ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Аўторак, 18 студзеня 2022
Мінск Пераменная воблачнасць -5°C
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
28 верасня 2011, 14:40

АСЕННІ РАСКЛАД ДЛЯ ЗАКАНАДАЎЦАЎ

Чарговая дзявятая сесiя Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі адкрыецца 3 кастрычніка, пасля чаго ў Авальнай зале Дома ўрада адновяцца дыскусіі наконт прыняцця законапраектаў і іншых важных для краіны рашэнняў. Аб сутнасці і далейшым лёсе найбольш значных законапраектаў у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА расказаў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка.

- Уладзімір Паўлавіч, якія з законапраектаў, запланаваных да разгляду на маючай адбыцца сесіі, з'яўляюцца, на ваш погляд, найбольш чаканымі і важнымі?

- Парадак дня дзявятай сесіі будзе насычаны. Нам трэба будзе прыняць праект закона "Аб рэспубліканскім бюджэце на 2012 год". Ад таго, якім ён будзе, залежыць непасрэдна жыццё ўсёй краіны ў наступным годзе і кожнага з нас паасобку. Безумоўна, гэта дакумент першараднай важнасці.

Беларусь выбрала інавацыйны шлях развіцця, таму пабудова эканомікі ведаў, развіццё інавацый і актывізацыя ініцыятыў і інвестыцый у названай сферы з'яўляюцца для нас прыярытэтнай задачай. У сувязі з гэтым распрацаваны па даручэнню кіраўніка дзяржавы праект закона "Аб дзяржаўнай інавацыйнай палітыцы і інавацыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь", які рыхтуецца да разгляду ў першым чытанні, я таксама аднёс бы да найбольш важных законапраектаў гэтай сесіі.

Любы бізнес у любой краіне нясе ў сабе элемент рызыкі, і пры неспрыяльным збегу абставін, розных прычын і фактараў не выключана магчымасць банкруцтва. Для папярэджання такіх выпадкаў, стабілізацыі гаспадарчай дзейнасці прадпрыемстваў, якія аказаліся ў стане неплацежаздольнасці, патрабуецца стварэнне пэўных прававых умоў. На вырашэнне гэтай задачы накіраваны праект закона "Аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве)". Яго нам трэба будзе разгледзець у першым чытанні. У законапраекце значная ўвага ўдзяляецца прадухіленню выпадкаў так званага рэйдарства - захопу маёмасці неплацежаздольных прадпрыемстваў і перадзелу ўласнасці, а таксама павышэнню інфармацыйнай празрыстасці працэдур банкруцтва. Усё гэта дасць магчымасць палепшыць інвестыцыйную прывабнасць краіны.

У ліку нашых заканатворчых прыярытэтаў таксама праект Жыллёвага кодэкса, аб якім ужо нямала сказана ў СМІ.

- Якія яшчэ актуальныя заканатворчыя тэмы ў прыкладнай сесіённай праграме?

- Нельга не адзначыць блок нарматыўна-прававых дакументаў у галіне забеспячэння нацыянальнай бяспекі. Гэта праекты законаў аб процідзеянні гандлю людзьмі, незаконнаму абароту наркатычных сродкаў, аб барацьбе з карупцыяй. Сур'ёзная ўвага будзе ўдзелена пытанням прафілактыкі безнагляднасці і ўчынення правапарушэнняў непаўналетнімі.

Да другога чытання рыхтуецца законапраект аб папраўках у законы па пытаннях рэкламы. Лічу, мы выйшлі на палажэнні, якія дадуць магчымасць збалансаваць інтарэсы насельніцтва, рэкламных кампаній і вытворцаў тавараў і паслуг і таксама аптымізаваць умовы развіцця рэкламнага рынку.

Шэраг законапраектаў накіраваны на павышэнне якасці жыцця грамадзян. Сярод іх пакет новых заканадаўчых ініцыятыў у сферы аховы здароўя: аб санэпідстабільнасці насельніцтва, аб папярэджанні распаўсюджвання захворванняў, якiя ўяўляюць небяспеку для здароўя насельніцтва, ВІЧ і гарантыях правоў грамадзян, якія маюць такія захворванні, аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях. Асабліва адзначу, што для нашай прававой сістэмы два апошнія законапраекты з'яўляюцца абсалютна новымі.

Працэдуру другога чытання павінен прайсці і праект закона аб унясенні паправак у Кодэкс аб шлюбе і сям'і. У ліку найбольш значных яго навацый адзначу скарачэнне тэрміну рэгістрацыі заключэння шлюбу з 15 да 3 дзён, спрашчэнне парадку яго рэгістрацыі, узмацненне абароны інтарэсаў дзіцяці пры перадачы яго ў прыёмную сям'ю, дзіцячы дом сямейнага тыпу або на патранатнае выхаванне.

Значнае месца ў парадку дня сесіі будзе адведзена абнаўленню заканадаўства ў сферы рэалізацыі канстытуцыйных правоў грамадзян. Рэфармаванне адвакатуры, прадугледжанае праектам адпаведнага закона, прывядзе да павышэння якасці і эфектыўнасці аказання юрыдычнай дапамогі, адказнасці адвакатаў. Законапраект рыхтуецца да разгляду ў другім чытанні. Прадугледжваюцца таксама змяненні ў закон "Аб абароне правоў спажыўцоў". Работа над законапраектам толькі пачалася. Мы плануем замацаваць бязвыплатнае аказанне паслуг спажыўцам грамадскімі аб'яднаннямі спажыўцоў. Пры гэтым расходы, панесеныя гэтымі аб'яднаннямі ў сувязі з абаронай правоў грамадзян, якія звернуцца, будуць кампенсавацца за кошт вінаватых у парушэнні правоў спажыўцоў арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў.

Як відаць, на маючай адбыцца сесіі мы паспрабуем знайсці прававое рашэнне па многіх актуальных пытаннях, у тым ліку ў сферах эканомікі, дзяржаўнага будаўніцтва і сацыяльнай сферы.

- Як ідзе работа над праектам закона аб рэспубліканскім бюджэце і ці ўдзельнічаюць у ёй дэпутаты?

- Фарміраванню праекта рэспубліканскага бюджэту папярэднічае распрацоўка прагнозаў асноўных параметраў эканамічнага развіцця краіны, параметраў важнейшых грашова-крэдытных паказчыкаў і асноўных напрамкаў бюджэтна-фінансавай і падатковай палітыкі Беларусі на чарговы фінансавы год, уключаючы сярэднетэрміновую фінансавую праграму. Гэтыя дакументы пакуль яшчэ ў рабоце, у якой актыўны ўдзел прымае і група дэпутатаў. Такая форма работы дае магчымасць яшчэ на стадыі распрацоўкі і фарміравання праектаў вырашаць многія злабадзённыя пытанні, што ў першую чаргу датычыцца напрамкаў расходаў па асобных раздзелах функцыянальнай класіфікацыі, фінансавання нацыянальных праектаў, жыллёвага будаўніцтва, аказання фінансавай дапамогі дзяржавы маладым сем'ям і фінансавання мерапрыемстваў, звязаных з ліквідацыяй наступстваў чарнобыльскай катастрофы.

Мяркую, што ўдумлівая, дасканалая папярэдняя прапрацоўка параметраў рэспубліканскага бюджэту на 2012 год дасць нам магчымасць аператыўна і якасна разгледзець галоўны фінансавы дакумент краіны пасля яго ўнясення ў Палату прадстаўнікоў.

- На разглядзе ў Палаце прадстаўнікоў знаходзіцца законапраект аб унясенні паправак у закон "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь". Які лёс гэтага дакумента?

- Цяпер ён знаходзіцца ў галаўной камісіі, якая сумесна з зацікаўленымі вядзе яго дапрацоўку. І як толькі ён будзе падрыхтаваны, мы ўнясём яго на разгляд на сесіі.

- Сярод сесіённых прыярытэтаў вы назвалі і жыллёвую тэматыку. Сфера жыллёвага будаўніцтва заўсёды цікавіла выбаршчыкаў, а ў цяперашняй эканамічнай сітуацыі - асабліва. Ці будуць у Беларусі развівацца сістэма жыллёвых будаўнічых зберажэнняў і іпатэка?

- Праект Жыллёвага кодэкса, як вядома, прыняты ў першым чытанні 24 лістапада 2010 года. Фактычна ён быў падрыхтаваны да разгляду ў другім чытанні на мінулай вясенняй сесіі Палаты прадстаўнікоў. Аднак з улікам існуючай неабходнасці змянення падстаў для прызнання грамадзян маючымi патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў у горадзе Мінску яго разгляд быў адкладзены. Цяпер праект кодэкса дапрацаваны з улікам усіх заўваг і прапаноў, прыведзены ў адпаведнасць з указам ад 9 жніўня 2011 года нумар 346 "Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь" і іншымі актамі кіраўніка дзяржавы, а таксама з Кодэксам аб адукацыі. Спадзяюся, што ў ходзе маючай адбыцца сесіі работа над праектам Жыллёвага кодэкса будзе завершана, і мы прымем яго ў другім чытанні. Што датычыцца законапраекта "Аб сістэме жыллёвых будаўнічых зберажэнняў", то цяпер ідзе выпрацоўка падыходаў, накіраваных на паляпшэнне прывабнасці сістэмы жыллёвых будаўнічых зберажэнняў.

Прававая база адносін у сферы іпатэкі ў асноўным сфарміравана. У 2008 годзе прыняты асноватворны закон "Аб іпатэцы", асобныя нормы аб залогу змешчаны ў Грамадзянскім кодэксе. У той жа час для ўвядзення іпатэкі ў поўным аб'ёме неабходна прыняцце шэрагу заканадаўчых і эканамічных рашэнняў. У праекце новай рэдакцыі Жыллёвага кодэкса адлюстраваны нормы, якія прадугледжваюць магчымасць высялення даўжнікоў, якія сістэматычна не выконваюць свае абавязацельствы па іпатэчных крэдытах. Лічым, што гэты інструмент уздзеяння на даўжніка будзе садзейнічаць выкананню дысцыпліны плацяжоў крэдытаатрымальнікамі.

Неабходна таксама развіваць страхаванне рызыкі непагашэння крэдыту і пратэрміноўкі вяртання крэдыту, што выдаецца для паляпшэння жыллёвых умоў. Пры гэтым зніжэнне працэнтных ставак для крэдытаатрымальніка можа стаць стымулюючым фактарам і садзейнічаць страхаванню крэдытных рызык.

- Законапраект аб абароне жывёл пачыналі распрацоўваць яшчэ дэпутаты Палаты прадстаўнікоў мінулага склікання, аднак ім так і не ўдалося завяршыць пачатае. Ці можна чакаць, што гэты заканадаўчы акт усё ж будзе прыняты на чарговай сесіі?

- Пытанні абароны жывёл у нашым заканадаўстве адлюстраваны толькі фрагментарна. Патрэбнасць устараніць гэты прабел вызначаецца не толькі задачай павышэння культуры грамадства і абароны грамадскай маралі, але і неабходнасцю прывядзення заканадаўства ў адпаведнасць з міжнародным заканадаўствам у галіне абароны жывёл ад жорсткага абыходжання.

Зыходзячы з гэтага, дэпутаты ініцыіравалі распрацоўку законапраекта "Аб абыходжанні з жывёламі". Цяпер ён узгоднены з усімі зацікаўленымі і праходзіць экспертызу. Лічу, ёсць падставы спадзявацца, што законапраект хутка будзе ўнесены, і мы зможам яго разгледзець у першым чытанні на асенняй сесіі.

- Разам з паспяховым умацаваннем і станаўленнем міжпарламенцкіх сувязей Палаты прадстаўнікоў у многіх рэгіёнах свету адносіны з парламентамі краін Еўрасаюза застаюцца напружанымі або зусім адсутнічаюць. Відавочна, што на гэта ёсць воля не столькі парламентарыяў, колькі вышэйшага палітычнага кіраўніцтва краін ЕС. Ці магчыма вяртанне да канструктыўнага дыялогу па лініі Беларусь - ЕС, і якую ролю ў гэтым павінны адыграць парламентарыі? Ці ёсць сэнс чакаць аднаўлення міжпарламенцкіх кантактаў з краінамі ЕС пасля парламенцкіх выбараў у 2012 годзе?

- Міжпарламенцкія сувязі беларускага парламента паспяхова развіваюцца па многіх напрамках. Хацеў бы прывесці толькі два апошнія прыклады. Нядаўна, 17-20 верасня, адбыўся афіцыйны візіт у Беларусь парламенцкай дэлегацыі Кітайскай Народнай Рэспублікі на чале са старшынёй Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў У Банга, які ў максімальнай ступені быў насычаны канкрэтнымі пагадненнямі і дамоўленасцямі, у першую чаргу ў эканамічнай сферы. А 23 верасня ў ходзе 32-й Генеральнай асамблеі Міжпарламенцкай асамблеі АСЕАН прынята рашэнне аб прадастаўленні Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь статусу наглядальніка ў гэтай уплывовай міжпарламенцкай арганізацыі. Усё гэта сведчыць аб безумоўным росце міжнароднага аўтарытэту беларускага парламента.

Нашы кантакты з парламентамі краін Еўрапейскага саюза не спынены, яны прадаўжаюцца. Ідзе планамерная работа па развіццю ўзаемадзеяння са многімі еўрапейскімі парламентарыямі, якія добра ведаюць аб рэальнай сітуацыі ў нашай краіне і настроены на канструктыўнае супрацоўніцтва. Праходзяць рэгулярныя сустрэчы беларускіх і еўрапейскіх парламентарыяў у рамках пасяджэнняў Парламенцкай асамблеі АБСЕ, парламенцкай структуры ЦЕІ, Міжпарламенцкага саюза.

Дыялог, хоць ён і ідзе ў штучна звужаным фармаце, усё ж такі прадаўжаецца. Наш Нацыянальны сход па-ранейшаму адкрыты для ўзаемадзеяння са сваімі заходнееўрапейскімі партнёрамі. Далейшае развіццё супрацоўніцтва ў поўнай меры залежыць ад палітычнай волі парламентарыяў краін Еўрапейскага саюза.

Так, гучаць асобныя выказванні, што супрацоўніцтва пачнецца, калі выбары ў беларускі парламент будуць дэмакратычнымі і будуць прызнаны краінамі Захаду. Аўтары такіх заяў жывуць чаканнямі 2012 года. Хачу падкрэсліць, што наш парламент выбраны на аснове Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і ў адпаведнасці з нашым выбарчым заканадаўствам, падкрэсліваю, дапрацаваным з улікам рэкамендацый еўрапейскіх калег. Сумненняў у легітымнасці парламента Беларусі няма і быць не можа. Адмаўляюцца ад кантактаў з беларускімі парламентарыямі толькі прадузятыя, тэндэнцыйна настроеныя палітыкі, інтарэсы якіх ляжаць не ў плоскасці ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з нашай краінай, а ў дасягненні нейкіх "закамуфліраваных" мэт. Пытанне не ў тым, чаго чакаць ад парламенцкіх выбараў 2012 года, а ў тым, ці нацэлены краіны Еўрасаюза на аднаўленне партнёрскіх адносін. Канструктыўны дыялог сёння выгадны ўсім бакам, і траціць год у чаканні выбараў 2012 года - не самы разумны падыход.

Ларыса ПАЎЛАВА,
БЕЛТА.
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі