ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Серада, 8 лютага 2023
Мінск Малавоблачна -5°C
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
01 жніўня 2013, 14:29

Больш за 23 тыс. чалавек працуюць сёлета ў студэнцкіх атрадах

Студатрадаўскі рух у Беларусі адзанчае сёлета свой паўвекавы юбілей. 50 гадоў таму 2,5 тыс. беларускіх студэнтаў выехалі ў Казахстан, каб прыняць удзел у будаўніцтве жылых дамоў і аб'ектаў культуры. Штогод 1 жніўня байцы студатрадаў адзначаюць Дзень студэнцкіх атрадаў. Сёння традыцыі маладзёжных будоўлях і трэцяга працоўнага семестра прадаўжае Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Дзякуючы рабоце маладзёжнага аб'яднання тысячы юнакоў і дзяўчат працуюць у працоўных, экалагічных, сэрвісных, сельскагаспадарчых і педагагічных студатрадах і па ўсёй краіне і за яе межамі. Другі сакратар ЦК ГА "БРСМ" Андрэй Белякоў у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА расказаў, у чым асаблівасць сучасных студатрадаў, колькі можна зарабіць за лета і як атрымлівацца захоўваць рамантыку гэтага маладзёжнага руху.


- Андрэй Эдуардавіч, цяперашні працоўны семестр азнаменаваны 50-годдзем студатрадаўскага руху ў Беларусі. Як за паўстагоддзя змяніліся традыцыі студэнцкіх атрадаў?


- Вядома, цяжка ўявіць, каб тыя ж формы і метады, якія выкарыстоўваліся, напрыклад, у 1960-я гады, мы прымянялі і сёння. Студатрадаўскі рух не павінен быць статычным. Ён павінен быць сучасным, пастаянна змяняцца з улікам патрэб сфер, дзе задзейнічаны студатрадаўцы, і інтарэсаў маладых людзей. Бярэцца за аснову сутнасць самога паняцця, г.зн. работа моладзі летам, магчымасць зарабіць і правесці час у дружным калектыве равеснікаў. Акрамя таго, мы захавалі галоўныя сімвалы студэнцкіх атрадаў - эмблемы, сцяг, куртку, а таксама традыцыйныя мерапрыемствы - урачыстае адкрыццё трэцяга працоўнага семестра, семінары для начальнікаў штабоў працоўных спраў, рэспубліканскія злёты, падвядзенне вынікаў працоўнага лета, конкурсы на лепшы студатрад.


Дарэчы, росквітам беларускага студатрадаўскага руху лічацца 1980-я гады, калі ў атрадах працавалі больш за 35 тыс. чалавек. Дарэчы, тады ж з'явіўся першы інтэрнацыянальны атрад, у складзе якога былі 7 нікарагуанскіх студэнтаў. У той час студэнцкія атрады карысталіся папулярнасцю, паколькі аб'ядноўвалі моладзь, і юнакі і дзяўчаты зараблялі вельмі нядрэнныя грошы. Аднак да канца 1990-х гадоў студатрадаўскі рух паволі пачаў згасаць.


Датай адраджэння студэнцкіх атрадаў можна лічыць 2003 год, калі Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі зрабіў сур'ёзны крок у арганізацыі работы студэнцкіх атрадаў: былі сфарміраваны штабы студэнцкіх атрадаў і прыняты адпаведныя палажэнні, якія рэгулююць іх работу. А ў 2005 годзе дзейнасць БРСМ у гэтым напрамку атрымала падтрымку кіраўніка дзяржавы. І цяпер Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі з'яўляецца вядучым цэнтрам студатрадаўскага руху краіны.


У бягучым годзе ГА "БРСМ" прапрацавана пытанне аб прадастаўленні зацікаўленымі работадаўцамі больш за 48,5 тыс. працоўных месц для працаўладкавання моладзі ў трэцім працоўным семестры, заключана 1,8 тыс. дагавораў на 36,3 тыс. месц. У складзе студэнцкіх атрадаў працуюць больш за 23 тыс. чалавек, у тым ліку 1 тыс. маладых людзей выехала за межы краіны. А каля 6 тыс. чалавек працаўладкаваны індывідуальна. Акрамя таго, 20 тыс. чалавек уваходзяць у склад 566 добраахвотніцкіх атрадаў і больш за 18 тыс. чалавек - валанцёрскіх атрадаў "Добрае сэрца". Усяго рознымі формамі другаснай занятасці ахоплена больш за 67 тыс. юнакоў і дзяўчат.


- Студатрадаўскі рух стаў сёння адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці БРСМ. Якія карэкціроўкі ўносяцца ў развіццё студатрадаўскага руху з улікам сучасных тэндэнцый?


- Арганізацыя работы студэнцкіх атрадаў пастаянна ўдасканальваецца. Указ нумар 181 "Аб арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь" ад 16 красавіка 2012 года значна пашырыў магчымасці для працаўладкавання беларускай моладзі. Так, магчымасць удзелу ў рабоце атрадаў афіцыйна атрымалі хлопцы і дзяўчаты з 14 гадоў. Акрамя таго, названы дакумент значна спрасціў парадак арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў, што дало магчымасць арганізаваць другасную занятасць значна большай колькасці маладых людзей.


Цяпер прапрацоўваецца пытанне аб арганізацыі круглагадовай другаснай працоўнай занятасці моладзі, але для гэтага павінен быць адпрацаваны дакладны механізм. Сумяшчаць навучальны працэс з работай цалкам рэальна, таму такая ініцыятыва намі актыўна падтрымліваецца.


- Колькі змогуць зарабіць студатрадаўцы гэтым летам? Якія фактары ўплываюць на памер заработнай платы? Ці часта паміж студэнтамі і работадаўцамі ўзнікаюць канфлікты, як яны вырашаюцца?


- Указам нумар 181 устаноўлены ніжні парог аплаты працы ў памеры не ніжэйшым за мінімальную заработную плату. Існуе канкурэнцыя і пэўныя патрабаванні да прафесійнай падрыхтоўкі байцоў, таму трэба ісці ў нагу з часам. Калі мы вядзём работу з кіраўнікамі прымаючых арганізацый, то заўсёды агаворваем, што зарплата павінна быць максімальнай. Пры гэтым улічваюцца спецыяльнасць, профіль і аб'ём работ. Ёсць прыклады, калі ў будатрадах хлопцы атрымліваюць па Br5-6 млн. у месяц і нават больш. Так, у байцоў будаўнічага студэнцкага атрада "Эўрыка-2" Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта на будаўніцтве школы ў Салігорску зарплата за чэрвень склала Br6,6 млн.


Што датычыцца градацыі сярод будатрадаў (дзе можна зарабіць больш за ўсё), то лідарамі з'яўляюцца будаўнічыя. Калі ў маладога чалавека ёсць кваліфікацыя, напрыклад, разрад маляра або тынкоўшчыка, то ў яго і зарплата будзе вышэйшая. Дарэчы, байцы студатрадаў вызвалены ад выплаты падаткаў, што таксама вельмі важны момант.


Канфлікты ўзнікаюць не часта, але лепш адразу звяртацца па дапамогу, калі штосьці не задавольвае, чым разбірацца постфактум. У многіх маладых людзей гэта першы вопыт работы, і не заўсёды іх жаданні супадаюць з магчымасцямі. На жаль не ўсе, хто прыйшоў у студэнцкую працоўную брыгаду, разумеюць, што на іх ляжаць абавязкі, якія неабходна выконваць у поўным аб'ёме. Хлопцы і дзяўчаты часам нават не ўсведамляюць, што будзе сапраўды цяжка і грошы трэба зарабіць. Безумоўна, большасць студатрадаўцаў працуюць добрасумленна. Гэта пацвярджае і той факт, што прапанаванне месц з боку работадаўцаў іншым часам перавышае попыт.


- Кожны год студэнцкія атрады задзейнічаны на будаўніцтве сацыяльна значных аб'ектаў. Дзе працуе моладзь гэтым летам?


- Па традыцыі кожны год хлопцы і дзяўчаты прымаюць удзел ва ўзвядзенні, рэканструкцыі або добраўпарадкаванні знакавых для нашай краіны аб'ектаў. Так, у бягучым годзе статус "Маладзёжная будоўля" атрымалі работы па ўзвядзенню моста "Заходні абход" цераз раку Мухавец у Брэсцкай вобласці, у падрыхтоўцы Жлобіна да "Дажынак", рэканструкцыі Дома культуры будаўнікоў у Гродне, Быхаўскага замка ў Магілёўскай вобласці і Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача ў Мінску.


Сярод значных аб'ектаў можна вылучыць Студэнцкую вёску, аквапарк на праспекце Пераможцаў у Мінску, культурна-забаўляльны спартыўны комплекс "Чыжоўка-Арэна", гасцініцу "Беларусь", парк імя 900-годдзя Мінска. Але і гэта далёка не поўны пералік аб'ектаў, дзе працуюць юнакі і дзяўчаты. Рабочыя рукі таксама запатрабаваны на рэканструкцыі і будаўніцтве дарог, малочнатаварных ферм, школ, дзіцячых садоў, спарткомплексаў, жылых дамоў, храмаў.


- У бягучым годзе ў Беларусі і Расіі аднавілі сваю дзейнасць зводныя атрады. Якія магчымасці ёсць сёння ў юнакоў і дзяўчат для работы за мяжой у складзе студэнцкіх атрадаў?


- Наша моладзь штогод выязджае для работ у Краснадарскі край, Падмаскоўе, Забайкалле, на Ямал. Напрыклад, у гэтым годзе юнакі і дзяўчаты працуюць сярод іншых аб'ектаў на ўсерасійскай студэнцкай будоўлі "Баваненкава" ў Цюменскай вобласці. Яны едуць на работу за некалькі тысяч кіламетраў, і гэта на самай справе сапраўдная рамантыка. Конкурс у такія атрады заўсёды даволі высокі.


Упершыню за доўгі час да нас у гэтым годзе прыехалі хлопцы і дзяўчаты з Расіі, што стала магчыма дзякуючы падпісанню пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне развіцця дзейнасці студэнцкіх атрадаў паміж БРСМ і маладзёжнай агульнарасійскай грамадскай арганізацыяй "Расійскія студэнцкія атрады". Гэта знакавая падзея для развіцця студатрадаўскага руху.


Варта асобна адзначыць удзел зводнага беларуска-расійскага атрада ў будаўніцтве аб'ектаў на Астравецкай пляцоўцы, дзе плануецца ўзвесці Беларускую АЭС. У яго складзе працуюць 40 беларускіх студэнтаў (прадстаўнікоў Гродзенскай вобласці) і 20 студэнтаў Обнінскага інстытута атамнай энергетыкі - філіяла Нацыянальнага даследчага ядзернага ўніверсітэта "МІФІ" (Маскоўскі інжынерна-фізічны інстытут).


- На ваш погляд, у чым папулярнасць студэнцкіх атрадаў сярод моладзі?


- Не сакрэт, што сёння вядзецца вельмі шмат размоў аб заработнай плаце. Мы пачынаем успрымаць студэнцкі атрад як магчымасць заработку, што не зусім так. Студэнцкі атрад - не толькі зарплата, але таксама адпачынак, выхаванне калектывам, паходы, гітары, песні, дыскатэкі, стасункі, сяброўства. Пакуль усё гэта ёсць, студатрад будзе запатрабаваны. Паколькі самае галоўнае - атмасфера, якая пануе ў маладзёжным калектыве. Як толькі мы страцім гэту рамантыку, студатрад ператворыцца ў брыгаду, якая проста зарабляе грошы. Ні ў якім разе нельга прыйсці да такога. Студэнцкі атрад - гэта і своеасаблівая школа жыцця, якая вучыць пераадольваць цяжкасці. Студатрады былі калісьці брэндам маладзёжнага руху. І мы сёння робім усё для таго, каб гэта быў брэнд нашага саюза моладзі.


Наталля Злотнік

Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі