
16 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ўводзіцца ліцэнзаванне экспарту льновалакна. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 14 сакавіка 2023 года нумар 183, якая афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Дакументам устаноўлена, што па разавых ліцэнзіях, якія выдаюцца Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю па ўзгадненні з канцэрнам "Беллегпрам", можна вывозіць льновалакно беларускай вытворчасці ў дзяржавы - члены Еўразійскага эканамічнага саюза, а таксама ў краіны, якія не з'яўляюцца членамі ЕАЭС, пры змяшчэнні тавару пад мытную працэдуру экспарту.
Юрыдычная асоба і ІП, зацікаўленыя ў атрыманні ліцэнзіі на экспарт ільновалакна, павінны прадаставіць у канцэрн "Беллегпрам" заяву, пісьмо ў адвольнай форме з пазначэннем вытворцы льновалакна, яго наяўнасці, краіны прызначэння, умоў пастаўкі і аплаты, а таксама копію знешнегандлёвага кантракта.
Мінсельгасхарч ажыццяўляе ўзгадненне пастаўкі льновалакна на экспарт або адмаўляе ў яе ўзгадненні на працягу трох рабочых дзён з даты паступлення з канцэрна "Беллегпрам". Прычынай для адмовы можа быць невыкананне графіка пастаўкі льновалакна ў лік рэспубліканскіх дзяржаўных патрэб, адсутнасць наяўнасці заяўленага аб'ёму льновалакна або зусім адсутнасць вытворчасці.
Канцэрн "Беллегпрам" на працягу пяці рабочых дзён разглядае дакументы, якія паступілі ад зацікаўленай асобы, і пры наяўнасці пісьма Мінсельгасхарча прымае рашэнне аб узгадненні выдачы ліцэнзіі або аб адмове.
Ліцэнзаванне ўводзіцца на паўгода.-0-