Сцяг Чацвер, 13 чэрвеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
15 мая 2024, 13:20

Петрышэнка: гандаль Беларусі і Азербайджана ўносіць істотны ўклад у забеспячэнне харчовай бяспекі

15 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Узаемны гандаль Беларусі і Азербайджана інтэнсіўна развіваецца і з'яўляецца істотным укладам у забеспячэнне харчовай бяспекі дзвюх краін. Аб гэтым заявіў намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка, які прыняў удзел у адкрыцці міжнародных выставак Caspian Agro і Inter Food у Баку, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Беларусь штогод прымае самы актыўны ўдзел у выстаўках Caspian Agro і Inter Food. Беларускія кампаніі сёння прадстаўляюць мясную, малочную, кандытарскую, алкагольную прадукцыю і іншыя віды прадуктаў харчавання, а таксама ўгнаенні, хімікаты для апрацоўкі раслін, ветэрынарныя прэпараты, шырокую лінейку гатовай сельскагаспадарчай тэхнікі і шыннай прадукцыі. Узаемны гандаль Беларусі і Азербайджана харчовымі таварамі інтэнсіўна развіваецца і ўносіць істотны ўклад у забеспячэнне харчовай бяспекі дзвюх краін", - сказаў Ігар Петрышэнка.
Як падкрэсліў віцэ-прэм'ер, Беларусь традыцыйна пастаўляе ў Азербайджан значныя аб'ёмы і шырокі асартымент мясной, малочнай і іншай прадукцыі, у тым ліку ў якасці сыравіны для харчовай перапрацоўчай прамысловасці. "Сёння беларускія прадукты можна купіць у любым сеткавым супермаркеце Азербайджана, а таксама ў шасці спецыялізаваных магазінах, якія працуюць у Баку пад брэндам Belaruski. Спадзяёмся, што магазіны беларускіх прадуктаў у хуткім часе з'явяцца і ў іншых гарадах Азербайджна. У сваю чаргу ў беларускіх пакупнікоў вялікім попытам карыстаюцца азербайджанскія агародніна, фрукты, арэхі, якія не растуць ва ўмовах нашага клімату, а таксама высакаякасны азербайджанскі аліўкавы алей", - адзначыў Ігар Петрышэнка.
Віцэ-прэм'ер таксама акцэнтаваў увагу, што на адкрытай пляцоўцы выстаўкі прадстаўлена экспазіцыя беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі, якая дзякуючы сваёй надзейнасці, прастаце ў абслугоўванні і даступнай цане карыстаецца шырокай папулярнасцю як у буйных азербайджанскіх сельскагаспадарчых холдынгаў, так і фермераў. Паводле яго слоў, 70 працэнтаў трактароў, якія працуюць у Азербайджане, - гэта трактары "Беларус".
"Упэўнены, што Caspian Agro і Inter Food - 2024 стануць месцам нараджэння новых бізнес-ідэй, адкрыюць новыя магчымасці для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва на карысць нашых дружалюбных і братэрскіх народаў", - рэзюмаваў Ігар Петрышэнка.-0-

Фота Максіма Гучака.
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі