ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Панядзелак, 29 лістапада 2021
Мінск Суцэльная воблачнасць +2°C
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
14 снежня 2012, 17:37

 Акадэмія кіравання Беларусі плануе рыхтаваць кадры па заказу прыватных кампаній

Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце - бясспрэчны лідар у падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы дзяржаўных служачых у Беларусі. Гэта абавязвае аператыўна рэагаваць на патрэбы дзяржаўнага сектара. Плануемая ў краіне аптымізацыя дзяржапарату, у выніку якой, як заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, колькасць дзяржслужачых можа скараціцца на чвэрць, паслужыла падставай для таго, каб задумацца аб пашырэнні кола патэнцыяльных заказчыкаў кадраў. Якія арганізацыі ў перспектыве могуць стаць новымі партнёрамі Акадэміі кіравання? Што робіць ВНУ для таго, каб павысіць канкурэнтаздольнасць сваіх выпускнікоў? Чым прываблівае абітурыентаў прафесія дзяржслужачага? На гэтыя і іншыя пытанні ў інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА адказаў рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі Анатоль Маразевіч.

- Анатоль Мікалаевіч, наколькі актуальная для Акадэміі кіравання праблема працаўладкавання выпускнікоў?

- Апошнія 5 гадоў на рынку працы захоўваецца высокі ўзровень запатрабаванасці нашых выпускнікоў, якія атрымалі вышэйшую адукацыю першай ступені. Гэта пацвярджаецца колькасцю заявак на працаўладкаванне, якія паступаюць з боку дзяржаўных органаў і ўстаноў. Усе выпускнікі акадэміі працаўладкоўваюцца ў адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю і кваліфікацыяй.

У 2012 годзе конкурс заявак на выпускнікоў у параўнанні з 2011 годам узрос і склаў 1,74 заяўкі на чалавека. У органы дзяржаўнага кіравання было размеркавана 34 працэнты выпускнікоў, на ўнітарныя прадпрыемствы і акцыянерныя таварыствы - 25 працэнтаў, у суды, органы пракуратуры, Следчы камітэт - 15 працэнтаў.

У сувязі з плануемай аптымізацыяй штатнай колькасці дзяржаўных органаў і арганізацый мы бачым неабходнасць пашыраць кола заказчыкаў кадраў па ўсіх спецыяльнасцях падрыхтоўкі. У тым ліку за кошт інавацыйна арыентаваных прыватных кампаній, якія ўдзельнічаюць у выкананні дзяржаўных праграм, актыўна супрацоўнічаюць з дзяржаўнымі органамі. Мы працуем у гэтым напрамку.

- Акадэмія кіравання ў ліку першых беларускіх ВНУ перайшла на чатырохгадовы тэрмін навучання. Якія пераўтварэнні для гэтага спатрэбіліся? Які эфект прынесла новаўвядзенне на цяперашнім этапе?

- Пераход на чатырохгадовы тэрмін навучання - гэта не механічнае скарачэнне аб'ёмаў вучэбнага часу. Для нашай ВНУ гэта перш за ўсё перагляд канцэптуальных падыходаў да падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне кіравання. Сёння даволі востра адчуваецца дэфіцыт у топ-менеджарах, якія маюць глыбокую базавую падрыхтоўку ў сферы не толькі кіравання, але і эканомікі, права, камунікацый і гэтак далей. Да таго ж, часам тэарэтычная падрыхтоўка будучых кіраўніцкіх кадраў была ў пэўнай меры адарвана ад рэальнага практыкі.

Мы на працягу шэрага апошніх гадоў рабілі паслядоўныя крокі па мадэрнізацыі сістэмы кіраўніцкай адукацыі. Пераход на чатырохгадовы тэрмін навучання на першай ступені вышэйшай адукацыі, па сутнасці, завяршыў для нас пераход да абавязковай двухступеньчатай сістэмы падрыхтоўкі кіраўнікоў.

Асноўныя пераўтварэнні закранулі базавую падрыхтоўку. Яна была ўзмоцнена. Калі пры пяцігадовым тэрміне навучання гэта падрыхтоўка ажыццяўлялася 3 гады, то цяпер усе 4 гады студэнты атрымліваюць больш шырокі спектр прафесійных кампетэнцый, неабходных сучаснаму кіраўніку для эфектыўнай работы.

Узмацнілася практычная накіраванасць падрыхтоўкі спецыялістаў на першай ступені. У нас і раней аб'ём практычных форм навучальных заняткаў быў даволі высокі, а ў новых навучальных планах гэты паказчык вырас да 56 працэнтаў. Таксама мы павялічылі колькасць вучэбных практык. Адпрацоўку прафесійных кампетэнцый студэнты пачнуць ужо з першага курса, незалежна ад таго, вочная або завочная ў іх форма адукацыі. Лічу, што трэцяя практыка і чацвёртая, гэта значыць пераддыпломная, будуць праходзіць як стажыроўкі на магчымых рабочых месцах.

Яшчэ адно прынцыповае новаўвядзенне заключаецца ў тым, што працэс падрыхтоўкі спецыяліста будзе максімальна кіруемы. І кіраванне гэта будзе ажыццяўляцца сістэмна, на дыягнастычнай аснове. Мяркуецца, што пачынаючы з 2-га курса кожнага студэнта акрамя традыцыйных залікаў і экзаменаў чакае комплексная ацэнка ўзроўню сфарміраванасці адпаведных кампетэнцый.

Па выніках такой ацэнкі пры неабходнасці будуць распрацоўвацца індывідуальныя праграмы карэкціруючых мерапрыемстваў, якія забяспечаць максімальна магчымы для кожнага навучэнца ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі. Адпаведна, канкурэнтаздольнасць нашага выпускніка на рынку працы істотна павысіцца. Плануецца, што пасля заканчэння навучання, пасля праходжання дзяржаўнай атэстацыі нашы выпускнікі будуць акрамя стандартнага дадатку да дыплома аб вышэйшай адукацыі атрымліваць сертыфікат, які пацвярджае ўзроўні сфарміраванасці кампетэнцый.

- Якія новыя спецыяльнасці, праграмы перападрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі плануецца ўвесці ў Акадэміі кіравання ў наступным навучальным годзе?

- Рэальныя патрэбы дзяржсектара знаходзяць сваё адлюстраванне і ў адкрыцці новых спецыяльнасцей. Так, у 2013-2014 годзе мы плануем пачаць набор на спецыяльнасць "дзяржаўнае кіраванне ў сферы дасудовага крымінальнага вядзення па справе", змест гэтай адукацыйнай праграмы ўзгоднены са Следчым камітэтам. У гэтым годзе па заказу Міністэрства па надзвычайных сітуацыях у Акадэміі кіравання была адкрыта спецыяльнасць "дзяржаўная ідэалогія і кіраванне чалавечымі рэсурсамі".

Арыентаваны на заказчыка падыход акадэмія прымяняе і пры распрацоўцы праграм перападрыхтоўкі. Мы штогод збіраем і абагульняем заяўкі дзяржаўных органаў і арганізацый на перападрыхтоўку кіруючых кадраў і спецыялістаў.

Маніторынг запатрабаванасці спецыяльнасцей II ступені вышэйшай адукацыі паказаў, што найбольшую цікавасць у дзяржорганаў і арганізацый выклікаюць спецыяльнасці "прававое рэгуляванне кіраўніцкай дзейнасці ў сацыяльных і эканамічных сістэмах", "электронны ўрад". Усяго на падрыхтоўку ў будучым навучальным годзе па магістарскіх праграмах Акадэміі кіравання пададзена 67 заявак ад 28 арганізацый.

Паколькі падрыхтоўка ў практыка-арыентаванай магістратуры сапраўды запатрабавана, то ў наступным навучальным годзе плануецца набор па пяці новых практыка-арыентаваных спецыяльнасцях магістратуры, сярод якіх "інавацыйны менеджмент", "тэхналогіі кіравання персаналам" і "электронны ўрад". А ў 2014-2015 навучальным годзе плануецца адкрыццё магістарскіх праграм "дзяржаўна-прававое рэгуляванне міжнароднай дзейнасці" і "кіраванне развіццём фінансавых рынкаў і інстытутаў".

- Наколькі прэстыжная прафесія дзяржаўнага служачага сярод моладзі?

- Работу ў органах дзяржаўнага і мясцовага кіравання патэнцыяльныя абітурыенты лічаць прэстыжнай і значнай. Гэта пацвярджаецца ў ходзе прафесійна-псіхалагічнай гутаркі. Адказваючы на пытанне аб тым, дзе хацелася б працаваць пасля заканчэння Акадэміі кіравання, абсалютная большасць абітурыентаў называе выканаўчыя камітэты, міністэрствы, суды, пракуратуру і іншыя дзяржаўныя органы. Матывуючымі фактарамі выбару названай дзейнасці, паводле слоў абітурыентаў, з'яўляюцца сацыяльна-прафесійны статус, магчымасць рэалізацыі сваіх асобасных якасцей у прафесійнай дзейнасці, прэстыжнасць будучай работы, значнасць рэалізуемых задач, імкненне заняць значнае месца ў грамадстве.

У аснове дзейнасці дзяржаўнага служачага - сінтэз прафесій служачых усіх сфер, як вытворчай, так і невытворчай. Праводзячы прафарыентацыйныя мерапрыемствы, мы разглядаем гэту дзейнасць, як сукупнасць ведаў, уменняў, навыкаў, а таксама дзелавых, асобасна-псіхалагічных і маральных якасцей чалавека, якія даюць яму магчымасць паспяхова выконваць працоўныя функцыі на пэўных пасадах у дзяржаўных органах і арганізацыях. Можна з упэўненасцю сказаць, што гэты напрамак працоўнай дзейнасці запатрабаваны і перспектыўны.

Святлана САЎКО
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі