ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Серада, 17 жніўня 2022
Мінск Ясна +19°C
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
03 снежня 2012, 16:23

Адзіны дзяржпартал для зваротаў грамадзян пачне працаваць у Беларусі ў канцы 2013 года

Сучаснаму чалавеку складана ўявіць сваё жыццё без найноўшых інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і асабліва без Інтэрнэту. Сусветная павуціна настолькі моцна ўвайшла ў штодзённае жыццё, што многія з нас, ледзь адкрыўшы раніцай вочы, зусім не ідуць прымаць душ ці рабіць кубак гарачай кавы, а далучаюцца да віртуальных размоў з сябрамі і калегамі.

Зусім хутка размаўляць у Інтэрнэце можна будзе і з беларускімі дзяржслужачымі - дакладней, да канца 2013 года з'явіцца магчымасць адпраўляць афіцыйныя запыты ў міністэрствы і ведамствы праз Адзіны дзяржаўны партал для зваротаў грамадзян, які ствараецца ў краіне. Адказваць заяўнікам чыноўнікаў абавязвае закон "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб", які ўступіў у сілу ў пачатку 2012 года. Работа партала значна паскорыць разгляд запытаў, а таксама спросціць працэдуру іх перасылкі з аднаго міністэрства ў іншае ў тым выпадку, калі заяўнік звярнуўся не па адрасе.

Аб тым, якім чынам у хуткім часе можна будзе звязацца з дзяржслужачымі, а таксама аб найбольш маштабных праектах Міністэрства інфармацыі, з карэспандэнтам БЕЛТА размаўляў намеснік міністра інфармацыі Дзмітрый Шадко.

- Дзмітрый Генадзьевіч, раскажыце аб ходзе распрацоўкі Адзінага дзяржпартала для зваротаў грамадзян.

- "Віртуальная прыёмная", або Адзіны дзяржаўны партал для зваротаў грамадзян, ствараецца па даручэнню Прэзідэнта.

Справа ў тым, што заяўнік, які звяртаецца з запытам, не заўсёды выразна ўяўляе, да кампетэнцыі якога міністэрства або ведамства належыць запыт. У выніку зварот накіроўваецца не па адрасе, што выклікае неабходнасць яго перасылкі і, адпаведна, прыводзіць да прадаўжэння тэрмінаў разгляду. Калі з'явіцца асобны спецыяльны інтэрнэт-сайт і пункт прыёму ўсіх запытаў грамадзян у краіне будзе адзіным, у рабоце дзяржаўных органаў будзе значна больш парадку. Усе яны будуць увязаны ў агульнай сістэме і звяртацца да іх будзе значна прасцей.

Партал для зваротаў грамадзян - першы агульнадзяржаўны праект, звязаны з укараненнем электронных форм дакументаабароту. Такая сістэма дасць магчымасць аналізаваць увесь паток пісем, што паступаюць, а таксама выяўляць найбольш праблемныя трэнды. Па сутнасці, гэта абсалютна новы ўзровень маніторынгу і канкрэтны крок у напрамку да электроннага ўрада, стварэннем якога заклапочана і Беларусь, і краіны-суседзі.

- Калі пачне працаваць партал?

- Цяпер асноўныя пытанні звязаны з тэхнічнымі, тэхналагічнымі і праграмнымі аспектамі рэалізацыі праекта. Іх разглядае міжведамасная рабочая група, якая выбірае аптымальны варыянт вырашэння пытанняў. Плануецца, што праект будзе рэалізаваны да канца 2013 года. Паводле папярэдніх ацэнак, ён не вельмі складаны ў тэхнічным плане. Галоўнае - з самага пачатку правільна апісаць схему работы праграмы, не дапусціўшы памылак на этапе яе праектавання.

- Яшчэ адзін маштабны праект у сферы інфарматызацыі, над якім працуе Міністэрства інфармацыі, - Нацыянальная электронная бібліятэка Беларусі. Размовы аб яе стварэнні вядуцца ўжо даўно, а вось аб канкрэтных выніках пакуль не чуваць ...

- Першачарговая задача Нацыянальнай электроннай бібліятэкі Беларусі - аблягчэнне доступу грамадзян да інфармацыі, якая змешчана ў бібліятэчных фондах краіны. У гэтым сэнсе электронны фармат значна спрашчае работу карыстальнікаў. У Беларусі пытанне стварэння электроннай бібліятэкі вырашаецца даволі марудна (цяпер мы выходзім на этап праектавання). Гэта і нядзіўна, паколькі ў свеце пакуль няма адназначна ўдачна рэалізаванага такога праекта. У Еўропе размова ідзе хутчэй аб сектаральных праектах, а не аб комплексных, звязаных са стварэннем паўнацэннай электроннай бібліятэкі.

- Што будзе ўяўляць сабой электронная бібліятэка?

- У ідэале на выхадзе мы павінны атрымаць дакладную электронную копію фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і ўсёй бібліятэчнай сістэмы краіны са зручным для карыстальніка інтэрфейсам, сістэмай рэзервавання, захавання даных. Прычым бібліятэчныя фонды павінны бесперапынна папаўняцца новымі матэрыяламі. Гэты праект вельмі амбіцыйны і тэхналагічна складаны, паколькі размова ідзе аб вялікіх аб'ёмах інфармацыі. Праблема не ў тым, каб проста сканіраваць кнігі і складаць іх на серверы (для гэтага спатрэбіцца вельмі вялікі сервер), а ў тым, што сканіраванне проста бескарыснае, калі адсутнічае эфектыўная сістэма работы з каталогамі, накіраваная на хуткі пошук патрэбнай інфармацыі.

Можна ўзяць дзесяць мільёнаў кніг, перавесці іх у электронны фармат, скласці на серверы, але ў выніку з выкарыстаннем стандартнага праграмнага забеспячэння пошук патрэбнай кнігі або іншай інфармацыі зойме некалькі гадоў - проста таму, што праграма будзе доўга перабіраць усе файлы ў сховішчы, і не факт, што ў працэсе яна не завісне. Таму пытанне аптымізацыі вырашаць давядзецца, і гэта не проста пытанне масавай штампоўкі электронных копій.

Акрамя таго, стварэнне электроннай бібліятэкі закранае юрыдычны аспект, звязаны з аўтарскім правам і сумежнымі правамі. Цяпер у Беларусі існуе абавязковы экзэмпляр друкаванага выдання, які трапляе ў Нацыянальную бібліятэку. Разумна, каб адразу перадаваўся і электронны варыянт. Але ў якім фармаце ён павінен перадавацца і як яго захоўваць?

Узнікаюць і іншыя праблемы: у якім аб'ёме, пры дапамозе якіх тэхналагічных ведаў магчыма захаванне ў электроннай бібліятэцы інфармацыі, якая штодзень з'яўляецца ў Інтэрнэце. Па сутнасці, для гэтага неабходна стварыць архіў. Але які статус у такім выпадку будзе мець інфармацыя? Усе гэтыя моманты цяпер абмяркоўваюцца.

Бібліятэка выконвае функцыі прапагандыста ведаў, распаўсюджвальніка і захавальніка інфармацыі - кожная з гэтых функцый павінна атрымаць адлюстраванне ў Нацыянальнай электроннай бібліятэцы Беларусі.

- Стварэнне электроннай бібліятэкі прадугледжана дзяржаўнай праграмай "Культура Беларусі" на 2011-2015 гады. Ці паспееце зрабіць у тэрмін?

- Па сутнасці, пачатковыя этапы - навукова-даследчы і праектны, калі задаюцца рамкі і прынцыпы рэалізацыі. Затым прадугледжваецца этап праграмавання, пасля чаго чакаецца непасрэдна ўкараненне. Сказаць, што да 2015 года мы ўсе бібліятэчныя фонды краіны перавядзём у лічбавы фармат, немагчыма: фонды вельмі багатыя, яны змяшчаюць рэдкія манускрыпты, якія важна не пашкодзіць пры рабоце. Да 2015 года павінна быць наладжана сістэма, дзякуючы якой уся новая інфармацыя будзе аўтаматычна трапляць у электронную бібліятэку, і пры гэтым будзе паэтапна ажыццяўляцца перавядзенне і захаванне ў электронным выглядзе ўсіх дакументаў, якія захоўваюцца ў бібліятэчных фондах краіны.

- Створаны і працуе інтэрнэт-партал "СМІ Беларусі", аднак яго чакае аптымізацыя. Якія канкрэтна новаўвядзенні яна прадугледжвае?

- Інтэрнэт-партал "СМІ Беларусі" прызначаны скласці цэласную карціну ўсяго комплексу газет і часопісаў, якія выдаюцца ў краіне, прадстаўляць увазе чытачоў лепшыя журналісцкія публікацыі. Ён павінен быць забяспечаны вельмі развітым функцыяналам у тэхнічным плане - з пункту гледжання пошуку, класіфікацыі матэрыялаў, іх адбору, індывідуальных настроек, - каб карыстацца парталам можна было максімальна эфектыўна. Гэты рэсурс стане адзіным пунктам доступу да інфармацыі абсалютна любога сродку масавай інфармацыі, які выдаецца ў краіне. Друкаваныя СМІ будуць класіфікаваныя па перыядычнасці выхаду, геаграфічнаму прынцыпу, тэматыцы, будзе даступны архіў публікацый за даволі працяглы перыяд. Акрамя таго, плануецца прадаставіць чытачам магчымасць атрымання актуальнай інфармацыі аб месцазнаходжанні рэдакцыі і яе кіраўніцтва. Скажам так: з аднаго боку, гэта будзе даведнік, з другога, - электронная бібліятэка і, акрамя ўсяго іншага, зручная база даных, якая дае магчымасць працаваць з прэсай.

Прататып інтэрнэт-партала беларускіх СМІ працуе ўжо цяпер, але пакуль ён у большай ступені ўяўляе сабой каталог, які забяспечвае спрошчаны доступ да рэсурсаў адпаведных газет і часопісаў, у тым ліку ўсіх "раёнак". Там не праводзіцца рэдакцыйная палітыка, няма магчымасці інтэрактыўнага абмеркавання артыкулаў. Зразумела, што такі рэсурс павінен мець самастойную паўнацэнную рэдакцыю, якая будзе класіфікаваць матэрыялы і, пры неабходнасці, дапаўняць іх адпаведнымі тэматычнымі падборкамі.

- Гэта значыць работу гэтага партала будзе забяспечваць цэлы штат супрацоўнікаў?

- Хутчэй, некалькі прафесіяналаў, якія будуць займацца рэсурсам на пастаяннай аснове. Калі работа над парталам будзе ісці па плану, мы разлічваем прадэманстраваць яго на міжнароднай спецыялізаванай выстаўцы "ТІБО" ў 2013 годзе. Прынамсі, запуск партала дакладна запланаваны на наступны год.

- У 2013 годзе "ТІБО" будзе зноў сумешчаны з міжнароднай спецыялізаванай выстаўкай "СМІ ў Беларусі"?

- Так, і арганізатары разлічваюць, што медыясегмент у рамках выстаўкі стане яшчэ мацнейшым. Аргкамітэт па правядзенню мерапрыемства пачаў работу ўжо ў 2012 годзе. Пакуль нейкія канчатковыя рашэнні не прыняты, але, лічу, у канчатковым выніку выстаўка стане яшчэ больш маштабнай і цікавай. Сумяшчэнне выставак - вельмі перспектыўная форма работы. Цяжкасць заключаецца ў тым, што традыцыйны медыйны кантэнт крыху архаічны - напрыклад, складана ў рамках "ТІБО" прэзентаваць папяровыя варыянты газет. Таму будзем рабіць акцэнт на канвергентныя формы, на тыя сферы, дзе традыцыйныя папяровыя і электронныя СМІ перасякаюцца максімальна. Спадзяюся, на сумешчанай выстаўцы ў наступным годзе нам удасца паказаць штосьці новае.

- Інтэрнэт-старонкі даўно створаны ва ўсіх рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі нашай краіны. Аднак іх якасць, і на гэта неаднаразова звяртала ўвагу Міністэрства інфармацыі, пакідае жадаць лепшага. Што думаеце аб гэтым?

- Сапраўды, колькасны этап пройдзены: інтэрнэт-сайты створаны ва ўсіх газет, ёсць старонкі і ў сацыяльных сетках, але пакуль гэта выключна ўзровень прадстаўніцтва. Інтэрнэт-версія друкаванага СМІ павінна стаць абсалютна самастойным, роўнавялікім з папяровай версіяй сегментам у рабоце рэдакцыі. Пры гэтым я вельмі далёкі ад думкі, што папяровая прэса знікне поўнасцю. У свой час кінематограф не сцёр з зямлі тэатр, так і Інтэрнэт не здольны знішчыць традыцыйную форму прэсы.

Аднак сёння праблема заключаецца ў тым, што агульны ўзровень Інтэрнэту як асяроддзя, у якім распаўсюджваецца прэса, апошнім часам зніжаецца. Аб гэтым гавораць многія эксперты. Першапачаткова Інтэрнэт ствараўся як асяроддзе для зносін акадэмічных колаў, і інтэлектуальная планка была зададзена вельмі высокая. Па меры таго, як у яго стаў укараняцца масавы карыстальнік са сваімі інтарэсамі, Інтэрнэт дэградаваў. Гэта адбіваецца на камерцыйных праектах, якія рэалізуюцца ў Сусветнай павуціне: спажыўцу прапануецца максімальна даступная і шырокая інфармацыя, якая не заўсёды характарызуецца высокай якасцю. Таму, вядома, экспертная, інтэлектуальная ніша ў журналістыцы захаваецца, у тым ліку ў выглядзе папяровых выданняў, дзе будзе сур'ёзная інфармацыя для разважання. І, у прынцыпе, адна з тэндэнцый, якую прадказваюць эксперты, - перамяшчэнне сур'ёзных выданняў у сегмент прадуктаў прэстыжнага спажывання, дзе выверана кожнае слова.

У цэлым, калі гаварыць аб узроўні нашай рэгіянальнай прэсы, тут назіраецца эвалюцыя, рух наперад. Сродкі масавай інфармацыі пачынаюць эксперыментаваць, што выяўляецца на знешнім выглядзе інтэрнэт-старонак, на іх змесце і, адпаведна, на ўзроўні наведвальнасці.

- Галоўным пытаннем у тэлекамунікацыйнай галіне застаецца лічбавае тэлебачанне...

- Ужо з наступнага года ў нашай краіне пачынаецца фаза пераходу на лічбавы сігнал. Што гэта азначае для звычайнага спажыўца? Для большасці жыхароў гарадоў - нічога, таму што карыстальнікі паслуг кабельнага, эфірна-кабельнага тэлебачання атрымліваюць сігнал па асобнай сетцы. Акрамя таго, шматлікія кампаніі ў нас у краіне даўно прапануюць лічбавае тэлебачанне ў якасці самастойнай паслугі, і ў гэтым няма нічога новага. Уся справа ва ўкараненні эфірнага наземнага лічбавага тэлевяшчання, якое папросту азначае, што з наступнага года па асобных рэгіёнах краіны з'явіцца магчымасць прыёму большай колькасці каналаў у сельскай мясцовасці (на бясплатнай аснове будзе даступна 8 тэлевізійных каналаў у добрай якасці). Для іх прагляду неабходна набыць або больш сучасны тэлевізар, які змяшчае прыёмны модуль (дарэчы, з 1 студзеня 2013 г. купіць тэлевізар у Беларусі без гэтага модуля будзе ўжо немагчыма), або прыстаўку, якая каштуе не вельмі дорага.

Цэнтралізавана на "лічбу" пачнём пераходзіць з Асіповіцкага раёна (у Асіповічах аналагавае тэлевяшчанне адключаць 1 жніўня 2013 года). Вельмі разлічваем, што да таго часу, калі ў Беларусі пачнецца адключэнне аналагавага сігналу, будзе запушчаны другі, а можа і трэці мультыплекс, гэта значыць замест двух-трох можна будзе глядзець, напрыклад, дваццаць чатыры каналы, прычым за вельмі ўмераную абаненцкую плату. Пры гэтым восем каналаў гарантуецца як бясплатны пакет, а дадатковыя можна будзе глядзець, купіўшы адпаведную картку ў аператара сувязі.

У цэлым праграма лічбавага тэлебачання накіравана на выраўноўванне ўмоў паміж горадам і сельскай мясцовасцю. У ідэале да 2015 года глядач наогул не павінен заўважаць, што глядзіць тэлевізар, знаходзячыся ў сельскай мясцовасці. У выніку, спадзяюся, мы прыйдзем да таго, што ў Беларусі будзе даступны і HD-кантэнт, які паступова заваёўвае рынак. Гэта тэлебачанне высокай выразнасці, вельмі прыгожая карцінка, якую могуць забяспечыць сучасныя тэхналогіі.

Завяршыць пераход на лічбавае тэлевяшчанне Беларусь павінна да сярэдзіны ліпеня 2015 года. Вядома, хацелася б, каб да гэтага часу на практыцы адключаць не было чаго і, як вынік, была проста падпісана справаздача для міжнародных арганізацый аб выкананні ўсіх абавязацельстваў з нашага боку.

- Ці паспяхова Беларусь пераходзіць на "лічбу" на фоне іншых краін Еўропы і Амерыкі?

- З пункту гледжання дастаўкі лічбавага сігналу Беларусь апярэдзіла ўсе графікі. Калі гаварыць аб фактычным выкарыстанні лічбавага тэлебачання, то пакуль вялікай патрэбнасці ў насельніцтва ў ім не было, таму і працэнты тут не такія вялікія. Але калі ацаніць тыя падрыхтоўчыя мерапрыемствы, якія мы праводзім сумесна з Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі, абсалютна дакладна можна разлічваць на тое, што ў Беларусі пераход на "лічбу" пройдзе значна больш арганізавана, чым у іншых краінах Еўропы і Амерыкі.

Таццяна Пастушэнка
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі