ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Панядзелак, 28 лістапада 2022
Мінск -2°C
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
24 жніўня 2022, 16:08

Выпуск медыцынскіх пальчатак пачалі ў ААТ "СветлагорскХімвалакно"

24 жніўня, Светлагорскі раён /Кар. БЕЛТА/. У ААТ "СветлагорскХімвалакно" запушчана вытворчасць аднаразовых медыцынскіх пальчатак, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Праект па выпуску аднаразовых медыцынскіх пальчатак рэалізуецца ў адпаведнасці з даручэннем Савета Міністраў і знаходзіцца на асабістым кантролі кіраўніка дзяржавы.

Работы былі выкананы ў сціслыя тэрміны. Ад даручэння да выпуску першай партыі пальчатак прайшло крыху больш за год. Запушчаны дзве вытворчыя лініі 114 м даўжынёй і каля 9,5 м вышынёй кожная, створана неабходная інфраструктура. Новая вытворчасць дала магчымасць стварыць больш за 100 рабочых месцаў. Персанал паспяхова прайшоў падрыхтоўку.

Намеснік галоўнага інжынера па тэхнічным пераўзбраенні Сяргей Ушак растлумачыў, што абсталяванне было набыта ў Кітаі. "У еўрапейскіх краінах падобныя лініі не вырабляюць. Мы праводзілі маркетынгавыя даследаванні: на гэтым спецыялізуюцца толькі Кітай і Малайзія. У выбары мы не памыліліся. Ёсць усе магчымасці для выпуску высакаякаснай прадукцыі. Прадукцыйнасць па нітрыльных пальчатках - 300 тыс. штук за суткі і 200 тыс. штук - па латэксных. Па сутнасці, гэта дзве тэхналогіі вытворчасці: выпуск нітрыльных і латэксных пальчатак. Тэхналогіі падобныя, але таксама маюць значныя адрозненні як у падрыхтоўцы хімічных раствораў, так і ў працэсах на лініі. Асноўная задача - правільна вырабіць латэксную сумесь, каб яна адпаведным чынам выспела і з яе можна было атрымаць якасныя пальчаткі. Таксама вельмі важна вытрымліваць тэхналагічныя параметры", - растлумачыў ён.

Першыя прамысловыя экзэмпляры беларускіх медыцынскіх пальчатак былі атрыманы ў сакавіку. Цяпер на стадыі сертыфікацыі хірургічныя пальчаткі.

Агульная вытворчая магутнасць - 100 млн пар медыцынскіх пальчатак за год. Асноўны арыенцір - імпартазамяшчэнне і задавальненне патрэбнасцей медустаноў. "Наша галоўная задача - поўнае забеспячэнне пальчаткамі ўстаноў аховы здароўя нашай краіны, унутранага камерцыйнага рынку, а таксама стварэнне стратэгічнага запасу. Далей прапрацоўваем напрамкі экспартных паставак у краіны ЕАЭС", - расказаў намеснік генеральнага дырэктара па камерцыйных пытаннях Мікалай Ганжа.

Раней каля 70 працэнтаў такой прадукцыі імпартавалі з Малайзіі, частку з Кітая і іншых краін. Цяпер на прадпрыемстве працуюць над максімальным імпартазамяшчэннем вытворчасці. Так, каля 25 працэнтаў кампанентаў будуць замешчаны айчыннай сыравінай.

За працэсам вытворчасці пальчатак з нітрылу і натуральнага латэксу маглі паназіраць прадстаўнікі сферы аховы здароўя, а таксама масмедыя. На прадпрыемстве падкрэсліваюць, што заўсёды адкрыты для прапаноў і рэкамендацый ад сферы аховы здароўя.

Першыя водгукі аб прадукцыі паступілі ўжо ад прадстаўнікоў б'юці-сферы, якая аказвае касметалагічныя і цырульніцкія паслугі. У абсалютнай большасці яны станоўчыя.

ААТ "СветлагорскХімвалакно" - адзіны ў Беларусі вытворца шырокага асартыменту нятканых матэрыялаў і будаўнічых мембран, у тым ліку прэміум-класа. Рэалізацыя інвестпраекта дае магчымасць прадпрыемству ўвайсці ў лік буйнейшых вытворцаў спанбонду ў краінах СНД.

Светлагорскае вытворчае аб'яднанне "Хімвалакно", заснаванае ў 1964 годзе, ператворана ў ААТ "СветлагорскХімвалакно" ў студзені 2012-га, з'яўляецца адным з буйнейшых прадпрыемстваў нафтахімічнай галіны. У яго склад уваходзяць завод поліэфірнай тэкстыльнай ніці і завод штучнага валакна. Шостая частка ўсёй рэалізуемай прадукцыі - інавацыйная.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі