
17 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Трэба выпрацаваць сістэму справядлівага цэнаўтварэння. Аб гэтым заявіў першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Мікалай Снапкоў у час рабочай сустрэчы з суб'ектамі гаспадарання па пытаннях цэнаўтварэння, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Мікалай Снапкоў падзякаваў харчовым сеткам, якія, нягледзячы на ўсю складанасць сітуацыі, захавалі сацыяльны пакет, аб якім дамаўляліся ў мінулым годзе. "17 сетак удзельнічаюць у гэтай сацыяльна адказнай акцыі па прадастаўленні скідак у памеры 10 працэнтаў больш як 2,5 млн чалавек - гэта пенсіянеры, шматдзетныя, людзі з парушэннем здароўя. За мінулы перыяд прадастаўлена больш за Br23 млн такіх скідак, - сказаў ён. - Гэта яшчэ раз пацвярджае базавыя асновы ў развіцці нашага грамадства, якія сведчаць аб тым, што цана не самае галоўнае пытанне. Самае галоўнае пытанне - унутраны справядлівы парадак арганізацыі цэнаўтварэння".



Першы віцэ-прэм'ер падкрэсліў, што пытанне цэнаўтварэння - адно з фундаментальных у справядлівай экасістэме, якая выбудоўваецца ў Беларусі. "Наша сустрэча праходзіць па непасрэдным даручэнні Прэзідэнта. У сувязі з гэтым папрашу вельмі сур'ёзна, адказна і шчыра папрацаваць і сёння, і ў далейшым. Мяркую, на гэтай сустрэчы наша размова не закончыцца. Нам неабходна выпрацаваць сумесны алгарытм узаемадзеяння. Будзем і далей рэгуляваць цэны, так, як гэта адбываецца сёння ў адпаведнасці з пастановай нумар 713 (2), або разам дамовімся, выпрацуем канкрэтны механізм, які дазволіць працаваць усім прыбыткова і забяспечваць рацыянальную, справядлівую цану на паліцы. Гэта няпростая задача. Такога вопыту рэгулявання нідзе няма", - адзначыў Мікалай Снапкоў.
"Сёння нашы суседзі і калегі па ЕАЭС, краіны былога СССР пераймаюць наш вопыт. Што датычыцца рэгулявання і забеспячэння справядлівага цэнаўтварэння, то Беларусь заўсёды была ў гэтым трэндзе. Мы ніколі не аслаблялі кантроль, але ва ўмовах турбулентнасці і нявызначанасці, складанасцей і штучнага завышэння цэн рэгуляванне стала больш строгім. Амаль чатыры месяцы мы працавалі ва ўмовах пастановы нумар 713, да гэтага больш за год - ва ўмовах пастановы нумар 100", - дадаў ён.-0-