ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Субота, 25 чэрвеня 2022
Мінск Ясна +17°C
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
25 лютага 2014, 12:05

Аляксандр Лукашанец: Трэба вітаць любое беларускамоўнае маўленне

21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы, абвешчаны рашэннем ЮНЕСКА ў лістападзе 1999 года. З гэтай нагоды рэдакцыя часопіса “Беларуская думка” правяла ў прэс-цэнтры БЕЛТА прамую лінію: на пытанні чытачоў часопіса і практыкаў беларускай мовы адказваў дырэктар філіяла “Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы” Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі А.А. ЛУКАШАНЕЦ. Мы прапануем вытрымкі з гэтай размовы.

– Аляксандр Аляксандравіч, мова – жывы арганізм, і ўздзеянне на яго звонку можа мець непрадказальныя наступствы. Наколькі неабходным было рэфармаванне беларускай мовы: маецца на ўвазе прыняцце ў 2008 годзе Закона “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, адным з распрацоўшчыкаў якога Вы былі?


– Беларуская мова як і любая іншая натуральная мова – сапраўды, жывы арганізм, які жыве і развіваецца па сваіх пэўных законах. Таму на саму сістэму мовы ўздзейнічаць вельмі складана. Я ў свой час, калі мы яшчэ працавалі над гэтым законам, дакараў работнікаў СМІ за тое, што яны часта пісалі – “рэформа беларускай мовы”. Разумееце, у 2008 годзе законам Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” ў прынцыпе ўведзена ў дзеянне толькі новая рэдакцыя “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” выдання 1959 года. Размова не ідзе пра рэформу мовы: у гісторыі сучаснай беларускай літаратурнай мовы была толькі адна рэформа правапісу – у 1933 годзе. Тады ў беларускі правапіс былі ўнесены істотныя змяненні. Яны адрознівалі пісьмовую беларускую мову ад той, якая абапіралася на “Беларускую граматыку для школ” (1918) Браніслава Тарашкевіча. Усе астатнія крокі, у тым ліку і закон 2008 года, былі накіраваны толькі на ўдасканаленне правапіснай сістэмы, прынятай у 1933 годзе.

Наконт неабходнасці магу сказаць так: сітуацыя з беларускай пісьмовай мовай у канцы ХХ – пачатку ХХІ стагоддзяў вымагала ўмяшання спецыялістаў і нарматыўнай рэгламентацыі. Якраз тады па розных прычынах у беларускамоўнай пісьмовай практыцы выразна праявіўся арфаграфічны разнабой, у тым ліку і ў перыядычным друку, і нават у вучэбнай літаратуры. З’явілася вялікая колькасць падручнікаў, слоўнікаў і інш., дзе было вельмі шмат розначытанняў і рознанапісанняў, што істотна абцяжарвала працэс авалодання беларускай мовай. Трэба было тэрмінова ставіць кропку ў вырашэнні гэтай праблемы. І шляхоў існавала толькі два: або вярнуцца строга да правіл 1959 года, што было проста немагчыма, або замацаваць змены. Другі варыянт бачыўся найбольш рацыянальным – нарматыўным чынам замацаваць тое, што пашырылася ўжо ў пісьмовай практыцы, і адначасова ўнесці некаторыя змяненні, якія зменшылі б колькасць выключэнняў, але не закраналі сістэму правапісу ў цэлым.

Я ўпэўнены: рабочай групе ўдалося аптымальным чынам зрабіць тое, што можна было зрабіць. Па сутнасці, у законе “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” захаваны асноўныя прынцыпы і правілы, але ўнесены пэўныя карэктывы, накіраваныя ў значнай ступені на ўніфікацыю напісання асобных слоў ці асобных груп слоў, на змяншэнне колькасці выключэнняў, а таксама на ўпарадкаванне напісання новых іншамоўных запазычанняў, што замацаваліся ў моўнай практыцы ў апошнія дзесяцігоддзі. І гэта вельмі важны момант, бо з’явілася магчымасць у новых слоўніках, якія выходзяць пасля ўвядзення ў дзеянне новай рэдакцыі правілаў, нарматыўна ўніфікаваць напісанне новых запазычанняў. Як прыклад магу прывесці слова “менеджмент”: у пісьмовай практыцы ў 1990-я гады яно выкарыстоўвалася як мінімум у чатырох варыянтах: менеджмент, мэнэджмэнт, мэнеджмент, менеджмэнт. А паколькі ў старых слоўніках слова не фіксавалася, дык не існавала і яго нарматыўнай рэгламентацыі. Такім чынам, удалося ўніфікаваць напісанне вялікай колькасці новых запазычанняў, зменшылася колькасць выключэнняў, якія былі ў беларускай пісьмовай мове паводле правапісу 1959 года. Яскравы прыклад – напісанне ў (у нескладовага): правіла засталося тое ж, але стала значна менш выключэнняў.

– Але ўся наша беларуская літаратура напісана па старых правілах, а ў школе выкладаюцца новыя. Ці не стварае гэта дадатковыя цяжкасці для дзяцей пры навучанні?

– З мастацкай літаратурай, паверце мне, не будзе вялікіх праблем. Дзеці лёгка ўсё засвояць – там не так шмат разыходжанняў, на якія яны будуць звяртаць увагу. Прынамсі, у мове мастацкай літаратуры існуе вельмі шмат адхіленняў і ад норм Граматыкі 1962, а тым больш 1985 года, і ад слоўнікаў. І ў гэтым яе спецыфіка.

Мяне больш хвалюе іншае – сёння дзецям не хапае моўнага асяроддзя. Наша сістэма адукацыі, як бы мы яе ні крытыкавалі, зусім нядрэнная. Але праблема ў тым, што веды па беларускай мове дзеці звычайна атрымліваюць толькі ў школе. Далей усё залежыць ад стараннасці вучня, яго жадання і цікавасці да мовы. Фактычна сістэма сярэдняй адукацыі дае магчымасць вучням з сярэднімі здольнасцямі і сярэдняй стараннасцю авалодаць беларускай мовай настолькі, каб пры неабходнасці выкарыстоўваць яе ў сваёй дзейнасці. Самае галоўнае, абсалютна неабходнае, каб дзеці авалодалі як след роднай мовай і маглі свабодна гаварыць на ёй, павінна быць створана адпаведнае моўнае асяроддзе. І гэта ўжо залежыць ад усяго грамадства. Нам усім патрэбна ўсвядоміць каштоўнасць сваёй мовы, навучыцца ганарыцца ёю. Трэба, каб валодаць беларускай мовай стала прэстыжна.

– На сённяшні дзень беларуская мова не з’яўляецца сродкам зносін для большасці беларусаў. Чым Вы, як навуковец, гэта тлумачыце?

– Тут ёсць шмат фактараў і прычын уласна лінгвістычнага, сацыялінгвістычнага, прававога і псіхалагічнага плана. Гэта і сама сітуацыя блізкароднаснага двухмоўя, і праблема моўнай кампетэнцыі, і стэрэатыпы моўных паводзін, і праблемы моўнага асяроддзя і многае іншае.
Адзін з моцных праблемных фактараў, якія ўплываюць на моўную сітуацыю ў Беларусі, – блізкароднаснасць дзвюх дзяржаўных моў. Справа ў тым, што выкарыстанне беларускай ці рускай мовы ніяк не ўплывае на ўзаемапаразуменне. Таму пытанне адстойвання сваіх моўных правоў не з’яўляецца для большасці грамадзян істотным.

Блізкароднаснае двухмоўе аказвае значны ўплыў і на адносіны да беларускай мовы ў цэлым, і на выбар таго ці іншага варыянта беларускай літаратурна-пісьмовай мовы. Для тых, хто з дзяцінства гаворыць на беларускай мове, асабліва для прадстаўнікоў старэйшага і сярэдняга пакалення, абсалютна натуральнай з’яўляецца тая беларуская мова, якую мы вучылі ў школе. Для тых жа, хто далучаецца да беларускай мовы з пазіцый ведання рускай, псіхалагічна больш прымальным з’яўляецца варыянт больш далёкі ад рускай мовы. Таму часта, асабліва моладзі і тым, хто прыходзіць да беларускай мовы з пазіцый іншай моўнай кампетэнцыі, падабаецца “тарашкевіца”. Тут праблема аддаленасці ад другой мовы, якая пастаянна прысутнічае ў нашай моўнай свядомасці. А гэта, як можна бачыць, не садзейнічае кансалідацыі беларускамоўнага асяроддзя. Таму беларускай мове сёння трэба пазбавіцца ад “комплексу малодшай сястры”, комплексу блізкароднаснага адштурхоўвання.

Яшчэ адзін немалаважны момант – гэта стэрэатыпы моўных паводзін. Для многіх дастаткова скаладана пераадолець пэўны псіхалагічны бар’ер, каб пачаць гаварыць па-беларуску. Але ж не трэба баяцца, што цябе не зразумеюць. Можна і паўтарыць, і патлумачыць, даць пераклад... Я, прынамсі, і ў магазіне, і ў аптэцы звычайна размаўляю на роднай мове, і мне часта адаказваюць па-беларуску. Проста самому трэба мець жаданне размаўляць. І ў гэтым сэнсе трэба вітаць любое беларускамоўнае маўленне: ад літаратурнага да розных варыянтаў некадыфікаванага, у тым ліку і трасянкі. Бо тая ж самая трасянка, калі яна пераважна беларуская, пачынае выковаць функцыю гарадскога прастамоўя і рэальна пашырае беларускамоўную прастору.

– Якія змены патрэбны на ўзроўні школы, каб дзеці лепш ведалі беларускую мову?

– Я прыхільнік таго, каб прадметы гуманітарнага цыкла, а таксама “Геаграфія Беларусі” незалежна ад мовы навучання ў школе выкладаліся на беларускай мове. Улічваючы нашу моўную сітуацыю, было б абсалютна справядліва, калі б у сістэме школьнай адукацыі прэферэнцыі аддаваліся менавіта беларускай мове, гэта значыць беларускай мове ў школе павінна адводзіцца большая колькасць гадзін у параўнанні з другой дзяржаўнай мовай – рускай.

Але самае галоўнае, павінна быць яшчэ і жаданне саміх носьбітаў мовы. Сёння ёсць у нас асобныя беларускамоўныя школы, класы. І калі ў нейкай школе з’явяцца хаця б 10 жадаючых вучыцца на роднай мове, то, я ўпэўнены, такі клас будзе адкрыты без усялякіх перашкод. Іншая справа, што не ўсе бацькі школьнікаў гатовы да гэтага.

– Як Вы ставіцеся да выкарыстання ў Мінскім метро так званай “беларускай лацінкі”? Наколькі яна можа быць зразумелая іншаземцам, на якіх, дарэчы, і разлічана такая інфармацыя?

– Мне ўжо даводзілася выказвацца на гэты конт, і я паўтару. Выкарыстанне ў метро так званай “беларускай лацінкі” цалкам адпавядае міжнародным стандартам. Выкарыстаная транслітарацыя ўласных назваў сродкамі іншага алфавіта не прывязана да якой-небудзь асобнай мовы. Яна разлічана на тых, хто карыстаецца мовай з іншай графічнай сістэмай. І тут галоўная мэта – візуальная пазнавальнасць назвы. А не тое, ці дакладна іншаземны госць прачытае назву станцыі. Якая б сістэма транслітарацыі не прымянялася, носьбіт кожнай канкрэтнай мовы (англічанін, немец, француз ці іспанец) прачытае назву па-свойму. Галоўнае, што “беларуская лацінка” дазваляе аднолькава перадаць сродкамі лацінскага алфавіта тую ці іншую назву.

– Не раз даводзілася чуць меркаванне, быццам беларуская мова не сучасная, застылая ў сваім развіцці на ўзроўні пачатку XX стагоддзя. Што Вы можаце адказаць?

– Наша мова цалкам адпавядае патрэбам часу. І гэта не проста мая думка, гэта бясспрэчны факт. Беларуская мова сёння можа паспяхова выкарыстоўвацца ва ўсіх сферах дзейнасці і жыцця сучаснага грамадства. Яе сродкамі могуць быць перададзены самыя складаныя тэксты – інтэлектуальныя, навуковыя і інш. У тыя ж 1990-я гады колькі выйшла перакладных тэрміналагічных слоўнікаў па розных галінах навукі. Гэта праца працягваецца і зараз. Напрыклад, у 2007 годзе выдадзены руска-беларускі слоўнік-даведнік “Основные термины метрологіі”, у 2012 – “Русско-белорусский терминологический словарь-справочник по порошковой металлургии”, вядзецца праца над іншымі слоўнікамі.

Нягледзячы на тое, што выкарыстанне беларускай мовы ў некаторых сферах зведзена да мінімуму, ёсць тэндэнцыі, якія паказваюць яе жыццёвасць. Мы бачым пашырэнне ўжывання беларускай мовы ў канфесійнай сферы і інтэрнэце – там, дзе яе раней не было. І гэта ў пэўнай ступені адлюстроўвае яе прэстыж і запатрабаванасць. Адназначна – ні ў каталіцкім касцёле, ні ў праваслаўнай царкве 20 гадоў таму беларускай мовы не было, а зараз яна там рэальна прысутнічае і выкарыстоўваецца, асабліва ў касцёле. Больш таго, з’яўляюцца высокапрафесійныя пераклады Евангелля, іншых рэлігійных тэкстаў, дзе сродкамі сучаснай беларускай мовы перадаюцца ўсе асаблівасці жанру, ствараецца неабходная ўрачыстасць і ўзнёсласць маўлення... Гэта таксама гаворыць пра магчымасці развіцця нашай мовы.

Не менш красамоўнае пацвярджэнне рэальнай запатрабаванасці беларускай мовы як сродку камунікацыі – шырокае распаўсюджанне яе ў інтэрнэт-прасторы. Відавочна, што ў Інтэрнэце выкарыстанне мовы абсалютна нікім не рэгламентавана, і калі беларуская мова там прысутнічае, значыць, яна рэальна запатрабавана, значыць, ёсць жаданне ў людзей карыстацца гэтай мовай.

Не так даўно ў Інтэрнэце з’явілася інфармацыя аднаго венгерскага даследчыка аб распаўсюджанні моў свету ў інтэрнэт-прасторы. Па яго падліках, зараз у Інтэрнэце выкарыстоўваюцца толькі 3,6 працэнта жывых моў. Гэта значыць, што астатнія – 96,4 працэнта моў планеты для сусветнай павуціны фактычна не існуюць. Дык вось, беларуская мова уваходзіць у два першыя працэнты моў, якія прысутнічаюць у інтэрнэт-сферы. Гэта надзвычай цікавы і паказальны факт, бо беларуская мова якраз адносіцца да групы моў не самых пашыраных, але ў Інтэрнэце прадстаўлена вось так шырока.

– Аляксандр Аляксандравіч, а што, на Вашу думку, трэба зрабіць, каб у Беларусі шырэй карысталіся беларускай мовай?

– Найперш, нам трэба мяняць свае адносіны да мовы, а таксама ведаць свае моўныя правы. А калі больш дакладна, проста строга выконваць дзяржаўнае моўнае заканадаўства, і праблема будзе ў значнай ступені вырашана. Што такое дзяржаўнае двухмоўе? Гэта права кожнага грамадзяніна карыстацца адной ці другой дзяржаўнай мовай у сваёй дзейнасці, а абавязак дзяржавы праз свае інстытуты і сваіх служачых забяспечыць кожнаму грамадзяніну рэалізацыю гэтага права. На практыцы гэта выглядае так: калі ў любую дзяржаўную структуру прыходзіць чалавек і звяртаецца па-беларуску, дык яму і павінны адказаць на гэтай мове. На маю думку, кожны дзяржаўны служачы абавязаны валодаць і рускай, і беларускай мовамі. Калі гэта будзе выконвацца, то і адносіны да беларускай мовы зменяцца. І не трэба нікога прымушаць, проста і грамадзянін, і дзяржава павінны строга выконваць свае абавязкі.

У праблемы ёсць яшчэ адзін аспект. Паверце, сёння ў нас даволі шмат грамадзян – і сталага ўзросту, і маладых – валодаюць беларускай мовай. Але ім не хапае моўнага асяроддзя. На гэту сітуацыю моцна ўплываюць і СМІ. Калі мы будзем больш чуць беларускую мову ў эфіры, бачыць людзей, якія на ёй гавораць, тым шырэй будзе моўнае асяроддзе і тым лягчэй будзе перайсці на яе выкарыстанне астатнім.
Задача навукоўцаў – забяспечыць факталагічную і тэарэтычную базу для карыстання мовай. І мы гэта робім. Астатняе залежыць ад саміх грамадзян і ад органаў дзяржаўнага кіравання. Дарэчы, парадоксам сучаснага моўнага жыцця ў краіне з’яўляецца тое, што ў нас многія пазіцыянуюць сябе як патрыёты беларускай мовы, пры гэтым самі рэальна нічога не робяць, але з захапленнем крытыкуюць іншых.
Я хачу паўтарыць адзін са сваіх тэзісаў наконт папулярызацыі роднай мовы. Ён гучыць так: беларускую мову павінны прапагандаваць людзі паважаныя, аўтарытэтныя, паспяховыя і прыгожыя. І калі мы часцей будзем чуць беларускую мову ад такіх людзей, гэта забяспечыць і адпаведнае стаўленне да яе ў грамадстве. Нам патрэбна ўсведамленне таго, што веданне беларускай мовы – неад’емны атрыбут высокаадукаванага, інтэлігентнага і культурнага чалавека.

Поўны тэкст анлайн-канферэнцыі будзе надрукаваны ў лютаўскім нумары часопіса “Беларуская думка”.
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі