
27 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вытворчасць мясной прадукцыі ў Беларусі вырасла на 10 працэнтаў да аналагічнага перыяду 2022 года. Аб гэтым расказаў журналістам у час VII Міжнароднага форуму "Беларусь мясная" намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Вадзім Шагойка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Беларусі ёсць чым ганарыцца, таму што перапрацоўчая, у прыватнасці мясная, галіна дабілася значных вынікаў. Пры гэтым шмат сродкаў было ўкладзена ў мадэрнізацыю перапрацоўчых прадпрыемстваў і мясакамбінатаў. Так, за папярэдні год мясная галіна прырасла па вытворчасці больш як на чвэрць. Дадатная тэндэнцыя захоўваецца і ў гэтым годзе. У бягучым годзе вытворчасць мясной прадукцыі вырасла на 10 працэнтаў да аналагічнага перыяду 2022 года", - заявіў Вадзім Шагойка.
Ён падкрэсліў, што ў мінулым годзе Беларусь больш як на 20 працэнтаў прырасла па вытворчасці кансервавых вырабаў, вырабах з мяса, гатовых да ўжывання, а таксама каля 6 працэнтаў па каўбасах.
VII Міжнародны форум "Беларусь мясная" праходзіць у Мінску 27-28 красавіка. У час мерапрыемства кіраўнікі і галоўныя спецыялісты мясакамбінатаў і птушкафабрык абмяркуюць з вядучымі экспертамі і кіраўніцтвам галіны асноўныя рыначныя трэнды і звязаныя з імі задачы і магчымасці. Галоўныя тэмы міжнароднага форуму - бягучая сітуацыя на мясных рынках і стратэгіі будучыні, экспарт мясной прадукцыі, упаковачныя рашэнні, ноу-хау у мясным маркетынгу.-0-