тэкставым файле і адпраўляецца ў філіял "Агенцтва Мінсктранс", дзе ўносіцца ў базу даных.

Цяпер ідзе работа над транспартнымі карткамі касіраў, кантралёраў і вадзіцеляў. Касіры з дапамогай гэтых дакументаў будуць адкрываць і закрываць свае змены, вадзіцелі - запускаць электроннае абсталяванне ў салонах рухомых адзінак, а кантралёры - у час праверкі аплаты праезду блакіраваць абсталяванне. Акрамя фотаздымкаў на персанальных картках будуць пазначаны прозвішча, імя, імя па бацьку, дата нараджэння, табельны нумар работніка, філіял і пасада.

Вялікая ўвага ўдзелена навучанню вадзіцеляў і кантралёраў.

- Калі праезд лічыцца аплачаным?

- Пры выкарыстанні для аплаты праезду папяровага талончыка пасажыр абавязаны пагасіць яго з дапамогай электроннага кампосцера, як і раней. Што датычыцца БСК, то пачынаючы з 1 красавіка для пацвярджэння аплаты праезду кожны пасажыр павінен пры ўваходзе ў транспартны сродак прыкласці да валідатара сваю смарт-картку (дарэчы, пры паўторным прыкладанні карткі да валідатара аплата не спаганяецца, а высвечваецца баланс БСК). У час правядзення кантролю аплаты праезду электронныя кампосцеры і валідатары блакіруюцца. Выкарыстанне пасажырам БСК для аплаты праезду кантралёр правярае з дапамогай існуючага ў яго спецыяльнага тэрмінала.

- А калі ўладальнік, напрыклад, электроннага месячнага праязнога не прыклаў картку да валідатара, то яму пагражае штраф?

- Так, ён будзе аштрафаваны.

Незалежна ад таго, праязны на тэрмін або на пэўную колькасць паездак, пасажыру пры ўваходзе ў транспартны сродак трэба смарт-картку прыкласці да валідатара. Распаўсюджванне гэтага правіла на ўладальнікаў праязных на тэрмін тлумачыцца тым, што, па-першае, такім чынам пацвярджаецца факт атрымання пасажырам транспартнай паслугі ў пэўны час у пэўным транспартным сродку, па-другое, ствараецца база для вывучэння пасажырапатоку ў мэтах аптымізацыі маршрутнай сеткі, па-трэцяе, пасажыр фіксуе сваю прысутнасць у транспартным сродку на выпадак узнікнення страхавога выпадку. Такім чынам гэта ў інтарэсах самога пасажыра.

- А ці будуць кандуктары рэалізоўваць талончыкі ў грамадскім транспарце?


- У бліжэйшыя месяцы - так. А прыкладна са жніўня на лініях будуць працаваць толькі кантралёры.
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі