
22 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мінску адбылася сустрэча старшыні Мінаблвыканкама Аляксандра Турчына з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Дзяржавы Палесціна ў Рэспубліцы Беларусь Ахмедам аль-Мадбухам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Бакі абмеркавалі развіццё супрацоўніцтва паміж Мінскай вобласцю і Палесцінай. Як расказалі ў Мінаблвыканкаме, цяпер аснову экспарту цэнтральнага рэгіёна складаюць хлеб і мучныя кандытарскія вырабы, Палесціна пастаўляе лекавыя сродкі.
"Палесціна і Мінская вобласць супрацоўнічаюць на працягу многіх гадоў. Калі гаварыць аб канкрэтных напрамках, то гэта медыцынская і сельскагаспадарчыя сферы. Тым не менш, мы маем намер пашыраць наша супрацоўніцтва як у галіне сельскай гаспадаркі, так і машынабудавання. Патэнцыял для развіцця адносін вялікі, і мы над гэтым працуем", - сказаў Ахмед Махамед аль-Мадбух. Ён дадаў, што ў Мінскай вобласці вучыцца больш за 100 студэнтаў з Палесціны, і іх колькасць расце з кожным годам.
Акрамя таго, адзначыў пасол Палесціны, у наступным годзе плануецца арганізаваць Дні культуры Палесціны ў Беларусі. "Калі будзе магчымасць, мы хацелі б зрабіць і Дні культуры Беларусі ў нас, у Палесціне. Але ў нас няма беларускага пасольства, і гэта адна з задач, якія мы хацелі б вырашыць", - падкрэсліў Ахмед Махамед аль-Мадбух.-0-