
24 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Санкцыі ў 2022 годзе непасрэдна аказвалі ўплыў на чвэрць эканомікі. Аб гэтым заявіў першы намеснік прэм'ер-міністра Мікалай Снапкоў на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мінулы год стаў выпрабаваннем на трываласць. Санкцыі непасрэдна аказвалі ўплыў на чвэрць эканомікі, ускосна - пранізвалі ўсе астатнія галіны. Сітуацыя патрабавала неадкладных, неардынарных, а недзе і рызыкоўных рашэнняў. Дзейнічалі, грунтуючыся на двух прэзідэнцкіх прынцыпах - аператыўнасць рашэнняў і кантроль за іх выкананнем", - сказаў Мікалай Снапкоў.
Фактычна ў штабным рэжыме ўрад працаваў над выкананнем дзвюх базавых задач, пастаўленых кіраўніком дзяржавы. Першае - забяспечыць устойлівую работу прадпрыемстваў. Другое - просты чалавек не павінен адчуць на сабе негатыўных наступстваў знешняга націску. "Адначасова закладвалі аснову для прадаўжэння руху наперад, для росту эканомікі і дасягнення тых задач, якія перад намі паставіў Прэзідэнт на Усебеларускім народным сходзе. Урад вельмі высока ацэньвае эфектыўнасць узаемадзеяння з парламентам па выкананні важнейшых для дзяржавы задач. Дзякуючы нашым сумесным дзеянням пад кіраўніцтвам Прэзідэнта ўдалося вырашыць складаныя пытанні мінулага года", - адзначыў першы віцэ-прэм'ер.
"У выніку, нягледзячы на першапачатковыя ацэнкі эфекту санкцыйнага ўдару для эканомікі на ўзроўні мінус 20 працэнтаў, фактычна ВУП скараціўся ў 2022 годзе на 4,7 працэнта. А ў бягучым годзе тэмпы росту ВУП аднаўляюцца. За чатыры месяцы - 99,4 працэнта да ўзроўню мінулага года. У сакавіку ўжо выйшлі на прырост 0,8 працэнта, у красавіку - 3,8 працэнта", - рэзюмаваў Мікалай Снапкоў.-0-