Сцяг Субота, 18 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
10 сакавіка 2023, 16:17

"Забяспечана стабільнасць на фінансавым і валютным рынку". Чарвякоў аб выніках 2022 года

10 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урадам і мясцовымі органамі прыкладзены максімальныя намаганні, каб знівеліраваць уплыў знешняга націску, заявіў журналістам міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"2022 год, безумоўна, быў складаны. Беспрэцэдэнтныя санкцыі, якія былі прыняты ў адносінах да нашай краіны, вядома, паўплывалі на развіццё эканомікі. Акрамя гэтага, кіраўніком дзяржавы былі пастаўлены дзве канкрэтныя, зразумелыя задачы: эканоміка і прадпрыемствы павінны працаваць, а насельніцтва не павінна адчуваць санкцыі. Лічу, што ўрад і органы мясцовай улады гэтыя задачы вырашылі", - сказаў Аляксандр Чарвякоў.

Па-першае, палепшыўся фінансавы стан арганізацый, адзначыў міністр. "Рэнтабельнасць па выніках года склала 8 працэнтаў. Гэта максімум за апошнія 10 гадоў. Другое - зменшылася колькасць стратных прадпрыемстваў. Знізілася даўгавая нагрузка. Урад мэтанакіравана на працягу ўсяго мінулага года адпрацоўваў пытанні павышэння даходаў насельніцтва. Заработная плата ўжо ў снежні аднавілася да ўзроўню мінулага года. Больш таго, яна нават прырасла на 0,6 працэнтнага пункта. Гэта рэальная заработная плата. У снежні рост рэальных пенсій - плюс 9 працэнтаў. Узровень - Br670. Гэта значыць, па сутнасці справы, мы ўжо ў снежні наблізілі рэальныя даходы насельніцтва да ўзроўню мінулага года, - падкрэсліў ён. - Хацеў бы адзначыць, што ў мінулым годзе мы атрымалі максімальна рэкорднае дадатнае сальда па знешнім гандлі - $4,3 млрд. Такога не было ў гісторыі. Гэта дало магчымасць нам забяспечыць стабільнасць на фінансавым і валютным рынку".

"Вы ведаеце, што эксперты пасля прыняцця санкцый ацэньвалі, што спад эканомікі Рэспублікі Беларусь будзе як мінімум на 20 працэнтаў. Па выніках года мы мелі 4,7 працэнта. Гэта сведчыць аб тым, што ўрад і мясцовыя органы ўлады, прыклалі максімальныя намаганні для таго, каб знівеліраваць уплыў знешняга націску", - канстатаваў Аляксандр Чарвякоў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі