ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Серада, 17 жніўня 2022
Мінск Малавоблачна +26°C
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
17 чэрвеня 2022, 12:34
Віталь Сакалоўскі

Фехтаванне: што не так? Аб праблемах і перспектывах расказаў спартыўны дырэктар федэрацыі Віталь Сакалоўскі

Віталь Сакалоўскі
Намеснік старшыні - спартыўны дырэктар Беларускай рэспубліканскай федэрацыі фехтавання

Фехтаванне - адзін з усяго пяці відаў спорту, якія ўваходзілі ў праграму ўсіх Алімпійскіх гульняў сучаснасці. І беларускія атлеты доўгі час знаходзіліся на вядучых ролях - з 1960 па 1988 гады толькі адзін галоўны старт чатырохгоддзя абышоўся без нашых фехтавальшчыкаў на п'едэстале. У незалежнай Беларусі традыцыі савецкай школы ўдавалася падтрымліваць два дзесяцігоддзі, а потым пачаўся спад. Апошні медаль чэмпіянатаў свету здабыты ў 2011 годзе, узнагарод з кантынентальных пяршынстваў не было ўжо 10 гадоў. Што пайшло не так? Ці ёсць надзеі на вяртанне ў еўрапейскую эліту? І як у гэтым дапаможа Расія? З гэтымі і іншымі пытаннямі мы звярнуліся да намесніка старшыні - спартыўнага дырэктара Беларускай рэспубліканскай федэрацыі фехтавання Віталя Сакалоўскага.

- Віталь Андрэевіч, калі і чаму адбыўся гэты пералом?

- Па-першае, справа ў неажыццёўленай змене пакаленняў. У канцы дзевяностых - пачатку нулявых у нас была моцная каманда шпажыстаў, якая перыядычна прывозіла медалі з міжнародных турніраў. Лідарам гэтай каманды быў Віталь Захараў - чэмпіён Еўропы-2001 і двухразовы прызёр ЧС. Ён выступаў на высокім узроўні да 41 года і, магчыма, тагачаснае кіраўніцтва федэрацыі, задаволенае поспехамі ўзроставых спартсменаў, прапусціла момант. Увагі нашаму рэзерву ўдзялялася недастаткова, і рэзультаты моцна праселі. Тое ж самае праз некалькі гадоў адбылося і ў шаблі. Да 2012 года ў нас была вельмі моцная шабельная каманда, якая ўваходзіла ў топ-6 сусветнага рэйтынгу і брала серабро чэмпіянату свету. Аднак на змену Дзмітрыю Лапкесу і Аляксандру Буйкевічу не прыйшлі маладыя спартсмены такога ж узроўню.

- З чым гэта звязана?

- Ключавой прычынай стаў адток кваліфікаваных спецыялістаў за мяжу. Вялікая колькасць спартсменаў, тыя ж Лапкес з Буйкевічам, паехалі ў ЗША, туды ж накіравалася вялікая колькасць трэнераў. Сёння за акіянам значная беларуская дыяспара, і яна толькі павялічваецца: маладыя спецыялісты таксама выязджаюць, а вяртаюцца адтуль адзінкі. Усё ж такі фінансавыя ўмовы там куды больш прывабныя. Але цяпер беларуская федэрацыя прыкладае ўсе магчымыя намаганні, каб вярнуць нашых людзей. Мы хочам забяспечыць ім умовы, як мінімум не горшыя за тыя, якія створаны для іх за мяжой. Цяпер БРФФ занята пошукам спонсараў, мы гатовы стаць для нашых будучых партнёраў пляцоўкай для развіцця іх брэнда. Усё ж такі аўдыторыя ў фехтавання ў свеце шырокая, ды і ў нашай краіне яно папулярна. Дарэчы, у многіх трэнераў нават ёсць жаданне вярнуцца. У планах таксама прыцягваць спецыялістаў з-за мяжы, з той жа Расіі, аднак магчымасцей, якія мы маем сёння, пакуль не хапае.

- Значыць, у сучасным фехтаванні вельмі шмат упіраецца ў цану пытання?

- Так і ёсць. Раней абменьвацца кадрамі было прасцей, але цяпер час змяніўся. Калі Федэрацыя фехтавання Расіі можа дазволіць сабе наняць французскага трэнера, які падрыхтаваў безліч чэмпіёнаў, то мы ў гэтым полі канкурыраваць не можам. Таму беларускае фехтаванне спраўляецца сваімі сіламі, мы шукаем энтузіястаў унутры краіны, якія рэальна хочуць працаваць і рабіць гэты спорт лепшым. Цяпер нашы трэнеры - гэта выпускнікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, а таксама былыя спартсмены. Адзначу, што добрыя спецыялісты працуюць не толькі ў нацыянальнай камандзе, але і ў рэгіёнах. Так, у Брэсцкай ДЮСШ нумар 3, дзе вядзецца добрая падрыхтоўка рапірыстаў, працуе некалі чэмпіён свету сярод кадэтаў Аляксандр Шалянкоў. У Гродне ў СДЮШАР "Альянс" працуе Аляксандр Лукашэвіч, які на працягу доўгага часу быў членам зборнай Беларусі.

- І які ж плён дае сучасная работа з фехтавальшчыкамі?

- Станоўчую дынаміку ўжо відаць. Нядаўна нашы спартсмены прымалі ўдзел ў дарослым і маладзёжным чэмпіянатах Расіі. Яшчэ некалькі гадоў таму на такіх стартах беларусы былі вельмі далёка ад медалёў, але цяпер у асобных відах зброі траплялі ўжо ў васьмёрку мацнейшых. І гэта пры тым, што на турнірах выступалі топавыя атлеты, усё ж такі расійская зборная - адна з вядучых у свеце. А ў нас нацыянальная каманда вельмі маладая, яе сярэдні ўзрост - 22 гады. Гэта вельмі няшмат, улічваючы, што, як правіла, фехтавальшчыкі выходзяць на пік недзе да 30-ці гадоў. Таму ў нашых спартсменаў ёсць час і ўсе шанцы, каб выстраліць у будучым. Самае галоўнае - не страціць гэтых юнакоў. Думаю, пры правільнай падрыхтоўцы і дакладнай сістэме мы зможам змагацца за ўзнагароды буйных турніраў у бліжэйшыя гады.

- А ўмовы падрыхтоўкі ў Беларусі дадуць магчымасць гэта зрабіць?

- З пункту гледжання матэрыяльна-тэхнічнай базы ў нас усё добра, мы не вельмі адстаём ад вядучых краін свету. Так, у рэгіёнах бываюць праблемныя пытанні, але сітуацыя далёкая ад крытычнай. З аснашчэннем нацыянальнай каманды таксама няма ніякіх праблем, спартсмены поўнасцю забяспечаны неабходнай экіпіроўкай французскай і нямецкай вытворчасці. Таксама заўсёды ёсць доступ да зброі і формы з Расіі і Кітая, таму і ў цяперашніх умовах праблем з экіпіроўкай не прадбачыцца.

Усялякую падтрымку федэрацыі аказвае наш спонсар - РУП "Белтэлекам". Некалькі гадоў таму яны перадалі на баланс БРФФ былы вузел сувязі ў Гродне, мы прывялі яго ў парадак, зрабілі рамонт і аснасцілі неабходным абсталяваннем. Цяпер у гэтай зале бясплатна трэніруюцца юныя спартсмены мясцовай ДЮСШ нумар 9. Таксама нядаўна "Белтэлекам" перадаў на баланс РЦАП "Стайкі" вузел сувязі ў Мінску. Там праведзены ўжо капітальны рамонт і цяпер ідуць апошнія прыгатаванні да ўводу ў эксплуатацыю. У бліжэйшы час гэта зала стане базай падрыхтоўкі для нацыянальнай каманды. Рамонтна-будаўнічыя работы цяпер вядуцца і ў новай зале ў Гомелі, якая таксама ў свой час была перададзена нам "Белтэлекамам". Як бачыце, аб'екты ўводзяцца, і ў нашага рэзерву з'яўляецца ўсё больш месцаў для трэніровак.

- У канцы мая Федэрацыі фехтавання Беларусі і Расіі падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве. Наколькі гэта выгадна для абодвух бакоў?

- З кіраўніцтвам ФФР і расійскімі трэнерамі ў нас заўсёды былі цёплыя і даверныя адносіны, і ўзаемадзеянне паміж намі ўжо было наладжана. На жаль, нядаўна Беларусь і Расія былі пастаўлены ў такія ўмовы, што паглыбленне супрацоўніцтва стала проста неабходным. Да такога мы былі гатовы, у нашых канцэпцыях развіцця прадугледжваўся расійскі вектар. Але трэба мець на ўвазе, што сёння фехтавальшчыкі з Расіі - адны з мацнейшых у свеце, а беларускія - сярэдняга ўзроўню. Таму раней нашы прапановы часта не супадалі з іх планамі, усё ж такі каляндар у расіян больш насычаны. І таму не заўсёды атрымлівалася выбудаваць сумесную падрыхтоўку так, як гэта было б карысна нам. А цяпер склаліся такія ўмовы, што расійскім спартсменам трэба міжнароднае саперніцтва, а нашым - высакакласныя спарынг-партнёры, каб праводзіць якасныя і інтэнсіўныя баі на трэніроўках. Членам нашай нацыянальнай каманды не хапала баёў супраць разнапланавых сапернікаў высокага ўзроўню, і таму выкладвацца на трэніроўках поўнасцю не атрымлівалася.

- Што прадугледжвае гэты дагавор?

- У першую чаргу нас цікавяць сумесныя вучэбна-трэніровачныя зборы на тэрыторыі абедзвюх краін. Пачатак пакладзены ўжо: нядаўна нашы юныя спартсмены ездзілі ў Навагорск, нацыянальныя каманды Беларусі па фехтаванні на шпагах і рапірах правялі збор у Сочы, а ў пачатку ліпеня на базе РЦАП "Стайкі" пройдзе сумесны вучэбна-трэніровачны збор шабельных каманд. Дарэчы, візіт мацнейшых шаблістаў Расіі ў Беларусь адбудзецца ўпершыню гадоў за 15, нават у лепшыя часы для нашай зборнай расіяне сюды не прыязджалі. Спадзяюся ім тут спадабаецца, і гэты збор будзе далёка не апошнім.

Па-другое, пагадненне прадугледжвае правядзенне спаборніцтваў сярод усіх узростаў, пачынаючы ад 10-гадовых юнакоў і дзяўчат, прадаўжаючы юніёрамі і заканчваючы дарослымі. З моманту часовага адхілення ад удзелу ў турнірах Міжнароднай федэрацыі фехтавання нашы спартсмены ўжо прынялі ўдзел у чэмпіянаце і маладзёжным першынстве Расіі, а таксама ў некалькіх спаборніцтвах іншага рангу. Але галоўная падзея - гэта адкрыты чэмпіянат Саюзнай дзяржавы, які пройдзе ў сталічным Палацы спорту з 17 па 22 чэрвеня. На гэты турнір ужо заяўлены лепшыя расійскія фехтавальшчыкі, прызёры Алімпійскіх гульняў і чэмпіянатаў свету. У названыя даты выступяць шпажысты і рапірысты, а спаборніцтвы шаблістаў у сярэдзіне ліпеня таксама прыме Мінск. Уваход на турнір будзе свабодным і, спадзяюся, цікавасць гледачоў да яго будзе даволі высокая.

Увогуле, падрыхтоўка ідзе поўным ходам і, можна сказаць, што інтэнсіўнасць спаборніцтваў нават вырасла ў параўнанні з мінулымі гадамі. Цяпер трэба падрыхтавацца такім чынам, каб пры вяртанні на міжнародную арэну спартсмены пачалі паказваць высокія рэзультаты. А дзякуючы трэніроўкам з мацнейшымі атлетамі з Расіі гэта больш чым магчыма.

- На каго з беларускіх фехтавальшчыкаў трэба звярнуць увагу на турніры?

- Я параіў бы пасачыць за рапірыстам Раманам Бяляевым. Гэта вельмі перспектыўны і працавіты юнак з Брэста, яму няма яшчэ і 23-х гадоў, на нядаўнім маладзёжным першынстве Расіі Раман трапіў у васьмёрку мацнейшых. Верым, што ён вырасце ў выдатнага спартсмена. Як і яго партнёр па камандзе Уладзіслаў Курыловіч, які трапляў у тройку лепшых на этапе Кубка свету катэгорыі сатэліт у Ташкенце. Лічым, што ва Уладзіслава вялікі патэнцыял, які трэба рэалізаваць. У фехтаванні на шпагах з'явіўся вельмі таленавіты юнак Марк Сіманенка, ён яшчэ выступае па юніёрах. Марк быў другім на юнацкім чэмпіянаце свету, а на першынстве Расіі-U23 трапіў у топ-восем, прычым змагаючыся супраць юнакоў на некалькі гадоў старэйшых за сябе. Ёсць у камандзе і нядрэнныя дзяўчаты, такія як шпажыстка Аляксандра Цурская і рапірысткі Варвара Шафаростава і Дар'я Уласава. Яны яшчэ вельмі маладыя, але мы ўжо на іх разлічваем. У фехтаванні на шаблях усё больш складана, з трох відаў зброі гэты пакуль самы праблемны. Што крыху крыўдна, улічваючы нашы слаўныя традыцыі менавіта ў шаблі. Аднак перспектыўныя юнакі і дзяўчаты ёсць і тут, мы чакаем ад іх вялікіх рэзультатаў. Спадзяюся, добрай падмогай для шаблістаў паслужыць маючы адбыцца збор у Стайках.

- І пад канец: Алімпійскія гульні ў Токіа сталі першымі для Беларусі, дзе не прыняў удзел ні адзін наш фехтавальшчык. Ці чакаць некага з беларусаў у Парыжы-2024 або яшчэ рана?

- Вельмі хочацца заваяваць ліцэнзіі на Гульні ў Парыжы, але зрабіць гэта будзе надзвычай складана. Ужо цяпер трэба спаборнічаць на этапах Кубка свету і набіраць кваліфікацыйныя ачкі, а мы гэтай магчымасці пакуль пазбаўлены. Ды і ў прынцыпе адбор на Алімпіяду ў фехтаванні ледзь не самы складаны сярод усіх відаў спорту. Непасрэдна на Гульні трапляе па тры спартсмены з топ-чацвёркі краін па сусветным рэйтынгу ў кожным відзе зброі, а гэта як правіла гегемоны накшталт Італіі, Расіі, Венгрыі і Францыі. І адзіны шанц для такіх краін, як Беларусь, гэта асабісты кваліфікацыйны турнір, дзе разыгрываецца максімум тры ліцэнзіі, гэта значыць узровень канкурэнцыі вельмі высокі. Можна сказаць, выйграць Алімпіяду нават прасцей, чым прайсці туды адбор. Упэўнены, гэта сістэма будзе перагледжана, паколькі на Гульні часам не траплялі чэмпіёны Еўропы і прызёры Кубка свету. Але мы ўсё роўна верым, што ў асабістым турніры нехта з нашых атлетаў можа кваліфікавацца. Праўда, асноўны ўпор усё ж робіцца ўжо на наступны алімпійскі цыкл, нават наша канцэпцыя развіцця віду спорту распісана да 2028 года. Каманда ў нас маладая, якраз гадоў праз шэсць яны будуць у тым самым узросце, каб змагацца за самыя высокія месцы на ўсіх турнірах.-0-

Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі