ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Нядзеля, 25 верасня 2022
Мінск Малавоблачна +11°C
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
22 ліпеня 2022, 14:06

Зямельныя пытанні, жыллё, рамонт дарог: Крупко правёў прыём грамадзян і прамую лінію ў Калінкавічах

Іван Крупко. Фота з архіва
Іван Крупко. Фота з архіва

22 ліпеня, Калінкавічы /Кар. БЕЛТА/. Зямельныя і жыллёвыя пытанні, рамонт сельскай дарогі ўздымалі жыхары Гомельскай вобласці ў час прамой тэлефоннай лініі і прыёму грамадзян, які правёў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко ў Калінкавічах, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У тэлефоннай размове гамяльчанка расказала, што яе сям'я хацела б узяць участак з нежылым домам у Даўгалессі Гомельскага раёна. "Дом закінуты, яго стан жудасны, у ім не жывуць ужо гадоў 10. Але ў нас рукі ёсць, мы маглі б зрабіць яго прыгожым, пасадзіць агарод", - падзялілася планамі яна. Паводле слоў жанчыны, звароты ў райвыканкам, службы раёна пакуль выніку не далі. Іван Крупко адзначыў, што пытанне вывучаць з улікам заканадаўчай базы.

Ад імя жыхароў вёскі Адамаўка Рэчыцкага раёна звярнулася да губернатара пенсіянерка. "У нас у вёсцы дарога гравійная. Вакол - палі, комплекс. Калі пачынаюць ездзіць машыны, задыхаемся ад пылу. Усе вёскі вакол асфальтаваныя, засталіся толькі мы - гэта 1 км. Цяпер ідзе нарыхтоўка кармоў, уборка ўраджаю, і мы ўсе ў пыле", - паскардзілася жанчына. Яна неаднаразова агучвала праблему ў розных інстанцыях, але пытанне не вырашаецца.

У праграме рамонтаў дарог на гэты год вёскі няма, звярнуў увагу губернатар. "Возьмем дарогу на кантроль. Паглядзім, што можна зрабіць", - дадаў ён.

Сям'я з аграгарадка Ліпава Калінкавіцкага раёна мае намер вырашыць жыллёвае пытанне. "З 2011 года стаім на чарге на кватэру. З лістапада 2021-га сталі шматдзетнай сям'ёй. Цяпер нам кажуць, што па заканадаўстве мы можам будавацца толькі на раёне, аднак і я, і муж працуем у горадзе - у Калінкавічах, завальняцца не плануем", - апісала стан спраў шматдзетная маці. Даручэнне губернатара - грунтоўна разабрацца ў сітуацыі і даць выразнае тлумачэнне, прапановы заяўніку.

Шэраг пытанняў узняў старшыня камітэта дома па вул. Батава Калінкавіч: водаадвод ад будынка, забарона транзітнага транспарту па дваровай тэрыторыі, адлоў бяздомных сабак, зліў нечыстотаў з усяго горада і іншыя. Па кожнай тэме разбяруцца спецыялісты службаў.

На прыём да Івана Крупко прыехалі дзве жыхаркі Мазыра. У 2020 годзе райвыканкам прыняў рашэнне адабраць участкі зямлі, дзе стаяць дамы мазыранак, для дзяржпатрэб - рамонту дарогі. Калі зрабілі праектна-каштарысную дакументацыю і накіравалі на экспертызу, вырашылі, што неабходнасці зносіць гэтыя дамы няма. Дакументы перарабілі. Рашэнне аб адабранні адмянілі. Дамы пад знос больш не падлягаюць.

"Нашы дамы вельмі старыя. Да адмены рашэння нам прапаноўвалі кватэры. Мы ўжо глядзелі адрасы для перасялення. У нас былі знесены некаторыя пабудовы, агароджа", - расказалі жанчыны.

"Ёсць праект, згодна з праектам вашы дамы не падлягаюць зносу", - звярнуў увагу старшыня аблвыканкама.

Адно з гомельскіх ААТ у маі 2020 года выйграла аўкцыён і заключыла дагавор на праектаванне і будаўніцтва па вул. Камісарава ў абласным цэнтры. Як было адзначана на прыёме, да гэтага часу дакументацыя не прадстаўлена, і Гомельскі гарвыканкам накіраваў прэтэнзію аб невыкананні абавязацельстваў, аб неабходнасці выплаты няўстойкі і прапанаваў заключыць пагадненне аб скасаванні дагавора.

Як расказала кіраўнік ААТ, дакументы распрацавалі, аднак у канцы 2020 года быў зменены генплан, праведзена рэканструкцыя сетак. І атрыманыя раней тэхнічныя ўмовы для праектавання аказаліся неактуальнымі. Цяпер ёсць толькі прамежкавыя ТУ, удакладніла дырэктар.

Пытанне дэталёва вывучаць. Кіраўнік вобласці дадаў: усе праекты ў горадзе праінвентарызуюць - як выконваюцца тэрміны, дагаворныя абавязацельствы. Калі выявяць парушэнні, невыкананні, дагаворы будуць скасаваны.

Гучалі ад жыхароў вобласці і станоўчыя водгукі, падзякі: у адрас старшыні Калінкавіцкага райвыканкама за правядзенне капітальнага рамонту дома, камунальнай службы раёна, абмяркоўваліся і іншыя тэмы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі