ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Панядзелак, 3 кастрычніка 2022
Мінск +5°C
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
27 ліпеня 2022, 14:22

Уласную вытворчасць вітамінаў плануюць стварыць на базе БНБК

27 ліпеня, Пухавіцкі раён /Кар. БЕЛТА/. Асобную вытворчасць вітамінаў плануюць стварыць на базе Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі (БНБК). Аб гэтым у час наведвання карпарацыі журналістам расказаў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Леанід Заяц, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Такіх прадпрыемстваў, як БНБК, у свеце ўсяго дваццаць, і сярод іх беларускае мае свае адметныя асаблівасці. "Яно гарманічна рэалізуе інтарэсы вытворцаў збожжа і перапрацоўшчыкаў. Цяпер у краіне ствараюцца сыравінныя базы, якія ўжо ёсць у Глускім, Пухавіцкім і Бабруйскім раёнах Беларусі, а ў планах - Асіповіцкі. Маем ужо 112 тыс. га зямлі і ўвесь пералік неабходнай тэхнікі. Плануецца загрузіць гэтыя тэрыторыі магутнасцямі БНБК. Гэта цесная кааперацыя, якая паслужыць сур'ёзным эканамічным умацаваннем і сельгаспрадпрыемстваў, і створыць умовы для росту прадпрыемства", - адзначыў Леанід Заяц.

Таксама цяпер вядуцца перагаворы з кітайскімі партнёрамі аб стварэнні яшчэ адной магутнасці па вытворчасці вітамінаў на базе БНБК. "Наша краіна не вырабляе вітаміны, ды і ў свеце - гэта лічаныя прадпрыемствы. Беларусь будзе мець той прадукт, які раней імпартаваўся, а значыць - умацоўваць пазіцыі на постсавецкай прасторы, у свеце", - дадаў віцэ-прэм'ер.

На новым прадпрыемстве плануецца вырабляць вітаміны В2, В12, С. "Мы ставімся да вітамінаў як да лякарстваў, але ў некаторых краінах яны спажываюцца разам з ежай і ўжо сталі часткай штодзённага рацыёну людзей, - падкрэсліў дырэктар БНБК Данііл Урыцкі. - Цяпер праект на кітайскім баку, урад падтрымаў будаўніцтва такой магутнасці. Спадзяёмся, што гэтыя працэдуры закончацца да лета наступнага года і мы пачнём будаўніцтва такога аб'екта".

Інвестыцыйны праект "Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя" прадугледжвае арганізацыю да 2032 года вытворчасці глыбокай перапрацоўкі збожжа па сучасных метадах біятэхналогіі з атрыманнем незаменных амінакіслот для вытворчасці і выхаду на мясцовы і экспартны рынкі высокапрадукцыйных збалансаваных камбікармоў і прэміксаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі