ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Серада, 8 лютага 2023
Мінск Суцэльная воблачнасць -6°C
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
29 красавіка 2013, 15:52

Атамнай энергетыкай можна карыстацца пры ўмове непаўтарэння памылак мінулага


Кенет Брокман, з'яўляючыся буйным спецыялістам у галіне ядзернай энергетыкі, працаваў на працягу многіх гадоў на адказных пасадах у розных ведамствах ЗША, якія займаліся праектаваннем атамных рэактараў, а таксама тэхнічным наглядам за іх эксплуатацыяй. У якасці эксперта МАГАТЭ ён прымаў удзел у распрацоўцы міжнародных стандартаў бяспекі для ядзерных рэактараў і ўстановак паліўнага цыкла. У 2005 годзе ён быў удастоены Нобелеўскай прэміі міру за распрацоўкі ў галіне радыяцыйнай бяспекі. Атрыманыя грашовыя сродкі (больш як $1 млн.) ён перавёў на будаўніцтва аздараўленчых дзіцячых цэнтраў у Паўночнай Афрыцы. Цяпер працуе кансультантам буйной кансалтынгавай кампаніі, якая спецыялізуецца на паслугах па арганізацыі бяспекі аб'ектаў, што выкарыстоўваюць радыеактыўныя матэрыялы.


Сваё знаходжанне ў Гомелі ў дні гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС амерыканскі вучоны-ядзершчык растлумачыў пачуццём салідарнасці з беларускім народам, а таксама наяўнасцю тут вялікай колькасці добрых знаёмых, у тым ліку і тых, хто працуе ў навуковай сферы. Была яшчэ адна важная нагода прыехаць у Беларусь: Кенет Брокман стаў ганаровым доктарам Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Урачыстая цырымонія ўручэння адпаведнага дыплома, значка і пасведчання адбылася 25 красавіка на пасяджэнні вучонага савета ўніверсітэта. Пасля цырымоніі новаспечаны доктар згадзіўся адказаць на пытанні карэспандэнта БЕЛТА.


- Спадар Брокман, дазвольце павіншаваць вас з атрыманнем звання ганаровага доктара Гомельскага медуніверсітэта, а таксама пацікавіцца магчымымі планамі супрацоўніцтва з гэтай навучальнай установай.


- Гэты мой візіт у Гомель ужо другі. У мінулым годзе, калі я выступаў з лекцыяй перад студэнтамі і выкладчыкамі ўніверсітэта, быў прыемна здзіўлены ўзроўнем ведаў і ступенню кампетэнтнасці аўдыторыі ў такім, скажам, няпрофільным пытанні, як радыяцыйная бяспека. Мы тады дыскутавалі наконт прычын аварыі на атамнай станцыі "Фукусіма" і яе магчымых наступстваў. Некаторыя высновы і меркаванні, якія давялося пачуць, былі вельмі цікавымі для мяне як спецыяліста ў ядзернай энергетыцы.


Яшчэ адным адкрыццём стала інфармацыя аб тым значэнні, якое кіраўніцтва Беларусі надае пытанням аховы здароўя на тэрыторыях, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Зразумела, што выконваць рэальную работу па ахове здароўя мясцовага насельніцтва давядзецца выпускнікам універсітэта. Таму і з'явілася ідэя аказаць практычную дапамогу гэтай навучальнай установе ў павышэнні якасці адукацыі будучых урачоў.


Планую ў бліжэйшы час стварыць асацыяцыю, куды ўвойдуць дактары навук, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі ЗША, урачы - эксперты ў сваіх сферах. Мы будзем іх накіроўваць у Гомель і будаваць партнёрства з гэтым універсітэтам. Мэта - узняць якасць адукацыі і ступень яе прызнання на яшчэ больш высокі ўзровень. У час наступнай паездкі ў Гомель у маёй камандзе ўжо будуць эксперты.


- Наколькі камфортна адчуваеце сябе ў Гомелі? Ці няма ў спецыяліста, які ведае, што такое радыенукліды, так званай радыяфобіі?


- Адчуваю сябе цудоўна. Мне падабаецца мясцовая кухня. І ўвогуле люблю арганічную ежу. Я ведаю, што ў Беларусі вельмі дбаюць аб якасці вырабляемых прадуктаў і іх чысціні. Вельмі. Таму ніякіх фобій няма, а жонка, якая суправаджае мяне ў паездцы, нават пытае рэцэпты некаторых страў, каб выкарыстоўваць іх дома ў Амерыцы.


- Як можна ў цэлым ацаніць мерапрыемствы па ахове насельніцтва, пацярпелага ад Чарнобыля, якія рэалізуюцца ў Беларусі, з пункту гледжання навукі?


- Пакуль я не знаёмы з усімі праграмамі і мерамі, якія прымаюцца для змяншэння наступстваў радыяцыі. Планую на працягу 1-2 гадоў уважліва і дэлёва іх вывучыць. Тым не менш ведаю, што адным з прыярытэтаў палітыкі Прэзідэнта Беларусі з'яўляецца аказанне максімальнай дапамогі людзям, якія пражываюць тут. І тое, што я ўжо ўбачыў, уражвае. Напрыклад, навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека. Лічу, што гэта сусветны стандарт у падыходах да вырашэння праблем, звязаных з радыяцыяй. Тэхнічнае аснашчэнне, навуковыя распрацоўкі, медперсанал, сістэма арганізацыі працы, замежныя спецыялісты (мы сустрэлі там некалькі хірургаў з іншых краін) - гэта каласальна!


Заслугоўвае ўсялякай падтрымкі і праграма па аздараўленню дзяцей, якія выязджаюць на 6-8 тыдняў у іншыя, больш чыстыя рэгіёны. Гэта адна з самых важных праграм. Я ведаю, што многія дзеці з Магілёўскай і Гомельскай абласцей летам будуць адпачываць у штаце Джорджыя, прыкладна за 100 км ад таго месца, дзе я жыву. Мы абавязкова наведаем іх у Амерыцы і запросім у наш дом. Маё меркаванне, што беларускія ўлады робяць правільныя крокі ў развіцці аховы здароўя і мер для вылячэння насельніцтва.


- Ці знаёмы вы як экспер МАГАТЭ з праектам атамнай станцыі, якую пачала будаваць Беларусь, і як вы ацэньваеце ступень яе бяспекі?


- Дзякуй вам за вельмі прамое пытанне. Я займаўся вывучэннем гэтага праекта з моманту прыняцця рашэння аб будаўніцтве атамнай станцыі. Мы аналізавалі, ці будзе гэта прымальна для Беларусі. І чым больш мы атрымліваем інфармацыі, тым ярчэйшым становіцца зялёнае святло для далейшых дзеянняў.


Па-першае, гэта тэхналогіі, якія будуць прымяняцца. Расійская тэхналогія - адна з вядучых у свеце па ўзроўню інжынерыі. Да таго ж узровень інжынерыі будзе падмацаваны высокай якасцю камп'ютарнай апаратуры, якую плануюць закупляць у Францыі. Будзе выдатная адпаведнасць гэтых двух важных кампанентаў. І тое, што будаваць аб'ект будуць дзве славянскія краіны, забяспечыць добрую камунікацыю. Не так, напрыклад, як у Іране, дзе іншаземцы вымушаны працаваць на пяці мовах.


На маю думку, будучая атамная электрастанцыя будзе адпавядаць усім патрабаванням, якія прад'яўляе еўрапейская супольнасць. Адным словам, шлях, які выбрала Беларусь, правільны. Усё ідзе дакладна, паэтапна, як кажуць, без пытанняў.


- Тым не менш, работу экспертаў МАГАТЭ заўсёды вызначала прынцыповасць. Ці існуюць якія-небудзь рознагалоссі або непаразуменне паміж вамі і беларускім бокам?


- За апошнія два гады я не прыпамінаю нейкіх бачных перашкод, усё ішло даволі гладка. Але, як і ў любой вялікай рабоце, заўсёды ёсць моманты, якім неабходна ўдзяляць больш увагі. Зрэшты, калі нават узнікаюць непаразуменні, іх трэба ўспрымаць як станоўчы фактар. Таму што гэта прымушае абодва бакі выраўноўваць свае пазіцыі і знаходзіць рашэнне праблемы. Галоўнае, каб гэтыя непаразуменні не пераходзілі ў канфлікты, былі канструктыўнымі і чалавечнымі, не разбуральнымі ў адносінах.


Зрэшты, у нас ёсць важны аб'яднальны матыў. І беларускае кіраўніцтва, і МАГАТЭ прымаюць свае рашэнні ў першую чаргу з мэтай засцерагчы ад небяспекі насельніцтва краіны і выкарыстоўваць гэту энергію на карысць людзям. Думаю, што магчымыя рознагалоссі будуць паспяхова пераадолены. Што датычыцца ўзаемадзеяння ў рэалізацыі гэтага праекта паміж Беларуссю і Расіяй, то тут таксама не выключаны спрэчкі. Ведаеце, два браты могуць часам пасварыцца, аднак у канчатковым выніку яны застануцца братамі.


- Які ваш прагноз будучага атамнай энергетыкі ў сусветным маштабе?


- Трэба прызнаць, рэнесанс ядзернай энергетыкі, які назіраўся ў пачатку стагоддзя, пайшоў крыху на спад пасля 2010 года. Тым не менш лічу, што цікавасць да гэтага напрамку атрымання энергіі зноў узрасце. Цяпер для нас самы вялікі прыярытэт, як забяспечыць ахову навакольнага асяроддзя ад магчымых аварый. Мяркую, што на працягу бліжэйшых 20 гадоў атамная электраэнергія будзе трывала займаць сваю нішу ў агульнай сістэме забеспячэння энергіяй чалавецтва.


Атамнай энергіяй можна і трэба карыстацца, аднак пры адной умове - навучыцца атрымліваць вопыт з урокаў гісторыі і ніколі не паўтараць памылкі мінулага. Калі мы будуем атамную электрастанцыю, першае, на чым трэба сфакусіравацца, - яе бяспека, а другое - эканоміка. Заўважце, эканоміка не першае, першае - гэта бяспека.


- Скажыце, як спецыяліст па радыяцыйнай бяспецы, сонечная радыяцыя не стане перашкодай для палёту чалавека на Марс?


- Не думаю, што будзе праблема з тэхналогіямі аховы ад радыяцыі ў працэсе палёту. Пытанне ў тым, ці трэба ўвогуле траціць такія вялікія рэсурсы чалавецтва для забеспячэння гэтага палёту. Можа, у першую чаргу трэба падправіць маці-Зямлю, а потым ляцець на Марс? Калі б я вырашаў, быць палёту або не, то параіў бы спачатку "пачысціць свой агарод".


Валерый СІДОРЧЫК.

Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі