
20 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сродкі для павышэння зарплат бюджэтнікам выдзеляць з рэзервовых фондаў мясцовых органаў улады. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 18 кастрычніка 2022 года нумар 702, якая афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.
Згодна з дакументам, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы прымуць рашэнні аб выдзяленні сродкаў з рэзервовых фондаў на фінансаванне расходаў, звязаных з дадатковым павышэннем заработнай платы (з улікам адлічэнняў на сацыяльнае страхаванне) дзяржаўным служачым, работнікам бюджэтных арганізацый і іншых арганізацый, што атрымліваюць субсідыі, работнікі якіх прыраўнаваны па аплаце працы да работнікаў бюджэтных арганізацый. Таксама гэта датычыцца грашовага забеспячэння асобам начальніцкага і радавога складу органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях.
Сродкі могуць быць выдзелены ў тым ліку шляхам перадачы міжбюджэтных трасфертаў у ніжэйшыя бюджэты.
Пастанова ўступае ў сілу з дня яе прыняцця.-0-