
24 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Казахстан разглядаюць магчымасць правядзення выязной сельскагаспадарчай выстаўкі "Белагра" ў Казахстане. Аб гэтым паведаміў пасол Беларусі ў Казахстане Павел Уцюпін на анлайн-пасяджэнні беларуска-казахстанскага дзелавога савета, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На думку дыпламата, адным з важных пытанняў развіцця адносін паміж Беларуссю і Казахстанам з'яўляецца правядзенне выставак. У якім фармаце яны будуць праходзіць, паводле яго слоў, залежыць ад эпідэміялагічнай сітуацыі ў абедзвюх краінах.
"Але, на мой погляд, гэту тэму з рахунку скідаць нельга. І, наколькі я ведаю, ёсць прапанова, і пасольства Беларусі ў Казахстане ўсяляк яе падтрымлівае, аб тым, каб па магчымасці правесці ў наступным годзе выязную сельскагаспадарчую выстаўку "Белагра" ў Казахстане", - расказаў пасол.
Павел Уцюпін звярнуўся да ўдзельнікаў пасяджэння дзелавога савета з просьбай усяляк падтрымаць гэту ініцыятыву.-0-