
21 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сенатары на дзясятай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу сёмага склікання адобрылі законапраект "Аб рэспубліканскім бюджэце на 2023 год", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У 2023 годзе даходы рэспубліканскага бюджэту плануюцца ў суме Br33 362,4 млн, што на 24,6 працэнта больш, чым ацэнка паступленняў 2022 года. У структуры падатковых даходаў рэспубліканскага бюджэту традыцыйна асноўнае месца займае падатак на дабаўленую вартасць, падатковыя даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці, акцызы, падаткі на даходы і прыбытак. У 2023 годзе расходы рэспубліканскага бюджэту плануюцца ў суме Br36 536,2 млн, або 109,9 працэнта да ацэнкі 2022 года.
Прыярытэтнымі напрамкамі бюджэтнай палітыкі ў 2023 годзе застаюцца сацыяльная сфера, павышэнне дабрабыту грамадзян за кошт павелічэння памеру заработнай платы, падтрымка нацыянальнай эканомікі ў існуючых умовах. У прыватнасці, з рэспубліканскага бюджэту прадугледжваецца фінансаванне: сацыяльнай сферы - у памеры Br7 002,6 млн, у тым ліку расходаў на ахову здароўя - Br2 103,2 млн, на адукацыю - Br1 635,4 млн; сельскай гаспадаркі - Br867,2 млн, транспартнай сферы - Br228,6 млн.
Таксама ў праекце рэспубліканскага бюджэту на 2023 год прадугледжана перадача трансфертаў: бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва на агульную суму Br1934 млн (111,2 працэнта да 2022 года), мясцовым бюджэтам у агульнай суме Br7619,5 млн (110,4 працэнта да ацэнкі 2022 года), у тым ліку датацыі - Br4946,4 млн, субвенцыі - Br2673,1 млн.-0-